Архiў навiн

Да юбілею Льва Гарэліка

Народны артыст Беларусі Леў Давідавіч Гарэлік (1929-1996) – адзін з самых яркіх майстроў беларускага скрыпічнага мастацтва другой паловы ХХ стагоддзя. Ён нарадзіўся ў Бабруйску, сакрэтам выканаўчага майстэрства навучыўся ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі.

На працягу сарака гадоў – з 1956 і да апошняга дня жыцця – Леў Гарэлік быў «першай скрыпкай» аркестра Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета БССР. Па словах яго шматгадовай калегі дырыжора Т. Каламійцавай, Гарэлік з ліку тых музыкаў, якія «нарадзіліся разам з інструментам». Гэтыя словы як нельга лепш схопліваюць дзіўную натуральнасць інтанавання, якая дазваляла скрыпцы Л. Гарэліка нават не спяваць, а размаўляць – дыхаць, гаварыць, спрачацца. Складнікамі індывідуальнай выканальніцкай культуры майстра былі таксама высакароднасць гучання, адсутнасць усякай манернасці, фанабэрыстасці, абавязковая эмацыйная прыўзнятасць выканання, рамантычнае светаадчуванне, імкненне да прыгажосці гучання пры любых вобразных і інтанацыйна-тэхнічных задачах, ўніверсалізм, шырыня і глыбіня ўспрымання стылю.

Леў Гарэлік аб'ездзіў з канцэртамі мноства краін. Ён узяў сабе за правіла заўсёды, незалежна ад часу і абставін, выконваць для замежных слухачоў беларускае сачыненне і твор аўтара прымаючай краіны. Так склаўся яго велізарны рэпертуар.

З 1956 года творчы лёс Льва Гарэліка звязаны з аркестрам Вялікага тэатра Беларусі. Тут была і яго праца, і яго служэнне, яго шлях, які доўжыўся да самых апошніх дзён у красавіку 1996 года. Рэпетыцыі, спектаклі, гастролі, новыя аркестранты, розныя дырыжоры (і маладыя, і самыя масцітыя, сярод якіх Таццяна Каламійцава, Іосіф Абраміс, Генадзь Праватораў) – пры ўсёй змяняльнасці карцін музычнага жыцця тэатра і ваганнях іх яркасці і кантрасту 40 гадоў бесперапыннай канвой гэтага жыцця была праца пастаяннага канцэртмайстра аркестра, і 40 гадоў гарантыяй нязменна высокага ўзроўню гэтага жыцця быў бездакорны прафесіяналізм Льва Гарэліка.

Рэгіна Саркісава, заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь, канцэртмайстар сімфанічнага аркестра Вялікага тэатра Беларусі:
Леў Давідавіч – чалавек, народжаны быць лідэрам. Ён валодаў бясспрэчным аўтарытэтам. Мы, музыканты аркестра, прыслухоўваліся да яго вельмі пакорліва. І не толькі мы, – такім жа аўтарытэтам ён быў і для дырыжораў, і для любога музыканта ў Беларусі. Гэтага ён дамогся сваім дасканалым прафесіяналізмам – ідэальнае валоданне інструментам, выдатная чытка з ліста, кругагляд і неверагодная патрабавальнасць перш за ўсё да самога сябе. Вядома, такую ж патрабавальнасць ён выяўляў і ў дачыненні да навакольных.
Са Львом Давыдавічам мне ўдалося прапрацаваць ўсяго два гады, і мне вельмі шкада, што так мала. Ён быў, безумоўна, найскравай асобай, якая валодала неверагодным талентам і сапраўдным майстэрствам. І гэта быў музыка, ад якога можна было атрымаць сапраўдную школу адносінаў да музыкі, адносіны да працы, адносіны да выступлення.
Чалавек, які прапрацаваў у тэатры 40 гадоў, а гэта значыць, дасканала ведае рэпертуар ад і да, ён тым не менш заўсёды казаў, што ў кожным, нават самым простым спектаклі, заўсёды ёсць моманты, да якіх трэба дадаткова падрыхтавацца, наладзіцца, паглядзець. Цяпер, праз столькі гадоў, часта ўсплываюць у памяці яго заўвагі падчас рэпетыцый і падчас спектакляў. Падыходзіш да нейкага месца ў нотах і ўспамінаеш: Леў Давідовіч тут вось на гэта ўвагу звярнуў, а вось тут штрыхі хацеў памяняць ...

24 лютага балет "Лебядзінае возера" прысвячаецца памяці выдатнага музыканта.
Галоўныя партыі ў спектаклі выканаюць: Людміла Уланцева (Адэта-Адылія), Эвен Капітэн (Зігфрыд), заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Юрый Кавалёў (Ротбард), лаўрэат міжнародных конкурсаў Такатошы Мачыяма (Шут).
Сола на скрыпцы: заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Рэгіна Саркісава.
Дырыжор – уладальнік медаля Францыска Скарыны Андрэй Галанаў.

 

 

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры