Архiў навiн

Вацлаў – Эван Капітэн

 

4 лістапада на сцэне Вялікага тэатра Беларусі – балет Барыса Асафьева «Бахчысарайскі фантан» па матывах паэмы Аляксандра Пушкіна. Жорсткі хан Гірэй бясчынствуе ў Польшчы. Падчас аднаго з набегаў яму і яго войску ўдаецца ўзяць замак, у якім адзначалі дзень нараджэння князёўны Марыі. Татары забіваюць усіх, у жывых застаецца толькі адна Марыя, у якую хан улюбляецца да непрытомнасці... У гэты вечар трагічную гісторыю кахання вам раскажуць: Ганна Фокіна (Марыя), Эван Капітэн (Вацлаў), Марына Вежнавец (Зарэма), Мікіта Шуба (Нуралі) , Ягор Азаркевіч (Гірэй). За дырыжорскім пультам – маэстра Мікалай Калядка.

Упершыню партыю Вацлава выканае Эван Капітэн. Саліст беларускага балета – француз па паходжанні. «Шмат каму цяжка пакінуць сям'ю і сяброў, але я па натуры трохі авантурыст, люблю падарожнічаць, – кажа Эван. – Нарадзіўся ў Тулузе, жыў у Парыжы, а цяпер мой дом тут, у Мінску... У дзяцінстве займаўся фехтаваннем, верхавой яздой і не ведаў, кім буду, калі вырасту. Часта глядзеў балет па тэлевізары, і мама параіла запісацца ў танцавальную студыю. Мне так спадабалася, што ўсё астатняе адышло на другі план. Далей хацеў вучыцца рускай тэхніцы, таму што лічу яе самай лепшай у свеце. Па радзе знаёмага, які скончыў Беларускі харэаграфічны каледж, я прыехаў у Мінск. (Дарэчы, там жа вучылася малодшая сястра Эвана. Зараз Пэрл – артыстка балета Вялікага тэатра Беларусі.) У Вялікім тэатры Беларусі да мяне ўважліва ставяцца. Не думаў, што пачну так хутка атрымліваць ролі: французскага амбасадара ў «Вітаўце», Парыса ў «Рамэа і Джульеце» і іншыя. Мару сыграць Базыля з «Дон Кіхота», Алі з «Карсара». Мне заўсёды казалі, што буду танцаваць прынцаў. Усё з-за маёй мяккай знешнасці. А мне б хацелася спрабаваць рознае. Асабліва прыцягваюць энергічныя, моцныя характары. Сам жа я спакойны і сур'ёзны...»
Якім атрымаецца малады Вацлаў ў выкананні Эвана Капітэна, ўбачым 4 лістапада. У Вялікім тэатры Беларусі.

Жадаем нашаму салісту поспехаў, кветак і грому апладысментаў!

0
0
0
s2sdefault

Партнёры