Архiў навiн

“Чароўная музыка”

Вялікі тэатр запрашае дзяцей і бацькоў пачуць цудоўную казку і стаць удзельнікам забаўляльнай праграмы.

Роўна 20 гадоў таму ў рэпертуары Вялікага тэатра Беларусі з'явілася выдатная казка для дзяцей і дарослых - опера «Чароўная музыка». Гэтая добрая і павучальная гісторыя пра тое, як музыка цудоўным чынам зменьвае ўсё вакол, і ў першую чаргу - душу. Цяпер артысты Дзіцячага музычнага тэатра-студыі, якія калісьці выконвалі ў спектаклі ролі, быўшы дзецьмі, самі сталі бацькамі і прыводзяць ўжо сваіх дзяцей, каб вучыцца добраму, вучыцца чуць МУЗЫКУ.

Гэты спектакль быў першай операй, пастаўленай Галінай Галкоўскай як рэжысёрам-пастаноўшчыкам у Вялікім тэатры Беларусі. І вось ужо два дзесяцігоддзі опера-казка не сыходзіць з яго падмосткаў.

- Так, не верыцца, але 20 гадоў таму народны артыст Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, вядомы беларускі кампазітар Сяргей Альбертавіч Картэс (з 1991 па 2002 гады - дырэктар і мастацкі кіраўнік Вялікага тэатра Беларусі) прапанаваў мне і прыйсці ў тэатр, і зрабіць казку для дзяцей, - успамінае Галіна Леанідаўна. - Я доўга выбірала матэрыял і, нарэшце, знайшла камічную оперу Марка Мінкова, якую ён у свой час напісаў спецыяльна для маскоўскага Дзіцячага музычнага тэатра пад кіраўніцтвам легендарнай Наталлі Сац. Аднак, калі я паказала яе дырыжору-пастаноўшчыку спектакля Міхаілу Сінькевічу (цяпер - дырыжор Марыінскага тэатра), у яго ўзнікла ідэя напоўніць яе музычнымі цытатамі з іншых опер. Безумоўна, былі выкананы ўсе фармальнасці, мы патэлефанавалі Марку Мінкову, пра ўсё дамовіліся - і з тых часоў у нашай казцы-оперы можна пачуць творы і Джаакіна Расіні, і Іагана Штрауса, і Гаэтана Даніцэці, і Вольфганга Амадэя Моцарта. І трэба сказаць, што я вельмі яму ўдзячная за гэтую прапанову, так як ўключэнне такіх выдатных класічных фрагментаў дазволіла мне як рэжысёру праявіць вялікую вынаходлівасць і смеласць рашэнняў.

Мабыць, першыя рэпетыцыі гэтай казкі апынуліся для мяне самымі цяжкімі за ўсю маю пастановачную працу. У мяне за плячыма да таго часу было некалькі спектакляў, але драматычнага плана. І, вядома, праца з опернымі артыстамі была і адказная, і новая. З аднаго боку, велізарная перавага опернага артыста - яго голас, прыгажосць гучання. З іншага, каб гэтую прыгажосць голаса адчуць, неабходна ўмела выкарыстаць артыста ў мізансцэнах, каб не збіць яго дыханне. А мне трэба было ставіць казку-ОПЕРУ, а значыць, рабіць яе жывой, насычанай сцэнічным дзеяннем, танцамі, дыялогамі, прыёмамі... І першапачаткова было, вядома, няпроста: знайсці гэты баланс паміж "статыкай" і "рухам". Але артысты потым казалі, што я спрабавала ўсё растлумачыць ім максімальна дэталёва: паказала ў асобах не толькі будучых персанажаў п'есы, але і станцавала за жывых ёлачак, птушачак, бабранят і кухцікаў... Увогуле, за ўсё жывое і "нежывое" у спектаклі.

Для мяне было важна, каб маленькія гледачы суперажывалі таму, што адбываецца. І, напэўна, са-а-амае галоўнае, каб дзіця ўключылася ў дзеянне, рэальна разумеючы, што ад яго выбару залежыць жыццё маленькіх музыкантаў, Дзінь і Бома, якія трапляюць у складаныя сітуацыі ў казцы. Трэба сказаць, што мне цікава ствараць дзіцячыя спектаклі так, каб іх было цікава глядзець як маленькім, так вялікім гледачам. І калі пастаноўка разлічана на дзіцячую аўдыторыю, як пастаноўшчык, я усё роўна апелюю да ўнутранага дзіцяці, які жыве ў душы кожнага дарослага чалавека.

Сёння я ўжо дазваляю сабе прыйсці на спектакль «Чароўная музыка» і глядзець яго не з-за кулісаў, а з глядзельнай залы. Талент выканаўцаў, іх унутраная свабода і выразнае разуменьне «зерня вобразу”, культура выканання дае магчымасць з задавальненнем апускацца ў падзеі казкі. І ведаеце, як і гледачы, я захапляюся! І мне дорага, што ён па-ранейшаму жывы, нягледзячы на тое што пастаўлены дваццаць гадоў таму. Як не менш каштоўна тое, што спектакль цікавы не толькі гледачам, але і акцёрам!

12 лютага ў гонар юбілею казачнай оперы «Чароўная музыка» Марка Мінкова перад спектаклем пройдзе забаўляльная праграма для дзяцей у рамках праекта «Вялікі тэатр - дзецям». Пачатак - у 10:15.

0
0
0
s2sdefault

Партнёры