Архiў навiн

Прыз ад гледачоў

 

 

Вырашыць, хто з фіналістаў Каляднага конкурсу варты Прыза глядацкіх сімпатый, вы зможаце 20 снежня.

Засталося менш за тыдзень да фіналу IV Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў. На вялікай сцэне тэатра сапраўднае свята музыкі разгорнецца 20 снежня. У першых двух аддзяленнях гледачы ўбачаць сцэны з самых вядомых і папулярных опер класічнага рэпертуару. 10-ці фіналістам Каляднага конкурсу будуць дапамагаць перамагаць зоркі беларускага Вялікага. А вось у трэцім аддзяленні на сцэну выйдуць маладыя артысты тэатра, якія не па чутках ведаюць, што такое конкурсы: за іх плячыма іх нямала. Такім чынам, пакуль журы будзе раіцца, вы зможаце пачуць любімых выканаўцаў з выдатнымі нумарамі. Ірына Кучынская, Таццяна Гаўрылава, Марыя Шабуня, Кацярына Міхнавец, Маргарыта Ляўчук, Аляксандр Міхнюк, Анатоль Сіўко і наш госць з Азербайджана контратэнар Ільхам Назараў праспяваюць арыі і дуэты з опер «Дон Паскуале» Г. Даніцэці, «Вэртэр» Ж. Массне, «Фаўст» Ш. Гуно,«Іаланта» П. Чайкоўскага, «Самсон і Даліла» К. Сэн-Санса, «Рынальда»Г.-Ф. Гендэля, «Алека» С. Рахманінава, «Кандыд» Л. Бэрнстайна, «Дон Жуан» В.-А. Моцарта. За дырыжорскім пультам увесь вечар два цудоўных маэстра Вялікага тэатра – Алег Лясун і Іван Касцяхін.

Сябры, калі вы прыйдзеце на гала-паказ, то станеце сведкамі нараджэння новай опернай зоркі. Дарэчы, не толькі члены журы, але і вы, гледачы, зможаце паўплываць на выбар лепшага з лепшых: 20 снежня будзе ўручаны і Прыз глядацкіх сімпатый па выніках вашага галасавання падчас антракту. А гэты прыз, паверце, даражэй усялякіх Гран-пры! Такім чынам, чакаем ўсіх 20 снежня ў Вялікім тэатры Беларусі!

 

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры