Два гады таму мы перажывалі за нашага Іллю Сільчукова: барытон Вялікага тэатра дайшоў да фіналу праекта «Вялікая опера» і ўзяў «бронзу». Цяпер настаў час трымаць кулачкі за лаўрэата шматлікіх міжнародных конкурсаў – тэнара Юрыя Гарадзецкага. Восенню і зімой нас чакаюць 11 незабыўных выпускаў праграмы на тэлеканале «Расія Культура». А 24 снежня – грандыёзны фінал, у якім, як спадзяемся, прыме ўдзел і наш беларускі артыст. Дарэчы, Юра ў любым выпадку выйдзе ў гэты дзень на сцэну Маскоўскай кансерваторыі: на гала-канцэрт будуць запрошаныя ўсе артысты праекта.
Арганізатары «Вялікай оперы» гэтым разам паспрабавалі ахапіць усе тэатры на постсавецкай прасторы, таму даслалі запрашэнні ў многія нацыянальныя оперы. У тым ліку і ў Вялікі тэатр Беларусі. Тут і вырашылі: едзе Гарадзецкі.
– Так што, заставалася толькі пагадзіцца, – усміхаецца Юрый. – Што для мяне ўдзел у праекце? Забава, як і любы падобны тэлевізійны праект. Але гэта вельмі добрая і якасная забава, якая толькі папулярызуе опернае мастацтва. Ну і, вядома, прыносіць папулярнасць усім удзельнікам.
Безумоўна, у першую чаргу я патэлефанаваў Ілье Сільчукову. Ён, будучы на гастролях у Францыі, мне адказаў і вельмі ўзрадаваўся. «Нават не думай – удзельнічай!» – сказаў ён. І даў некалькі парадаў. Парэкамендаваў «не мудраваць хітра» і браць толькі вядомыя творы. Мне ўжо даслалі тэмы праграм: тут і руская / савецкая опера, і італьянская класіка, і рамансы, і праграмы, прысвечаныя Галіне Вішнеўскай, Джузэпэ Вердзі, Пятру Чайкоўскаму... Думаю, што ж узяць для перадачы, тэма якой – «Візітная картка»?.. Ні адзін мой канцэрт яшчэ не абыходзіўся без Раманса Немарына з «Любоўнага напою» Даніцэці. А з арыяй Ленскага з «Яўгена Анегіна» Чайкоўскага я дэбютаваў у тэатры 10 гадоў таму... Так што, выбраць ёсць з чаго. І галоўныя мае хваляванні звязаныя менавіта з тым, што ў рэшце рэшт на нейкіх творах трэба будзе спыніцца...
Хоць сам Юрый не будуе вялікіх планаў, не думае, ці пераможа ў гэтым праекце, мы жадаем тэнару Вялікага тэатра Беларусі ўдачы!