Архiў навiн

Лондан ‒ Мінск

 

Беларусь. Мінск. Створаная больш стагоддзя таму, опера Р. Штрауса «Саламея» з прэм’еры падвяргалася нападкам крытыкаў і цэнзараў. Напрыклад, у «Метрапалітэн-опера» «Саламея» усё ж такі была дадзена ў 1907 годзе, але наступная яе пастаноўка на гэтай знакамітай сцэне ў Нью-Йорку была ажыццёўлена толькі ў 1934 годзе.


Як вядома, гісторыя часта паўтараецца. Калі ў мінулым годзе першая пастаноўка «Саламеі» у Мінску была анансавана, частка праваслаўных вернікаў выказала незадаволенасць. Прычына абурэння хавалася ў тым, што прэм'ера першапачаткова была запланаваная напярэдадні Дня Усячэння галавы Іаана Прадцечы, а паколькі Ян Хрысціцель з'яўляецца цэнтральнай фігурай у оперы, вернікі разгледзелі ў гэтым... правакацыю... Але не бывае дрэннай рэкламы. Прэм'еру оперы «Саламея» перанеслі на месяц: яна не адкрыла сезон у верасні, а адбылася ў кастрычніку. Але і 20 снежня, калі пастаноўку прадставілі ў рамках Мінскага міжнароднага Каляднага опернага форуму, у зале Вялікага тэатра Беларусі няма дзе было яблыку ўпасці.


Гэты цудоўны спектакль паставіў галоўны рэжысёр Вялікага тэатра Беларусі Міхаіл Панджавідзэ. Так, магчыма, дзе-нідзе яшчэ адчувалася незавершанасць драматургічнай часткі. Але неверагоднай фантазіяй Панджавідзэ можна толькі захапляцца! Я ўпершыню ўбачыў у гэтай оперы пралог ‒ харэаграфічную версію «Так казаў Заратустра» (ніяк не менш!). Магчыма, некаторыя праваслаўныя хваляваліся, што ўбачаць тут знакамітую метафару Ніцшэ «Бог памёр!». Але ў рэчаіснасці сімфанічная паэма дзякуючы харэографам Канстанціну Кузняцову і Юліі Дзятко здабыла іншае гучанне. Іаканаан паўстаў перад намі нібы «Вандроўнік над морам туману» ‒ з карціны нямецкага рамантыка Каспара Давіда Фрыдрыха. У фінале харэаграфічнай прыпавесці на сцэне з'яўляўся велізарны лайнер (сцэнаграфія Гары Гумеля), а з ім ‒ самыя розныя героі ‒ ад шэйхаў і біфітэраў да прадстаўнікоў сучаснай міліцыі. Дарэчы, Панджавідзэ зрабіў Ірада амаль цэнтральнай фігурай (што нязвыкла для іншых пастановак). Неверагодна моцным быў момант, калі Саламеі на сярэбранай талерцы са свечкамі і шампанскім прынеслі «галаву Іаканаана», але, калі накрыўка была паднятая, талерка аказалася пустая.


Злучэнне двух твораў Рыхарда Штраўса ў адным аказалася неверагодна магутным: музычны настрой фіналу «Так казаў Заратустра» (1896) на самой справе вельмі блізкі да пачатку «Саламеі» (1905 г.) ‒ і яны плаўна перацяклі адзін ў аднаго. Хоць аркестр Вялікага тэатра да гэтага Рыхарда Штраўса не іграў, музыканты пад кіраўніцтвам дырыжора-пастаноўшчыка Віктара Пласкіны пераканаўча перадалі ўсе нюансы партытуры.


Сапрана Кацярына Галаўлёва аказалася моцнай Саламеяй: яе голас проста лунаў над аркестрам. Яна жыла гэтай музыкай, што нячаста сустрэнеш у выканаўцаў гэтай складанай партыі. Уразіў і Станіслаў Трыфанаў-Іаканаан. Цёплым гучаннем парадаваў Паж ў выкананні Алены Сало. Добрае ўражанне пакінула Ірадыяда ‒ Аксана Якушэвіч. Нават валодаючы невялікім голасам, тэнар Дзмітрый П'янаў ў партыі Ірада прыцягваў увагу. У заключэнне магу сказаць, што гэтая незвычайная, захапляльная «Саламея» нашмат цікавей за любую пастаноўку, што ёсць зараз у рэпертуары лонданскіх тэатраў.


***


Тое ж самае можна было б сказаць і пра новую «Багему», якая гучала на мінскай сцэне 17 снежня. Гэтая пастаноўка маскоўскага рэжысёра Аляксандра Цітэля прымушае задумацца. Яна ультрасучасная і мінімалістычная. Адкрытая, калі не сказаць ‒ пустая сцэна для некаторых гледачоў магла здацца залішне беднай, але гэты падыход прымусіў сфакусіравацца на саміх персанажах. Пластыкавыя крэслы або чорныя бакі для смецця ў кафэ «Мамус», скульптуры ў манеры Пікаса, касцюмы, якія нагадваюць работы Шагала, найвялікшага мастака Беларусі, абстрактныя гарадскія пейзажы ‒ усё мянялася ад акту да акта.


Пустая сцэна стварыла складанасці для спевакоў: некаторыя галасы здаліся маленькімі для такога вялікага тэатра, асабліва ‒ запрошанага казахскага тэнара Медэта Чатабаева, які намагаецца паказаць палкага Рудольфа. Годна спявалі Марсэль (Уладзімір Громаў) і Мімі (Марта Данусевич). Партыя Шанара была ўпэўнена выканана Дзянісам Янцэвічам, а ў голасе Калена (Андрэй Валенцій) была прыемная аксамітная глыбіня. Цяжка было меркаваць аб Мюзэце Клаўдзіі Пацёмкінай, бо тэмп, зададзены для яе вальса, быў несправядліва павольным ‒ і сапраўды, самым дзіўным момантам вечара была адсутнасць напружання ў дырыжыраванні Пласкіны. Улічваючы італьянска-рускі ўхіл рэпертуару тэатра, можна было чакаць, што маэстра будзе больш зручна працаваць з Пучыні, чым са Штраўсам, але тэмп, яки ён задаваў, быў слабым для такой гутарковай п'есы ‒ музыка, здавалася, замірала паміж прапановамі ‒ і ў аркестры было мала пучыніеўскай сілы .


Тым не менш, пасля бліскучага рашэння Цітэлем фіналу спектакля (рабочыя сцэны коцяць за кулісы ложак Мімі, за якой ідуць яе сябры ‒ нібы ў пахавальнай працэсіі, а на апошніх тактах апусцелую сцэну прыбіральшчыца працірае швабрай) з мінскай «Багемы» выходзіш усхваляваным.

ДЖОН ЭЛІСАН

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры