14 сакавіка гледачоў Камернай залы тэатра чакае ўнікальны вечар: упершыню за 10 гадоў існавання струннага квінтэта "Серэнада" музыкі прадставяць публіцы выключна інструментальны канцэрт. Больш за тое - Таццяна Траццяк паўстане ў не зусім звычайным вобразе: салістка беларускага Вялікага зойме месца... за раялем. Так, у гэты вечар у малой зале будзе панаваць толькі інструментальная музыка.
– Прыхільнікі "Серэнады" прывыклі слухаць наш калектыў, як правіла, у ансамблі з спевакамі. Але канцэртная дзейнасць струннага квінтэта досыць шырокая: музыкі часта іграюць на рознага роду выставах, прэзентацыях і іншых мерапрыемствах, дзякуючы якім не застаецца і долі сумнення, што артысты здольныя выступаць сольна самастойна і – галоўнае – цікава! Вось гэты прабел у творчай біяграфіі нашага калектыву мы і вырашылі папоўніць - гледачоў чакае выключна інструментальны канцэрт, - распавяла аўтар ідэі Таццяна Траццяк, уладальніца медаля Францыска Скарыны. - У вечарыне таксама возьмуць удзел музыкі, якія стануць сапраўдным яго ўпрыгожваннем. Гэта і Валерый Кардаільскі (ударныя), выдатны артыст, які знаёмы гледачам па шматлікіх праграмах Камернай залы; і Дзяніс Парэчын, які пакажа майстэрскую гульню не толькі на кларнеце, але і на саксафоне; а таксама Дзмітрый Асіпенка, дзякуючы якому ў канцэрце можна будзе пачуць бас-трамбон. Пагадзіцеся, гэта незвычайныя ансамблі для струннага квінтэта, якія нячаста гучаць у рамках аднаго вечара.
Мы назвалі канцэрт "Ад класікі да сучаснасці", і сапраўды ў канцэрце можна будзе пачуць творы шырокага часовага дыяпазону: ад усімі любімай баркаролы з "Казак Гофмана" Жака Афенбаха, цікавых твораў Эдуарда Элгара і Эжэна Базза да "Французскага квінтэта" Сцяпана Шакаряна (дзе сучасная джазавая інтанацыя пераплятаецца з класікай), "Белых начэй у Ленінградзе" Ісаака Шварца, "Каравана" Дзюка Элінгтона і нават Bee Gees. Дарэчы, Дзяніс Парэчын прадставіць п'есу ўласнага аўтарства.
Ну і мне захацелася ўспомніць сваю першую прафесію, бо пачынала я працаваць у Вялікім тэатры як канцэртмайстар оперы, – 14 сакавіка займу месца за раялем. Так што, адкрыццяў у гледачоў у гэты вечар будзе нямала.