Архiў навiн

Выстава да юбілею Станіслава Манюшкі

 


Выстава, прысвечаная юбілею беларуска-польскага кампазiтара, дырыжора, педагога Станіслава Манюшкі, адкрылася перад пачаткам святочнага канцэрта ў гонар юбілею знакамітага кампазітара ў Вялікім тэатры Беларусі. У экспазіцыі прадстаўлены фатаграфіі, афішы спектакляў, пастаўленых у розны час ў беларускім Вялікім тэатры паводле твораў Станіслава Манюшкі, унікальныя кнігі. На адкрыцці выставы перад гледачамі выступіў кіраўнік «Беларускай капэлы», прафесар Віктар Іванавіч Скорабагатаў, якi распавёў пра жыццё і творчасць кампазiтара.


Станіслаў Манюшка нарадзiўся ў Убелi Мінскай вобласцi. Пачатковую адукацыю, як і першыя урокі музыкі, атрымаў дома. Пазней навучаўся ў Мінскай музычнай школе Дамініка Стэфановіча, затым – у Берлінскай пеўчай акадэміі. З 1840 да 1858 года працаваў арганістам і дырыжорам у Вільні, а з 1858 года і да канца жыцця – дырыжорам опернага тэатра ў Варшаве, з 1864 года таксама з’яўляўся прафесарам Музычнага інстытута (Варшава).


Светапогляд Станіслава Манюшкі сфарміраваўся ўжо ў юнацкія гады, што прайшлі на Беларусі. З малых гадоў будучы кампазітар адчуў хараство і прывабнасць мясцовага фальклору, таму беларускі каларыт дамінуе амаль ва ўсіх яго творах, асабліва ранніх.


Стварэнне першых тэатральных твораў Станіслава Манюшкі звязана з Беларуссю: у 1834 годзе мінскія аматары паставілі аперэту «Канторскія службоўцы», у 1841 годзе – «Рэкруцкі набор» на лібрэта В.Дуніна-Марцінкевіча. У 1843 годзе ў Мінску адбыўся паказ аднаактовага жарта «Латарэя» (лібрэта І.Корвін-Мілеўскага), шматразова ставіліся і іншыя спектаклі.


Найбольш важнай для беларускага мастацтва стала прэм’ера ў 1852 годзе камічнай оперы на лібрэта В.Дуніна-Марцінкевіча «Сялянка» («Ідылія», у 1853–1855 гг. ставілася ў Бабруйску, Слуцку, Нясвіжы, Глуску і інш.), адметнасць якой заключалася ў выкарыстанні ў лібрэта беларускай мовы і апоры на беларускі фальклор. Упершыню з беларускай тэатральнай сцэны загучалі нацыянальныя мелодыі, прымаўкі і прыказкі.


На працягу ўсяго жыцця Станіслаў Манюшка падтрымліваў цесныя сувязі з беларускімі музыкантамі, пісаў артыкулы пра сваіх суайчыньнікаў, рэцэнзіраваў іх працы, у прыватнасці кнігу Напалеона Орды «Граматыка музыкі», дапамагаў пачынаючым музыкантам, наладжваў іх канцэрты.


Са сталых опер Станіслава Манюшкі найбольш папулярная «Галька» (1847, сцэнічная пастаноўка ў 1854, 2-я рэдакцыя – у 1858). У Мінску фрагменты яе ўпершыню прагучалі ў 1856 годзе, а праз 120 гадоў (1975) адбылася пастаноўка на сцэне Вялікага тэатра Беларусі. У ліку найбольш значных опер кампазітара: «Графіня» (1859), «Verbum nobile» («Слова гонару», 1860), «Парыя» (1869), «Страшны двор» (1865, у 1952 годзе была пастаўлена ў Вялікім тэатры Беларусі ў перакладзе на беларускую мову Максіма Танка).


Акрамя таго Станіслаў Манюшка – аўтар камерных і аркестравых твораў, кантат, а таксама больш як 300 сольных песень, якія ўвайшлі ў 12 «Хатніх спеўнікаў».

 

Выстава будзе працаваць да 27 траўня.

 

 

  

  

  

  

  

  

фото спектакль страшный двор станислав монюшко

 

афиша страшный двор станислав монюшко

0
0
0
s2sdefault

Партнёры