"Гэты вечар сапраўды можна назваць унікальным", – упэўнены аўтары праграмы Алена Таболіч і Святлана Колас-Іванова.
– Падобнага дакладна не было ў Камернай зале, – кажа лаўрэат міжнародных конкурсаў канцэртмайстар Святлана Колас-Іванова. – Тут гучалі і рамансы, і папулярныя песні ХХ стагоддзя, і аднаактовыя оперы, і класічныя творы... Але такое насычанае дзейства гледачы, упэўнена, убачаць і пачуюць ўпершыню.
Калі ў першым аддзяленні мы дакранемся да класікаў іспанскай музыкі (Мануэль дэ Фалья, Хаакін Нін, Язэп Альбеніс, Руперт Чапі), то ў другім (таксама ў выкананні нашых салістаў Наталлі Акінінай, Алены Таболіч і Аляксандра Міхнюка) – прагучаць папулярныя кампазіцыі La Paloma, Volare, Quizas. Віртуозную ігру на гітары прадэманструе малады і бязмерна таленавіты музыкант Яраслаў Макарыч. Але, як аказалася, спявак беларускага Вялікага Андрэй Кліпо таксама прафесійна грае на гітары, нават больш за тое – спявае па-іспанскі. Грэх было гэтым не скарыстацца – дуэт музыкаў абавязкова будзе ў праграме. Дарэчы, нас чакае і яшчэ адзін незвычайны дуэт: на сцэне малой залы запальныя іспанскія танцы мы ўбачым у выкананні Алены Аліпчанка, выкладчыка фламенка, і ... Алены Таболіч. Такіх цудоўных спалучэнняў самых розных талентаў артыстаў будзе ў гэты вечар нямала. Тым больш, што адчуць атмасферу сонечнай Іспаніі нам дапамогуць і Андрэй Баранаў – кантрабас, і Валерый Кардаільскі – ударныя.
Кожны твор у праграме – вельмі складанае ў тэхнічных адносінах, бо ў іспанскай музыцы кіпіць запал. Але спадзяюся, што ніякіх цяжкасцяў гледачы не заўважаць – і канцэрт атрымаецца цікавым.
– Іспанская музыка прыгожая да вар'яцтва, – працягвае сапрана беларускага Вялікага, лаўрэат міжнародных конкурсаў Алена Таболіч. – Слухаеш яе – і мурашкі па скуры бягуць! Такое адчуванне, што гэта спявае проста твая душа. Асабіста мне гэтая музыка вельмі блізкая – напэўна, таму і загарэлася ідэяй іспанскага канцэрта на беларускай сцэне. Так, праграма разнастайная і насычаная – вакал, гітары, ударныя, фламенка, раяль, кастанеты, кантрабас. Але гэты вечар быў бы няпоўны без ... паэзіі. Вершы Федэрыка Гарсія Лоркі, як і песня "О, галубка мая!" стануць той чырвонай ніткай, якая звяжа ўсе гэтыя дзейства разам.