У гісторыі кожнага тэатра ёсць імёны, якія ў той ці іншы момант ўплывалі на яго развіццё і больш за тое – вызначалі яго. Імя легендарнай спявачкі Ларысы Александроўскай (1904-1980) – першае ў гэтым спісе, калі гаворка ідзе пра гісторыю беларускага тэатра оперы і балета. Менавіта яна выканала загалоўную партыю Кармэн ў спектаклі, які адкрыў 25 мая 1933 г. Дзяржаўны тэатр оперы і балета Беларусі. Але не толькі «Кармэн» – многія спектаклі ставіліся з улікам яе выбітных вакальных і акцёрскіх даных.
Сярод самых яркіх вобразаў Ларысы Александроўскай - шолахаўская Аксіння ў оперы «Ціхі Дон» І.Дзяржынскага, пушкінскія Таццяна і Ліза ў «Яўгеніі Анегіне» і «Пікавай даме» П.Чайкоўскага, Яраслаўна ў «Князі Ігары» А.Барадзіна, Любаша ў «Царскай нявесце »М.Рымскага-Корсакава, Алеся ў аднайменнай оперы Я.Цікоцкага ...
Яе голас называлі незабыўным, яе імя не сыходзіла з афіш і гучала па ўсім Савецкім Саюзе. Асоба прымадонны заўсёды была акружана некаторым арэолам загадкавасці, яе любілі, захапляліся ёю, пераймалі. Яе называлі "беларускім салаўём", "беларускай Няжданавай", сучасныя кампазітары прысвячалі ёй рамансы і песні. У 1935 годзе менавіта Ларыса Пампееўна абрала ў самым сэрцы Мінска на Траецкай гары месца для ўзвядзення будынка тэатра оперы і балета.
У пачатку 40-х гадоў першая сярод дзеячаў беларускага мастацтва Ларыса Александроўская была ўдастоена звання народнай артысткі СССР. У час Вялікай Айчыннай вайны Александраўская, як і многія яе калегі, выступала на франтах перад салдатамі, імкнучыся голасам, песняй, размовай падтрымаць байцоў.
Пасля вайны Ларыса Александроўская вярнулася на сцэну. А потым стала галоўным рэжысёрам тэатра. У год ёй атрымоўвалася выпускаць па два прэм'ерныя спектаклі. А ўсяго яна паставіла каля 15 опер. Адна з іх, "Аіда" Дж.Вердзі, была ў рэпертуары тэатра да 2008 года.
Ларыса Александроўская была ініцыятарам стварэння і старшынёй Беларускага тэатральнага таварыства. Аб Ларысе Александроўскай напісаны кнігі і зняты фільмы. Імем легендарнай спявачкі названа камерна зала Вялікага тэатра Беларусі.
15 лютага споўніцца 115 гадоў з дня нараджэння народнай артысткі СССР Ларысы Пампееўны Александроўскай. У гонар выбітнай спявачкі 19 лютага адбудзецца опера "Кармэн" Ж.Бізэ. Вядучыя партыі ў спектаклі выканаюць: заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Аксана Якушэвіч (Кармэн), лаўрэат міжнароднага конкурсу Аляксей Микуцель (Хазэ), народная артыстка Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Настасся Масквіна (Мікаэла), народны артыст Беларусі Уладзімір Пятроў (Эскамільё).
Дырыжор – уладальнік медаля Францыска Скарыны Андрэй Галанаў.