14 і 16 чэрвеня ў Вялікім тэатры Беларусі адбудзецца прэм'ера оперы "Кармэн" Жоржа Бізэ.
Без сумневу, «Кармэн» – гэта самая знакамітая французская опера. Некалькі мелодый з «Кармэн» можа наспяваць любы жыхар нашай планеты, нават далёкі ад свету класічнай музыкі. З мабільных тэлефонаў гучаць куплеты тарэадора і марш з оперы «Кармэн». А блузкі асаблівага крою даўно называюць проста – «а ля Кармэн», настолькі яркім, кідкім з'яўляецца вобраз галоўнай гераіні. У 1875 годзе, калі адбылася прэм'ера оперы, з'яўленне такой гераіні на сцэне было вельмі незвычайным і абуральным для Парыжа таго часу, цэнтра еўрапейскага свету. Вобраз цыганкі Кармэн, які прыйшоў у свет з-пад пяра навэліста Праспера Мерыме, палохаў, адштурхоўваў і адначасова прыцягваў сваёй пачуццёвасцю і анархічнай свабодай, быў увасабленнем таямніцы, спакусы.
Скандал вакол спектакля толькі распальваў цікавасць да яго гледачоў: у год прэм'еры «Кармэн» вытрымала сорак пяць прадстаўленняў. У студзені 1876 года оперу «Кармэн» убачыў Чайкоўскі. Музыка яго пакарыла і праз некаторы час былі напісаны словы, што сталі прароцкімі, пра тое, што праз дзесяць гадоў «Кармэн» будзе самай папулярнай операй у свеце. Праз паўгода пасля парыжскай прэм'еры «Кармэн» была пастаўлена ў Вене, а затым і ў іншых гарадах. Стаўленне да галоўнай гераіні, а разам з ёй і да оперы, мянялася.
У 1933 годзе менавіта з пастаноўкі «Кармэн» з легендарнай Ларысай Александроўскай у галоўнай ролі пачалася гісторыя Беларускага тэатра оперы і балета. Папулярнасць спектакля была ашаламляльнай – ён ішоў ці ледзь не кожны вечар.
Восьмую ў гісторыі тэатра сцэнічную версію оперы рыхтуюць дырыжор Андрэй Галанаў, рэжысёр Галіна Галкоўская, аўтар сцэнаграфіі і касцюмаў Ганна Контэк, хормайстар Ніна Ламановіч, балетмайстры Юлія Дзятко і Канстанцін Кузняцоў, мастак па святлу Людміла Кунаш.
Дырыжор-пастаноўшчык Андрэй Галанаў: Бізэ задумаў свой твор для тэатра Опера Комік, але ў выніку атрымалася опера, якая і па форме, і па змесце не ўпісвалася ў жанр «камічнай оперы». Канфлікт чаканняў публікі і таго, што яна ўбачыла на прэм'еры, прывёў да таго, што твор адразу не быў ацэнены, і нават прыгажосць музыкі «Кармэн» не выратавала яе ад правалу.
Поспех прыйшоў да оперы пасля таго, як Эрнэст Гіро, блізкі сябра і паплечнік Бізэ, зрабіў новую рэдакцыю, замяніўшы дыялогі музычнымі рэчытатывамі, наблізіўшы твор да класічнага разумення оперы. І стаўленне опернай публікі да «Кармэн» змянілася. Некаторыя лічаць, што любая опера адбылася, калі ў ёй ёсць хоць бы адна сапраўдная арыя, якая з часам стане вядомай. А тут цэлы набор «оперных хітоў».
Для мяне як для дырыжора адной з складанасцяў у гэтай оперы з'яўляецца яе нумарная структура. Мне бліжэй музычная форма са скразным развіццём, калі ты неадрыўна ідзеш за музычнай тканінай, без якіх-небудзь паўз. Я разумею, што тут усё апраўдана, усё спалучана з дзеяннем. Але калі сканчаецца чарговы нумар, на сцэне развіваюцца ўзаемаадносіны персанажаў ужо ў форме дыялогу, гэтыя адносіны ад цябе не залежаць, ты не можаш імі кіраваць, гэта дырыжор нехаця ператвараецца ў назіральніка і гледача да пачатку наступнага нумара.
Ппсіхалагічна спектакль для мяне дзеліцца на дзве часткі – да сцэны варажбы і пасля. Я лічу, што першы, другі акты і трэці акт да варажбы – гэта завязка, яны вырашаны кампазітарам як музычна-драматычны спектакль, нягледзячы на тое, што тут найскладаныя спевы, цудоўны музычны матэрыял. Ад сцэны варажбы пачынаецца сапраўдная «оперная гісторыя», гэта драматычны пералом спектакля. Фінал 3-га акта і ўвесь 4 акт напісаны без размоўных сцэн, гэта ўжо сапраўды опера – вялікая опера.
Рэжысёр-пастаноўшчык оперы Галіна Галкоўская: Вобраз Кармэн – неверагодна прыцягальны. Яна даўкая, гарачая. Яна ганарлівая, самадастатковая асоба, але мяне, як асобу, як жанчыну, адштурхваюць у ёй яе безразважлівасць, жаданне бязмежнай свабоды, якая патрабуе ахвяр. Яе свабода стыхійная, яна не мае межаў. Яна кажа: «Я сама сабе і бог, і д'ябал». Д'яблам у спектаклі яе часта называе Хазэ. Гэта значыць, яна часта парушае маральныя законы, якія з'яўляюцца асновай для стварэння асобы. Мне было цяжка, таму што я павінна была апраўдаць яе, а ўсе мае сімпатыі былі на баку Хазэ. Таму ўсё, пра што я буду распавядаць у спектаклі – гэта не шлях жыцця Кармэн, а шлях яе смерці. І я буду раскрываць этапы на шляху яе смерці. Там, дзе будзе смерць фізічная, там не будзе смерці духоўнай, маральнай.
Паглядзіце, якая з Кармэн адбываецца метамарфоза. Яна сцвярджала: «Кахання няма!». А з ёй гэта адбываецца. Так, не ў Хазэ яна закахалася. Але калі б яна не сустрэла Хазэ, з ёй бы гэтая метамарфоза не адбылася. У фінале Кармэн выходзіць у вясельным строі. Ад поўнага нявер'я ў каханне яна прыходзіць да пазнання кахання. Калі чалавек любіць, ён знаходзіць Бога. У гэтай пастаноўцы для мяне важная тэма веры ў Бога і яе адсутнасць.
Мне вельмі хочацца, каб наш спектакль прыносіў радасць людзям – і тым, хто над ім працуе, і тым, хто будзе яго глядзець. Я хачу прысвяціць яго усім вялікім дырыжорам, артыстам, мастакам, балетмайстрам, хормайстрам, канцэртмайстрам – вялікім творцам, якія па крупінках стваралі гэты тэатр і зрабілі яго Вялікім, дапамаглі здабыць свой твар, праславілі на ўвесь Савецкі Саюз.