Архiў навiн

Запрошаныя зоркі ў оперы «Турандот»

11 мая спектакль «Турандот» Дж.Пучыні парадуе беларускіх меламанаў сустрэчай з выдатнымі Ахмедам Агадзі і Жупар Габдулінай, якія выканаюць галоўныя партыі ў шэдэўры маэстра Пучыні.

Заслужаны артыст Расіі, народны артыст Татарстана, уладальнік тэатральнай прэміі «Залатая маска» Ахмед Агаддзі - жаданы госць і ўлюбёнец беларускай публікі. Сцэна беларускага Вялікага для яго - амаль родная, бо ўжо неаднаразова артыст выконваў тут вядучыя партыі ў пастаноўках сусветных оперных шэдэўраў: Радамеса ў грандыёзнай «Аідзе» Дж.Вердзі, Вадэмона ў рамантычнай оперы «Іаланта» П.Чайкоўскага, Каварадосі ў «Тосцы» Дж.Пучыні, а таксама двойчы бліскаў у вобразе прынца Калафа ў спектаклі «Турандот» Мінскага міжнароднага Каляднага опернага форуму ў снежні (2013/2016 г.г.).

Ахмед Агадзі скончыў Маскоўскую дзяржаўную кансерваторыю імя П.І.Чайкоўскага (клас прафесара Я.Г.Кібкала). У 1993 годзе быў залічаны ў трупу маскоўскага Музычнага тэатра імя К.С.Станіслаўскага і У.І.Неміровіча-Данчанкі. За адзінаццаць гадоў працы на сцэне гэтага тэатра выканаў партыі Баяна («Руслан і Людміла» М.Глінкі), Ленскага («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Моцарта («Моцарт і Сальеры» М.Рымскага-Корсакава), Маладога цыгана («Алека» С.Рахманінава), Дона Антоніо («Заручыны ў манастыры» С.Пракоф’еў), граф Альмавіва («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Немарына («Любоўны напой» Г.Даніцэці), Арлекіна («Паяцы» Р.Леанкавала, Рудольфа («Багема» Дж.Пучыні), Пінкертон («Мадам Батэрфляй» Дж.Пучыні), Каварадосі («Тоска» Дж.Пучыні), Фаўста ( «Фаўст» Ш.Гуно) і Альфрэда («Лятучая мыш» І.Штраўс).

З 2005 года Ахмед Агадзі - саліст опернай трупы Марыінскага тэатра. На сцэне знакамітай «Марыінкі» бліскучы тэнар выконвае ўвесь італьянскі рэпертуар: Вердзі, Пучыні, Даніцэці. Артыст пастаянна гастралюе, выступаў на лепшых сцэнічных пляцоўках свету: у Амстэрдамскай оперы, Дацкай Каралеўскай оперы, Будапешцкай оперы, Страсбургскай оперы, Тэатры Калон у Буэнас-Айрэсе. Прымаў удзел у оперным фестывалі ў Бадэн-Бадэне, дзе пад кіраўніцтвам Валерыя Гергіева выканаў партыі Пінкертон («Мадам Батэрфляй» Дж.Пучыні) і Рудольфа («Багема» Дж.Пучыні). «Драматычна, рамантычны, душэўны і выдатна выглядае на сцэне», - так ахарактарызаваў Ахмеда Агаддзі заснавальнік Опернага фестывалю ў Сігулдзе Дайніс Калнс. «Ахмед Агаддзі валодае тэхнічным, рэдкай прыгажосці і рухомасці голасам», - піша газета «Камерсант».



Галоўную жаночую партыю ў трагічнай казцы Дж.Пучыні выканае прыма тэатра «Астана Опера» заслужаны дзеяч Казахстана Жупар Габдуліна. Выканаўца ўжо вядомая беларускім меламанам: у цякучым тэатральным сезоне яна выходзіла на сцэну Вялікага тэатра Беларусі ў партыі Аіды з аднайменнага шэдэўра Дж.Вердзі. Дарэчы, гэтую партыю можна назваць кароннай ў рэпертуары спявачкі: у 2013 годзе на міжнародным оперным фестывалі «Дж. Вердзі - 200 гадоў» Жупар Габдуліна заваявала публіку пранікнёным выкананнем музычнага тэксту і майстэрствам перадачы вобраза гераіні.

Жупар Габдуліна - выпускніца Казахскай Нацыянальнай кансерваторыі імя Курмангазы па спецыяльнасці «Сольны спеў». З 2007 года - салістка оперы Казахскага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета імя Абая, з 2013-га - вядучая салістка тэатра «Астана Опера».

У рэпертуары спявачкі партыі ў спектаклях: «Трубадур» Дж. Вердзі (Леанора), «Атыла» Дж. Вердзі (Адабелла), «Баль-маскарад» Дж.Вердзі (Амелія), «Турандот» Дж.Пучыні (Турандот), «Паяцы» Р.Леанкавала (Недда), «Пікавая дама» П.Чайкоўскага (Ліза), «Біржан-Сара» Мукана Тулебаева (Сара, Алтынай), «Абай» Ахмета Жубанава (Ажар), «Ер Таргын» Е.Брусілоўскага (Дана) і іншыя. Жупар Габдуліна - лаўрэат рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, лаўрэат Дзяржаўнай маладзёжнай прэміі «Дарын», уладальніца Гранта і лаўрэат фонду Першага Прэзідэнта Рэспублікі Казахстан - Лідэра Нацыі.

Уладальніца выдатнага голасу шырокага дыяпазону Жупар Габдуліна нязменна пакарае публіку. Яе прыгожае лірыка-драматычнае сапрана не пакідае гледача абыякавым. «Пацалаваная Богам» - так называюць Жупар Габдуліну аўтары захопленых крытычных артыкулаў...

 

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры