- Ідэя гэтага канцэрта прыйшла да нашай першай скрыпкі, заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь, канцэртмайстара аркестра Рэгіны Саркісавай, - распавядае загадчык трупы аркестра Дзмітрый Гарбачук. - Але галоўнае, яна адразу ж знайшла падтрымку ў музыкаў. Кожны артыст захацеў прыняць удзел у канцэрце і выканаць свае любімыя творы. Безумоўна, фізічна гэта зрабіць немагчыма. Таму абяцаю, што падобныя вечары будзем рабіць рэгулярна - на радасць публіцы і, вядома, самім музыкам. А ў нас салісты не проста добрыя - лепшыя! Кожны - сапраўдная зорка!
Наогул, падобныя выступы салістаў - гэта сусветная практыка, якая толькі павышае ўзровень прафесійнага развіцця самога музыкі. Заўсёды неабходна шукаць і спрабаваць новыя формы! Ведаць рэпертуар тэатра і падтрымліваць форму - гэта адно. Але артысту аркестра неабходныя і канцэртныя выступленні, прычым на самых розных пляцоўках - ад арэн да камерных залаў.
29 кастрычніка гледачы пачуюць скрыпку, альт, віяланчэль, флейту, фагот, трубу, валторну, трамбон, арфу - практычна ўвесь «арсенал» інструментаў. Гэта будуць і сольныя нумары, і дуэты, і квартэты, і ансамбль ударных. С. Рахманінаў, Дж. Гершвін, М. Машкоўскі, П. Чайкоўскі, Д. Шастаковіч, М. Мусаргскі, И.-С. Бах - музыка прагучыць самая розная. Нават не сумняваюся, што канцэрт спадабаецца публіцы.
І вельмі хочацца, каб глядач сышоў з тэатра не з пачуццём перасыці, а з пачуццём лёгкага голаду. Каб яму захацелася вярнуцца і паслухаць музыкаў яшчэ раз - ужо з іншай праграмай. Так што кропку мы не ставім.
Застаецца дадаць, што вядучым канцэрта салістаў аркестра Вялікага тэатра Беларусі будзе лаўрэат міжнародных конкурсаў Аляксей Фралоў.