Архiў навiн

Малафій. Губернатар Бостана

 

Каханне, запал, інтрыгі, змова, забойства - у гэтай оперы, здаецца, ёсць усё. Але самае галоўнае - ўзрушаючая музыка геніяльнага Джузэпэ Вердзі. Гэты спектакль у пастаноўцы Сямёна Штэйна жыве на беларускай сцэне ўжо больш за 30 гадоў. 21 красавіка гледачоў Вялікага тэатра зноў закруціць «Баль-маскарад».


У вобразе Рычарда ў гэтай «самай меладраматычнай з усіх меладрам» выйдзе Міхаіл Малафій. У які раз ўкраінскі тэнар будзе выступаць у Мінску, мабыць, не памятае ўжо і ён сам. Але Міхаіл упэўнены: менавіта наш горад стаў своеасаблівай стартавай пляцоўкай для яго далейшай, безумоўна, паспяховай прафесійнай кар'еры. Чэхія, Польшча, Славакія, Сербія, Італія, Францыя, Швецыя, Ізраіль, Аўстрыя, Венгрыя - Малафій выступаў ужо ў многіх тэатрах свету. І ўсё ж такі на пачатку быў Мінск. Менавіта на сцэне нашага Вялікага тэатра ён стаў лаўрэатам Першай прэміі ІІ Мінскага міжнароднага Каляднага конкурсу вакалістаў, а таксама ўладальнікам Прыза глядацкіх сімпатый - беларуская публіка была ўпакорана прыгожым глыбокім голасам і акцёрскімі дадзенымі маладога спевака. Так у Міхаіла з'явілася магчымасць праспяваць у пастаноўцы Вялікага тэатра Беларусі, а потым - стаць нашым запрошаным артыстам. У Мінску яго любяць і заўсёды чакаюць. Пра што кажуць бурныя апладысменты, якімі сталічная публіка заўсёды узнагароджвае Малафія. Ленскі ў «Яўгене Анегіне» Пятра Чайкоўскага, Альфрэд Жэрмон ў «Травіяце» і Герцаг Мантуанскі ў «Рыгалета» Джузэпэ Вердзі, Рудольф ў «Багеме» і Пінкертон ў «Мадам Батэрфляй» Джакама Пучыні - на беларускую сцэну артыст выходзіў у самых розных вобразах, і ўсё ж такі ўпершыню ў Вялікім тэатры ён выканаў як раз гэтую ролю - губернатара Бостана, адчайна закаханага у жонку сябра. 21 красавіка Міхась Малафій зноў надзене на сябе маску і плашч, возьме ў рукі шпагу - і ператворыцца ў Рычарда ў вердзіеўскам шэдэўры «Баль-маскарад». У гэты дзень на сцэне беларускага Вялікага лініі сапраўднага кахання і дружбы цесна пераплятуцца з палітычнымі гульнямі. «Ведаеце, часам глядзіш на навакольную рэчаіснасць - і хочацца кінуць спевы... - прызнаецца Міхаіл. - Каму патрэбныя бясконцыя вайны, злосць, агрэсія, тэракты?.. Бо свет поўны шчасця! І кожнаму трэба старацца рабіць яго лепей. Калі я сваім голасам змагу прынесці каму-небудзь радасць - гэта ўжо добра! А спяваць для мяне - сапраўдная асалода! Шчыра прызнаюся: калі ў фінале публіка пляскае ў далоні і крычыць «Брава!», сэрца гатова выскачыць з грудзей. Стаіш на сцэне, ўсміхаешся, а ў галаве круціцца думка: мне і грошай ніякіх не трэба - абы праспяваць яшчэ!.. Так што чакаю вас 21 красавіка ў Вялікім тэатры Беларусі - паспрабую сваім спевам падарыць вам радасць, бо нішто не лечыць так душу, як музыка».


Застаецца дадаць, 21 красавіка ў оперы «Баль-маскарад» партыю каханай Рычарда - Амеліі праспявае ўладальніца медаля Францыска Скарыны Таццяна Траццяк, у ролі сябра-забойцы - Рэната выйдзе заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Громаў. За дырыжорскім пультам - заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Мікалай Калядка.

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры