Архiў навiн

Вечары ў замку Радзівілаў

З 26 па 28 чэрвеня ў Нясвіжы ў шосты раз адбыўся штогадовы фестываль "Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў"

Своеасаблівае падвядзенне творчых вынікаў сезона, цудоўны музычны уікэнд на прыродзе, значная з'ява культурнага жыцця краіны — фестываль опернага і балетнага мастацтва ў Нясвіжы для Вялікага тэатра і для беларускай публікі стаў па-сапраўднаму доўгачаканай і важнай падзеяй, любімай традыцыяй і крыніцай жыццёвага натхнення.

Штогод у велічным замку беларускіх магнатаў, дзе ў XVIII стагоддзі зарадзіўся айчынны прафесійны тэатр, калектыў Вялікага тэатра Беларусі прадстаўляе разнастайныя канцэртныя праграмы і творчыя вечары артыстаў, оперныя і балетныя спектаклі, у тым ліку прэм'ерныя.

У гэтым годзе нясвіжскі open-air пачаўся менавіта з канцэрта, які адкрыў новыя старонкі беларускай музычнай гісторыі. Асаблівае месца ў штогадовай праграме фестывалю займае музыка рэлігійнага характару. Канцэрты, якія даследуюць і раскрываюць гэты пласт нацыянальнай спадчыны, праходзяць у адным з найпрыгажэйшых касцёлаў Беларусі — касцёле Божага Цела. Творы кампазітараў Эдварда Гірдо і Антонія Радзівіла, якія прагучалі тут 26 чэрвеня, цесна звязаныя з гісторыяй гэтага сакральнага месца. Калі імя і заслугі Антонія Радзівіла — магната, палітыка, мецэната, кампазітара – шырока вядомыя, то асоба Гірдо апынулася ў фокусе ўвагі даследчыкаў не так даўно. У канцы 90-х у Нацыянальную бібліятэку Беларусі была перададзена частка нотнага архіва Нясвіжскага касцёла Божага Цела. Сярод велізарнага масіва музычных твораў розных аўтараў былі знойдзеныя рукапісы твораў Эдварда Гірдо. У перыяд паміж дзвюма сусветнымі войнамі ён служыў у касцёле арганістам і кіраўніком хору, быў значнай фігурай у музычным жыцці горада і пакінуў пасля сябе мноства цікавых твораў рэлігійнага і свецкага характару. Менавіта яго творчасць розных жанраў склала аснову канцэрта, які падрыхтаваў для адкрыцця фестывалю ў Нясвіжы харавы калектыў Вялікага тэатра пад кіраўніцтвам галоўнага хормайстра народнай артысткі Беларусі Ніны Ламановіч..

0
0
0
s2sdefault

Партнёры