4 сакавіка споўнілася б 95 гадоў народнай артыстцы Беларусі балерыне Лідзіі Міхайлаўне Ражэнавай. Пяцьдзесят шэсць гадоў яна прысвяціла тэатру, з іх 21 год бліскала на яго сцэне.
Выпускніца Маскоўскага харэаграфічнага вучылішча, Лідзія Ражэнава прыехала ў Мінск адразу пасля яго заканчэння ў 1947 годзе. Ужо неўзабаве галоўны балетмайстар тэатра Канстанцін Мулер даверыў ёй першыя вядучыя партыі. Спачатку была Надзейка ў «Князю-возеры», затым Марыя ў «Бахчысарайскім фантане» і, нарэшце, мара любой балерыны - Адэта-Адылія ў «Лебядзіным возеры». Пасля выканання гэтых партый балерына па праву заняла вядучае становішча ў трупе, стаўшы адной з самых яркіх зорак беларускага балета. Яе выкананне скарыла гледача вытанчанасцю, высакароднасцю, пранікнёным лірызмам і рэдкай драматычнай глыбінёй. Разам са сваім партнёрам Валерыем Міронавым яна была першай сярод нашых артыстаў, хто выехаў на гастролі ў замежныя краіны. Нумар «Вясна», пастаўлены Расціславам Захаравым для дуэта Ражэнавай і Міронава яшчэ ў балетнай студыі ў Куйбышаве і паказаны ў 1949 годзе на Міжнародным фестывалі моладзі і студэнтаў у Будапешце, меў ашаламляльны поспех. Балерына з поспехам танчыла ў ЗША, Польшчы, Албаніі, Індыі, Тайландзе і іншых краінах. «Калі Лідзія Ражэнава і Валерый Міронаў, выдатныя выканаўцы класічнага балета, з'яўляюцца на сцэне і ўвасабляюць сваім танцам «Вясну» Грыга, чалавек па-сапраўднаму адчувае радасць і ап'яненне вясной», - адзначала пасля іх выступу стамбульская газета. А кароль Камбоджы Нарадом Сіянук быў настолькі ўражаны танцам балерыны, што уручыў ёй ордэн сваёй краіны.
Яшчэ адзін яскравы эпізод творчага лёсу Лідзіі Ражэнавай - удзел у знакамітай Дэкадзе беларускага мастацтва ў Маскве, якая прайшла ў 1955 годзе. Лідзія Міхайлаўна выйшла на сцэну Вялікага тэатра ў балеце «Палымяныя сэрцы», які паставіў запрошаны ў Мінск знакаміты танцоўшчык і харэограф Аляксей Ермалаеў. Пасля выступу ў Маскве Лідзія Міхайлаўна была ўдастоена звання народнай артысткі Беларусі. Прэса з захапленнем адклікалася пра яе: «Шырокія жэсты, скульптурнасць танцавальных ліній, выразнасць выяўленага характару прымушаюць верыць акторцы Ражэнавай, што перад намі праўдзіва «палымянае сэрца».
У яе творчай біяграфіі не было "выпадковых", прахадных роляў. Кожная была вынікам вялікай працы, падсумоўвала пэўны перыяд яе жыццёвага і творчага руху наперад. Агульным жа, на думку крытыкаў, было тое, што ўсе гераіні Ражэнавай «чалавечныя, абаяльныя і розныя, жывыя, думаючыя і глыбока адчуваюць», няхай гэта будзе Жызэль або Кітры, Маша або Аўрора, Нікія або Адэта-Адылія, Марыя або Медора.
Развітаўшыся са сцэнай, Лідзія Ражэнава ня пакінула тэатр, працягваючы служыць яму. Яна ўзначаліла тэатральны архіў, стаўшы, па сутнасці, першым архіварыусам беларускага Вялікага тэатра. Шмат што ў гісторыі тэатра захавана менавіта дзякуючы ёй. Тысячы фатаграфій падпісаныя яе акуратным почыркам.
Шматлікія наведвальнікі архіва далёка не заўсёды маглі здагадацца, сустракаючыся з гэтай мініяцюрнай, добразычлівай жанчынай, што перад імі - бліскучая балерына, якая усё сваё жыццё прысвяціла тэатру.
10 сакавіка ў памяць аб выбітнай балерыне Вялікі тэатр Беларусі прысвячае ёй паказ балета «Жызэль, або Вілісы» Адольфа Адана. Галоўную партыю ў спектаклі выканае заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Людміла Хітрова.
Дырыжор - заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалай Калядка.