Архiў навiн

ПРЭМ'ЕРА ОПЕРЫ "ВЯСЕЛЛЕ ФІГАРА"

Першая прэм'ера 84-га сезона беларускага Вялікага і другое прынашэнне тэатра 260-годдзю з дня нараджэння В.А. Моцарта, якое шырока адзначаецца ва ўсім свеце – опера "Вяселле Фігара", якая ужо больш двух стагоддзяў па праве адносіцца да безумоўных оперных хітоў і ўваходзіць у першую дзясятку самых папулярных опер свету. Шэдэўр на сюжэт аднайменнай камедыі П.А. Бамаршэ адкрывае знакамітую трыяду на лібрэта Л. да Понтэ, якая ўключае таксама "Так паступаюць усе жанчыны" і "Дон Жуан", а таксама з'яўляецца адным з узораў дасканаласці, выразнасці і глыбіні жыццёвай праўды, нязменна чаруе кантыленнасцю і ўзнёсласцю знакамітых арый, віртуознасцю рэчытатываў і бліскучай вытанчанасцю аркестравых партый, увесь час выклікае цікавасць і энтузіязм новых пакаленняў пастаноўшчыкаў, выяўляе часта нечаканыя рысы аўстрыйскага майстра - не толькі геніяльнага музыканта, кампазітара, яркага паэта і драматурга, але "выбухоўніка жанраў", "разбуральніка меж" і стваральніка новай музыкі.


"Вяселле Фігара" – адна з моцартаўскіх опер, якія азначаюць эпоху "рэвалюцыі ў музычным тэатры". Дзякуючы Моцарту ў канцы XVIII стагоддзя з опернай сцэны імкліва знікалі шаблонныя персанажы традыцыйных seria і buffa і ў музыцы непараўнальнага хараства, далікатнай паветранай грацыі, нечаканага драматызму, запалу і духоўных безданяў нараджаліся новыя героі – жывыя людзі са шматграннымі і супярэчлівымі характарамі, чые арыі і рэчытатывы "поўныя такіх індывідуальных рыс, якія ў адно імгненне непаўторна асвятляюць чалавека ва ўсёй яго глыбіні…" (Х.Мерсман). "Амузыкаленыя" Моцартам бессмяротныя героі Бамаршэ ў "Вяселлі Фігара" зноў вяртаюць гледача да лавіны сціснутых у часе падзей расініеўскага "Севільскага цырульніка", калі з веданнем справы за кароткі час пляцецца неймаверная інтрыга з вяселлямі, судамі, усынаўленнем, рэўнасцю і пагадненнем і ў дынамічных сцэнах перапрананняў, пазнаванняў, ператварэнняў і містыфікацый ўяўляецца сапраўднае жыццё.


У пастановачнай групе прэм'ернага спектакля – дырыжор-пастаноўшчык Вялікага тэатра Беларусі Алег Лесун, хормайстар народная артыстка Беларусі Ніна Ламановіч, расійскія мастакі Алег Скудар (сцэнаграфія) і Вольга Ашкала (касцюмы). У спектаклі бяруць удзел вядучыя салісты оперы, артысты хору і аркестра Вялікага тэатра Беларусі. Рэжысёр-пастаноўшчык – галоўны рэжысёр маскоўскага Камернага музычнага тэатра ім. Б.А. Пакроўскага Міхаіл Кісляроў:


"У нашыя дні можна і трэба казаць пра актуальнасць музыкі Моцарта, таму што ён кажа пра вечныя праблемы. І яго музыка – сімфанічная, інструментальная, оперная – дагэтуль кранае сэрцы. Менавіта тое, што хвалюе, – сучасна і гэта, несумнеўна, пра Моцарта.
У спектаклі, які я стаўлю, атрымліваецца, што галоўным героем з'яўляецца Граф. Калі б не было яго падвойных стандартаў, не было б гэтай гісторыі. Менавіта вакол двулікасці на фоне кахання, пачуццяў, вясны, адкрытых сэрцаў, жадання адасобіцца, кахаць, быць закаханым і г.д. і будуецца ўся пастаноўка. У большасці сваім яна будзе класічнай, без модных і нечаканых знаходак. Кожны твор патрабуе свайго рашэння, і "Вяселле Фігара" не мае патрэбы ў неадэкватных рэжысёрскіх варыянтах, у ёй досыць таго, што асацыіруецца з нашым жыццём. Падвойныя стандарты ў гэтым шэрагу – бо калі двое вырашаюць правучыць трэцяга і ім гэта атрымоўваецца хоця б на сцэне, можна разлічваць на некаторае гледачовае задавальненне."



0
0
0
s2sdefault

Партнёры