Архiў навiн

Віншуем!

Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Аб прысуджэнні Дзяржаўных прэмій Рэспублікі Беларусь 2016 года" ў галіне літаратуры, мастацтва і архітэктуры прэмія прысуджана калектыву супрацоўнікаў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі ў асобе Аксаны Волкавай, Анастасіі Масквіной, Станіслава Трыфанава, Сяргея Франкоўскага, Ніны Ламановіч, Аляксандра Касцючэнка за значныя творчыя дасягненні ў развіцці музычнага мастацтва, прапаганду духоўных каштоўнасцей і значны асабісты ўклад у пастаноўку опернага спектакля на музыку Дзмітрыя Смольскага "Сівая легенда" паводле твора Уладзіміра Караткевіча.


Прэм'ера оперы "Сівая легенда» адбылася 9 верасня 2012 года і адкрыла юбілейны, 80-ы сезон Вялікага тэатра Беларусі.

Прызнаны шэдэўр нацыянальнай оперы, 1-я рэдакцыя якога была пастаўлена тэатрам у 1978 годзе і стала падзеяй культурнага жыцця нашай краіны, да гэтага часу натхняе на новыя трактоўкі і чытанні, у якіх кожны з пастаноўшчыкаў імкнецца раскрыць уласныя тэмы і ідэі.

Лібрэта оперы належыць класіку беларускай літаратуры, лаўрэату Дзяржаўнай прэміі Беларусі Уладзіміру Караткевічу, які перапрацаваў для сцэны аднайменную аповесць. Музыка напісана народным артыстам Беларусі, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі Беларусі Дзмітрыем Смольскім. Дырыжор-пастаноўшчык – заслужаны артыст Украіны Віктар Пласкіна, рэжысёр-пастаноўшчык – уладальнік медаля Францыска Скарыны Міхаіл Панджавідзе, мастак-пастаноўшчык – уладальнік медаля Францыска Скарыны Аляксандр Касцючэнка, хормайстар-пастаноўшчык – галоўны хормайстар тэатра народная артыстка Беларусі Ніна Ламановіч.

 

За асаблівы ўклад у працу над операй «Сівая легенда» на суісканне Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь калектывам Вялікага тэатра Беларусі былі вылучаныя: уладальнік медаля Францыска Скарыны Аляксандр Касцючэнка (мастак-пастаноўшчык), народная артыстка Беларусі Ніна Ламановіч (хормайстар-пастаноўшчык), салісты оперы заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Аксана Волкава (за выкананне партыі Любкі), народная артыстка Беларусі Настасся Масквіна (за выкананне партыі Ірыны), заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Станіслаў Трыфанаў (за выкананне партыі Кізгайлы), народны артыст Беларусі Сяргей Франкоўскі (за выкананне партыі Рамана).



Оперны спектакль «Сівая легенда» – найбольш яркі музычна-сцэнічны твор на тэму з гісторыі нашай краіны, відовішчная пастаноўка, дастойная ўвайсці ў залаты фонд сучаснага тэатральнага мастацтва.

Творчая грамадскасць і крытыка высока ацанілі новы спектакль. У студзені 2013 г. калектыў Вялікага тэатра Беларусі ўдастоены спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва за значныя дасягненні ў развіцці беларускага тэатральнага і музычнага мастацтва, пастаноўку оперы «Сівая легенда» Дз.Смольскага.

Вядомы расійскі музычны крытык Аляксандр Матусевіч адзначаў: «Гэта сапраўдны поспех тэатра, гэта рэдкі па сваёй цэльнасці і гарманічнасці ўзор опернага, музычна-тэатральнага мастацтва: па ўсім відаць, што ў працу ўкладзена шмат – уменне, майстэрства, душы...  Адзіны шлях правільны: толькі так і можна ставіць нацыянальную беларускую оперу, з тым, каб лепшыя яе ўзоры, нарэшце, і, спадзяюся, назаўсёды заваявалі сэрцы беларускіх аматараў музыкі, а, можа быць, і выйшлі на шырокую міжнародную дарогу».

Іншыя водгукі крытыкаў:

«Сівая легенда» – спектакль мастацка суцэльны. Ён успрымаецца на адзіным дыханні. Ён не метафарычны, хутчэй за натуралістычны, нават брутальны, шмат у чым створаны па законах кіно – з буйнымі і далёкімі планамі, наплывамі, глыбінёй выкарыстанага прасторы. Вельмі важная рыса гэтай пастаноўкі – дапаўняюць адзін аднаго ўзаемаадносіны відэашэрагу і музычнага матэрыялу, партытуры, гукавога рашэння» (Алена Траццякова, Расія).

«Тут было ўсё – ідэальная музычная частка, выдатныя прыродныя вакальныя дадзеныя, добрая акцёрская гульня, цудоўная пластыка. Гэта выканаўцы вельмі высокага ўзроўню і Беларусь можа імі ганарыцца. Як, зрэшты, і тым, што яны задзейнічаны ў нацыянальнай пастаноўцы» (Любоў Марозава, Украіна).

«Канфлікт Кізгайлы з Раманам пачынаецца як канфлікт бытавы, воляю абставін ён ператвараецца ў канфлікт сацыяльны: моцныя характары пры сутыкненнях інтарэсаў выклікаюць напружаныя сітуацыі, канфліктныя падзеі. Прэм'ера "Сівой легенды" зрабілася яркай i маштабнай падзеяй нашага культурнага жыцця. Яна выклікала ўсплёск новай цікавасці да твораў Караткевіча, прымусіла вярнуцца да ix i перачытаць. Даўно не было ў нас опернага спектакля, які з такой экспрэсіўнасцю ўзнаўляў бы падзеі трагічнай i пакручастай гісторыі Беларусі, прымушаў так моцна спачуваць героям, гараваць над ix лёсамі, ганарыцца i захапляцца імі...» (Таццяна Мушынская, Беларусь).

Шчыра віншуем з высокай узнагародай, жадаем моцнага здароўя, радасці ў жыцці і творчасці і невычэрпнага натхнення для ўвасаблення новых творчых ідэй на карысць нацыянальнага мастацтва!

0
0
0
s2sdefault

Партнёры