.

Архiў навiн

Беларускі «Макбэт» у Міжземнамор'і

30 жніўня на Пафаскай плошчы сярэднявечнага замка адкрыецца ХХІ оперны фестываль "Афрадыта". Кожны год тут выступаюць лепшыя оперныя тэатры свету і гучаць выдатныя класічныя творы. У гэтым годзе сапраўдным упрыгожваннем фестывалю стане опера Дж. Вердзі "Макбэт", містычная драма Вялікага тэатра Беларусі ў пастаноўцы галоўнага рэжысёра Міхаіла Панджавідзэ.

Тры аграмадныя кантэйнеры з рэквізітам, касцюмамі і дэкарацыямі са спектакля «Макбэт» ужо адправіліся па моры на Кіпр. Тры вечары запар – 30, 31 жніўня і 1 верасня на адкрытай плошчы замка ў Пафасе будзе гучаць музыка геніяльнага італьянца Вердзі. Упершыню опера «Макбэт» у пастаноўцы галоўнага рэжысёра тэатра Міхаіла Панджавідзэ адпраўляецца ў такія далёкія гастролі. Беларускі дэсант з 165 чалавек (а гэта – артысты хору, аркестра, салісты оперы і балета, тэхнічная і пастановачная групы) вось-вось высадзіцца на берагах Кіпра.

Галоўныя партыі ў оперы выканаюць: народная артыстка Беларусі Ніна Шарубіна, лаўрэат міжнароднага конкурсу Кацярына Галаўлёва (Ледзі Макбэт), заслужаныя артысты рэспублікі Станіслаў Трыфанаў, Уладзімір Громаў (Макбэт), Андрэй Валенцій (Банка). На галоўнага хормайстра тэатра - народную артыстку Беларусі Ніну Ламановіч ускладзена адказная місія кіраўніка паездкі. За дырыжорскім пультам тры вечара будзе стаяць галоўны запрошаны маэстра Віктар Пласкіна. Сцэнічным аркестрам будзе кіраваць дырыжор Іван Касцяхін.

Трагедыю «Макбэт» Уільяма Шэкспіра Джузэпэ Вердзі лічыў адным з лепшых твораў сусветнай літаратуры. Можа быць, менавіта таму створаная ім опера ўваходзіць у лік несумнеўных шэдэўраў італьянскага кампазітара. «Макбэт», мабыць, першы твор Вердзі, дзе такая вялікая ўвага нададзена глыбіні чалавечай псіхікі. Кампазітар раскрыў самыя цёмныя бакі чалавечай падсвядомасці, мяркуючы, што музыка «Макбэта» павінна толькі «падкрэсліваць паэзію, а не кампазітара».

Мы ад усёй душы жадаем нашым артыстам удалых выступаў!

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры