Архiў навiн

Прэм'ера оперы «Сельскі гонар»

30 красавіка адбылася прэм'ера оперы "Сельскі гонар", вядучыя партыі выканалі: народная артыстка Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Ніна Шарубіна (Сантуца), народны артыст Беларусі, уладальнік ордэна Францыска Скарыны, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Сяргей Франкоўскі (Турыду), народны артыст Беларусі, уладальнік ордэна Францыска Скарыны Уладзімір Пятроў (Альфіа), лаўрэат міжнароднага конкурсу Крыскенція Стасенка (Лола), Марына Аксёнцава (Лючыя). Дырыжор-пастаноўшчык – заслужаны артыст Украіны Віктар Пласкіна, рэжысёр-пастаноўшчык – уладальнік медаля Францыска Скарыны Міхаіл Панджавідзе, хормайстар-пастаноўшчык – народная артыстка Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Ніна Ламановіч, мастак-пастаноўшчык – лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Аляксандр Касцючэнка, мастак па касцюмах – Кацярына Шымановіч, мастак па святлу – Людміла Кунаш.

Опера «Сельскі гонар» – яркі прыклад музычнага накірунку верызм (vero па-італьянску азначае «праўдзівы»), самымі вядомымі прадстаўнікамі якога былі кампазітары Джакама Пучыні, Руджэра Леанкавала і П'етра Масканьі. Яны імкнуліся перадаць у сваіх творах жыццё сучаснага ім італьянскага грамадства, уздымалі вострыя сацыяльныя пытанні, стараліся адлюстраваць усю глыбіню чалавечых пачуццяў.

П'етра Масканьі напісаў «Сельскі гонар» для конкурсу, абвешчанага ў 1888 годзе буйным міланскім выдавецтвам. Па ўмовах тры лепшыя аднаактовыя оперы павінны былі быць пастаўлены ў Рыме за кошт арганізатараў. 17 мая 1890 года ў тэатры «Кастанцы» ў Рыме, адбылася прэм'ера оперы «Сельскі гонар», якая перамагла ў конкурсе і прайшла з трыумфальным поспехам. Неўзабаве опера прагучала ў многіх краінах свету, што садзейнічала распаўсюджванню прынцыпаў верызму.

Чароўная з першых тактаў музыка, яркія, запамінальныя мелодыі, драматычная глыбіня і экспрэсія вызначылі жыццёвы лёс твора, які прынёс Масканьі сусветную вядомасць. Опера карыстаецца велізарнай папулярнасцю ў нашы дні.

На сцэне беларускага Вялікага тэатра «Сельскі гонар» ставіцца ў чацвёрты раз, папярэднія адбыліся ў 1973, 1996, 2007 гг. Цікава, што знакамітая спявачка Алена Абразцова ў 1979 годзе выканала партыю Сантуцы ў оперы "Сельскі гонар" Масканьі на сцэне беларускага тэатра оперы і балета.

Па словах дырыжора-пастаноўшчыка Віктара Пласкіны, «Сельскі гонар» П'етра Масканьі даўно ўвайшоў ў "залаты" оперны рэпертуар. Яна больш за сто гадоў з поспехам ідзе ва ўсіх тэатрах свету – і ў гэтым ацэнка значнасці дадзенага твора».

Рэжысёр Міхаіл Панджавідзе лічыць, што «гэта гісторыя, якая апавядае пра ўзаемаадносіны чалавека і грамадства, пра тое, як уся векавая мяшчанская мудрасць у пэўныя перыяды гісторыі пачынае здабывацца і ператварацца ў нейкія дэвізы. Гэта найглыбейшы сюжэт, пасхальная гісторыя пра каханне, здраду і ахвяру, у якой прысутнічае чалавек, які пратэстуе, які бачыць хлусню і падвойную мараль людзей, якія спачатку моляцца, а потым грашаць. Але для таго каб змагацца з падвойнымі стандартамі, трэба самому іх не дапускаць».

Хормайстар Ніна Ламановіч падкрэслівае, што «Сельскі гонар» лічыцца па праве адной з самых «харавых» опер у гісторыі музыкі. Харавыя эпізоды ў гэтым творы П'етра Масканьі адрозніваюцца меладызмам і ўяўляюць духоўную і народную музыку, разнастайную па рытму, тэмбру, дынаміцы».

Мастак-сцэнограф Аляксандр Касцючэнка распавядае, што "ў спектаклі шмат святла. І адначасова з дапамогай сродкаў сцэнаграфіі аўтары пастараліся падкрэсліць усю ступень трагізму узаемаадносін герояў і падзей, якія адбываюцца па сюжэце падзей".

СМІ пра прэм'еру:

"Сельскі гонар". Прэм'ера ў Вялікім. Рэпартаж Іны Пілевіч для "Панарамы" ("Беларусь 1")

"Беларусь 1": Гэтая опера гучыць у культавай гангстарскай драме "Хросны бацька", а ў гонар аднаго з яе персанажаў нават названы астэроід! Вялікі тэатр Беларусі ставіць легендарны "Сельскую гонар" італьянскага кампазітара П'етра Масканьі

"Мінск-Навіны": Вялікі тэатр рыхтуе прэм'еру оперы "Сельскі гонар". Рэпартаж з рэпетыцыі

"Беларусь 1": Вялікі тэатр Беларусі рыхтуе адразу дзве гучныя прэм'еры гэтага сезону – оперу і балет

"Вячэрні Мінск" аб прэм'еры, якая рыхтуецца

 

 

 

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры