Архiў навiн

«Сусвет Дзмітрыя Смольскага»

 

10 кастрычніка нас чакае знакавы вечар – канцэрт «Сусвет Дзмітрыя Смольскага», прысвечаны памяці легендарнага беларускага кампазітара. «Сыходзіць эпоха, і нам застаецца толькі шкадаваць аб гэтым, – кажа аўтар праграмы канцэртмайстар Ірына Целяпнёва. – Але, на шчасце, застаюцца геніяльныя творы...» Менавіта яны і прагучаць са сцэны Камернай залы.

***
Дыпламант міжнародных конкурсаў і фестываляў Ірына Целяпнёва: «Я ўдзячная ўсім нашым выдатным салістам, якія з такой цеплынёй адгукнуліся на запрашэнне прыняць удзел у канцэрце 10 кастрычніка. Арыю Ірыны з «Сівой легенды», якая нікога не зможа пакінуць абыякавай, праспявае Таццяна Пятрова. Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Аксана Якушэвіч выканае арыю Любкі з гэтай жа оперы. Вакальны цыкл «Матыў Гейнэ» – народны артыст Беларусі Уладзімір Пятроў. Вакальны цыкл на вершы Барыса Пастарнака – Ілля Сільчукоў. «Іспанскі трыпціх» на словы Федэрыка Гарсіа Лоркі – Наталля Акініна, твор на вершы Элаізы Пашкевіч – Святлана Марусевіч. Араторыю «Паэт» прадставіць народны артыст Беларусі Сяргей Франкоўскі. Хрэстаматыйную народную песню «Кацілася чорна галка...» ў апрацоўцы Дзмітрыя Смольскага выканае заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Алена Сало.

Алена Золава праспявае ўнікальны раманс «Знак бяды». У 2011 годзе на Міжнародным конкурсе вакалістаў імя Б. Штокалава ў Санкт-Пецярбургу Алена заваявала Другую прэмію і Спецыяльны дыплом – за лепшае выкананне твора сучаснага кампазітара. Гэтым творам быў «Знак бяды». Пасля яе выступу члены журы проста сталі расхопліваць ноты раманса – і пра яго даведаліся ў самых розных кутках свету. Настолькі неверагодны гэты твор!..

Тры п'есы («Мелодыя», «Гармонія», «Рытм») для флейты і фартэпіяна, у якіх можна будзе ўлавіць джазавыя ноткі, мы выканаем разам з Ларысай Ласоцкай. Невялікія п'есы Уладзіміра Кур'яна, любімага вучня Смольскага, выканае калектыў «A.M.A.D.I.S. Brass». Гледачы пачуюць і некалькі п'ес Шастаковіча ў выкананні заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь Рэгіны Саркісавай (скрыпка). Дзмітрый Браніслававіч назваў свайго старэйшага сына Дзмітрыем зусім не выпадкова: Шастаковіч быў яго любімым кампазітарам. Менавіта таму ў канцэрце будзе гучаць музыка Дзмітрыя Дзмітрыевіча Шастаковіча. Вядучая вечара – Вольга Кажгаліева.

Спадзяюся, 10 кастрычніка ў Камернай зале збяруцца ўсе тыя, хто любіў і паважаў Дзмітрыя Браніслававіча, і тыя, хто захоча дакрануцца да нашай выдатнай спадчыны, да таго, чым мы можам і павінны ганарыцца ў поўнай меры».

 

 

 

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры