Архiў навiн

Таміна – Аляксандр Міхнюк

 

 

Сусветна прызнаны шэдэўр Вольфганга Амадэя Моцарта – опера «Чароўная флейта» чакае гледачоў Вялікага тэатра Беларусі 9 чэрвеня. Захапляльныя прыгоды Прынца Таміна сталі яшчэ больш займальнымі дзякуючы міжнароднай пастановачнай групе, узначаліў якую аўстрыйскі рэжысёр Ханс-Ёахім Фрай. Мабыць, такую оперу яшчэ не бачыў сталічны глядач. Амазонкі і гномы, драконы і пачвары – усе гэтыя персанажы ажылі на сцэне беларускага Вялікага 30 сакавіка гэтага года.

Увечары 9 чэрвеня нас чакае цудоўны склад выканаўцаў: Царыцу ночы віртуозна праспявае заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Алена Шведава, далікатную Паміну – Ірына Кучынская, пацешнага Папагена і яго выбранніцу Папагену – Сяргей Лазарэвіч і Алена Таболіч, велічнага Зарастра – Дзмітрый Трафімук, у вобразе моцных амазонак (трох Дам) выйдуць Ганна Гур'ева, Алена Золава і Кацярына Міхнавец, зласлівага Манастатаса сыграе Юрый Балацько, ролі Прамоўца, Жрацоў і Воінаў дасталіся Дзянісу Янцавічу, Аляксандру Жукаву і Андрэю Сялюціну, трох Хлопчыкаў – Іне Русіноўскай (першае выкананне), Таццяне Сільчуковай і Вользе Маліноўскай.

Складаную партыю Таміна ўпершыню на сцэне Вялікага тэатра Беларусі праспявае Аляксандр Міхнюк. Здаецца, зусім нядаўна ён скончыў Акадэмію музыкі, у 2015 годзе, але ўжо спадабаўся нашаму гледачу ў вобразах Імператара і Прынца Персіі (“Турандот” Джакама Пучыні, Ленскага («Яўген Анегін» Пятра Чайкоўскага), Малькальма («Макбэт» Джузэпэ Вердзі), Лыкава («Царская нявеста» Мікалая Рымскага-Корсакава). А хлапчукі і дзяўчынкі напэўна памятаюць, як Аляксандр Міхнюк сыграў Папугая ў дзіцячай оперы Марыны Марозавай «Доктар Айбаліт».

Маладога беларускага тэнара не раз адзначалі на міжнародных конкурсах. У 2014-м ён стаў дыпламантам міжнароднага конкурсу камернага спева імя Г. Свірыдава, а ў канцы 2016-га Аляксандр Міхнюк пад апладысменты ўсёй глядацкай залы Вялікага тэатра стаў лаўрэатам 2-й прэміі Трэцяга Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў.
Застаецца дадаць, што за дырыжорскім пультам 9 чэрвеня будзе стаяць маэстра Іван Касцяхін.

0
0
0
s2sdefault

Партнёры