З 26 па 28 чэрвеня ў Нясвіжы ў шосты раз адбыўся штогадовы фестываль "Вечары Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў"
Своеасаблівае падвядзенне творчых вынікаў сезона, цудоўны музычны уікэнд на прыродзе, значная з'ява культурнага жыцця краіны — фестываль опернага і балетнага мастацтва ў Нясвіжы для Вялікага тэатра і для беларускай публікі стаў па-сапраўднаму доўгачаканай і важнай падзеяй, любімай традыцыяй і крыніцай жыццёвага натхнення.
Штогод у велічным замку беларускіх магнатаў, дзе ў XVIII стагоддзі зарадзіўся айчынны прафесійны тэатр, калектыў Вялікага тэатра Беларусі прадстаўляе разнастайныя канцэртныя праграмы і творчыя вечары артыстаў, оперныя і балетныя спектаклі, у тым ліку прэм'ерныя.
У гэтым годзе нясвіжскі open-air пачаўся менавіта з канцэрта, які адкрыў новыя старонкі беларускай музычнай гісторыі. Асаблівае месца ў штогадовай праграме фестывалю займае музыка рэлігійнага характару. Канцэрты, якія даследуюць і раскрываюць гэты пласт нацыянальнай спадчыны, праходзяць у адным з найпрыгажэйшых касцёлаў Беларусі — касцёле Божага Цела. Творы кампазітараў Эдварда Гірдо і Антонія Радзівіла, якія прагучалі тут 26 чэрвеня, цесна звязаныя з гісторыяй гэтага сакральнага месца. Калі імя і заслугі Антонія Радзівіла — магната, палітыка, мецэната, кампазітара – шырока вядомыя, то асоба Гірдо апынулася ў фокусе ўвагі даследчыкаў не так даўно. У канцы 90-х у Нацыянальную бібліятэку Беларусі была перададзена частка нотнага архіва Нясвіжскага касцёла Божага Цела. Сярод велізарнага масіва музычных твораў розных аўтараў былі знойдзеныя рукапісы твораў Эдварда Гірдо. У перыяд паміж дзвюма сусветнымі войнамі ён служыў у касцёле арганістам і кіраўніком хору, быў значнай фігурай у музычным жыцці горада і пакінуў пасля сябе мноства цікавых твораў рэлігійнага і свецкага характару. Менавіта яго творчасць розных жанраў склала аснову канцэрта, які падрыхтаваў для адкрыцця фестывалю ў Нясвіжы харавы калектыў Вялікага тэатра пад кіраўніцтвам галоўнага хормайстра народнай артысткі Беларусі Ніны Ламановіч.
Вечар 26 чэрвеня прысвечаны балетнаму мастацтву. На галоўнай фестывальнай сцэне, якая размяшчаецца ва ўнутраным двары замка Радзівілаў, былі прадстаўлены спектаклі «Жар-птушка» І.Стравінскага і «Шехеразада» М.Рымскага-Корсакава са спадчыны легендарных «Рускіх сезонаў» Сяргея Дзягілева. Беларускія гледачы мелі магчымасць бачыць гэтыя балеты практычна ў першапачатковым выглядзе — такімі, як іх задумаў ў пачатку мінулага стагоддзя вялікі рускі харэограф Міхаіл Фокін. А сцэнаграфія выдатнага мастака, ураджэнца Беларусі Леона Бакста ўзноўлена па ягоных арыгінальных эскізах і малюнках.
Яшчэ адной добрай традыцыяй фестывалю ў Нясвіжы сталі выступленні салістаў оперы ў суправаджэнні струннага квінтэта "Серэнада". Гэты ансамбль, у які ўваходзяць музыканты сімфанічнага аркестра Вялікага тэатра, мае ў сваім рэпертуары творы розных эпох і жанраў. Новую праграму «Кахання нягучныя словы» з удзелам салісткі оперы Таццяны Траццяк і квінтэта «Серэнада» пачулі 27 чэрвеня.
Увечары 27 чэрвеня на вялікую сцэну ва ўнутраным двары замка выйшлі героі оперы «Паяцы». Прэм'ера самай вядомай оперы Руджеро Леонкавалло адбылася мінулай зімой і адкрыла яшчэ адзін традыцыйны творчы праект Вялікага тэатра Беларусі — Мінскі міжнародны Калядны оперны форум. Гісторыю вандроўнай акцёрскай трупы, у якой узнікае любоўны трохвугольнік, рэжысёр-пастаноўшчык Міхаіл Панджавідзэ перанёс у свет сучаснага тэатра. «Паяцы» — гэта тэатр у тэатры. Героі оперы вымушаныя паказваць на сцэне ўсё тое, што перажываюць у жыцці. Тут камедыя на падмостках і сапраўдная драма жыцця сплецены так, што самі акцёры ўжо не ведаюць, дзе гульня, а дзе рэальнасць. Дырыжыраваў музычнай драмай Леанкавала ў Нясвіжы запрошаны маэстра — народны артыст Азербайджана Ялчын Адыгезалаў.
28 чэрвеня ў тэатральнай зале замка Радзівілаў упершыню ў Нясвіжы былі паказаныя дзве прэм'ерныя пастаноўкі тэатра, якія ўбачылі святло рампы ў гэтым тэатральным сезоне: «Служанка-паненка» і «Капельмайстар» віртуозаў італьянскай камічнай оперы XVIII стагоддзя Джавані Пергалезі і Даменіка Чымарозы. Гэтыя кампазітары ўвайшлі ў гісторыю як майстры оперы-buffa, вясёлага музычна-тэатральнага жанру, для якога характэрныя невялікі маштаб прадстаўлення, рухомасць дзеяння і пацешныя, часта парадыйныя, сюжэты. «Служанка-паненка» Дж. Пергалезі і «Капельмайстар» Д. Чымарозы — адны з самых яркіх твораў у сваім жанры, якія спалучаюць лёгкасць і прыгажосць музычнай мовы з бліскучым італьянскім гумарам. Дырыжор — Андрэй Іваноў.
Яркім завяршэннем трохдзённага музычнага фестывалю ў замку Радзівілаў 28 чэрвеня стаў грандыёзны канцэрт зорак опернага і балетнага мастацтва, які калектыў тэатра прысвяціў 70-годдзю Вялікай Перамогі. У тэатралізаваным прадстаўленні артысты балета выканалі харэаграфію Міхаіла Фокіна, Расціслава Захарава, Уладзіміра Васільева, Валянціна Елізар'ева. У праграме канцэрта: фрагменты з балетаў «Анюта», «Шапэніяна», «Спартак», «Стварэнне свету», «Тарас Бульба».
Першае аддзяленне канцэрта завяршылася балетам «Балеро» Морыса Равеля, галоўныя партыі ў якім выканалі заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Марына Вежнавец і Антон Краўчанка.
Падчас гала-канцэрта «Вечароў Вялікага тэатра ў замку Радзівілаў» тэатр прапанаваў гледачам розных пакаленняў успомніць папулярныя і любімыя ўсімі песні і праспяваць іх разам з опернымі зоркамі. Лепшыя і любімыя песні ваенных і пасляваенных гадоў аб веры і надзеі, гераізме і ахвярнасці, мужнасці і патрыятызме, сярод якіх «Катюша», «Темная ночь», «Смуглянка», «Нам нужна одна победа», «Журавли», «Довоенный вальс», «На безымянной высоте», «На поле танки грохотали», «Синий платочек», «Три танкиста», «Дорога на Берлин», «Баллада о матери», «День Победы»... Завяршыўся канцэрт святочным феерверкам над Нясвіжам.
Рэжысёры-пастаноўшчыкі канцэрта — Міхаіл Панджавідзе, Дар'я Пататурка, дырыжор — Андрэй Іваноў.
Галоўны партнёр
Партнер проекта