8 верасня галоўную жаночую партыю ў оперы «Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава выканае ўладальніца звання лепшай спявачкі свету Надзея Кучар.
Надзея Кучар з адзнакай скончыла Мінскае музычнае вучылішча імя М.І.Глінкі па спецыяльнасці «Музыказнаўства» (2003 г.). У 2011-м годзе – Санкт-Пецярбургскую дзяржаўную кансерваторыю імя Н.А.Рымскага-Корсакава, клас сольных спеваў прафесара Тамары Навічэнкі, па класе камернага выканання займалася ў прафесара Кіры Ізотавай.
Выступала ў Тэатры оперы і балета Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі, прымала ўдзел у канцэртных праектах дырыжора Сяргея Стадлера –выконвала партыі Лючыі («Лючыя дзі Ламермур» Даніцэці), Марыі («Іван IV» Бізэ), Серафімы («Хрыстос на Алейнай гары» Бетховена), партыю сапрана ў Рэквіеме Моцарта.
У 2009 годзе Надзея Кучар дэбютавала на сцэне Міхайлаўскага тэатра ў Санкт-Пецярбургу. Выконвала партыі Віялеты ў «Травіяце» Дж.Вердзі, Прынцэсы Еўдаксіі («Жыдоўка» Галеві) і Оскара («Баль-маскарад» Вердзі). З 2012 года – салістка Пермскага акадэмічнага тэатра оперы і балета імя П.І.Чайкоўскага. Дэбютам спявачкі на пермскай сцэне стала партыя Марфы ў «Царскай нявесце». Выступала ў рэпертуарных спектаклях тэатра: Віялета («Травіята»), Фея («Сіндэрэла, або Казка пра Папялушку» Маснэ), Брыгіта («Іаланта» П.Чайкоўскага), Графіня Разіна (Le nozze di Figaro / «Вяселле Фігара» Моцарта), Алімпія («Казкі Гофмана» Афенбаха; намінацыя на прэмію «Залатая Маска – 2016"); прымала ўдзел у канцэртных выкананнях опер у 2014 годзе: Івет («Пасажырка» Вайнберга пад кіраўніцтвам дырыжора Арцёма Абашава), Мюзета («Багема» Пучыні пад кіраўніцтвам дырыжора Тэадора Курэнтзіса).
Надзея Кучар – двойчы лаўрэат Нацыянальнай тэатральнай прэміі «Залатая Маска»: за выкананне партыі Медэі ў оперы Medeamaterial (2013 года) і партыі Донны Ісабэль у сямі-оперы «Каралева індзейцаў» (2015). Лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў і фестываляў, такіх як Конкурс оперных спевакоў BBC у Кардыфе (Гран-пры; Велікабрытанія, 2015), Конкурс вакалістаў у Хертогенбосе (Гран-пры, прыз глядацкіх сімпатый, прыз імя Ераніма Босха, Нідэрланды, 2012), Міжнародны конкурс вакалістаў імя Л.П.Александроўскай (II прэмія, Рэспубліка Беларусь, 2012), Конкурс маладых оперных спевакоў памяці М.Д.Міхайлава (I прэмія, Расія, 2011), Конкурс вакалістаў Бібігуль Тулегенавай (I прэмія, Казахстан, 2007), Конкурс оперных спевакоў «Санкт-Пецярбург» (I прэмія, Расія, 2007), Фестываль духоўнай музыкі «Магутны Божа» (I прэмія, Рэспубліка Беларусь, 2006).
8 верасня вядучыя партыі ў оперы "Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава выканаюць: заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Станіслаў Трыфанаў (Брудны), заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Аксана Волкава (Любаша), лаўрэат міжнародных конкурсаў Віктар Мендзелеў (Лыкаў); лаўрэат міжнароднага конкурсу, уладальнік медаля Францыска Скарыны Андрэй Валенцій (Сабакін), заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Алег Мельнікаў (Малюта). Дырыжор – заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалай Калядка.