«Тоска» Джакама Пучыні – адзін з першых твораў мастацтва, што пабачылі свет у ХХ стагоддзі, прэм'ера адбылася 14 студзеня 1900 года. З тых часоў «Тоска» – адна з найбольш папулярных опер у свеце і, як гэта ні парадаксальна, ці ледзь не адзіная за ўсю гісторыю развіцця жанру, у якой галоўнай гераіняй з'яўляецца оперная дзіва. Опера унікальная і для творчасці самога Пучыні – у ёй у першы і адзіны раз кампазітар звярнуўся да гістарычнага сюжэта, заключыўшы любоўную драму ў рамкі сацыяльна-палітычнага канфлікту. Трагедыя жыцця і кахання опернай спявачкі і мастака ў «Тосцы» абумоўленая не ўнутранымі псіхалагічнымі прычынамі, а ціскам вонкавага фактару – тыраніі, у яе самым цынічным і падступным увасабленні. На прэм'еры ў рымскім тэатры «Канстанца» сабралася самая прадстаўнічая публіка: у зале прысутнічалі П. Масканьі, А. Франкеці, Ф. Чылеа, члены ўрада і каралева Маргарыта Савойская. Кампазітар быў спакойны за лёс творы, прэм'ерай дырыжыраваў Л. Муньёнэ, галоўную ролю выконвала Харыклея Даркле (дзякуючы якой з'явілася знакамітая арыя «Vissi d'arte»). Тым не менш, опера выклікала вельмі стрыманую рэакцыю публікі, а сапраўдны поспех прыйшоў да яе толькі пасля паказу ў «Ла Скала» праз некалькі месяцаў. У наш час кожны значны оперны тэатр з гонарам прадстаўляе ў сваім рэпертуары «Тоску» Дж. Пучыні.
У афішы Вялікага тэатра Беларусі гэтая драма Пучыні ўпершыню з'явілася яшчэ ў 1937 годзе ў пастаноўцы дырыжора М. Шнэйдэрмана і рэжысёра П. Златагорава (хормайстар – Н. Балазоўскі, мастак – С. Герштэйн). Далей рушыла ўслед пастаноўка 1950 года (дырыжор – І. Гітгарц, рэжысёр – В. Шахрай, хормайстар – Г. Пятроў, мастак – П. Масленнікаў) і яе аднаўленне ў 1961 г. У 1969 годзе «Тоска» з'явілася ў новым выглядзе, дзякуючы пастаноўцы дырыжора І. Абраміса, рэжысёра В. Станкевіча, мастака П. Масленікава і хормайстра А. Кагадзеева. У 1991 годзе прэм'ера «Тоскі» стала знакавай для Вялікага тэатра Беларусі, – опера ўпершыню ў нашым тэатры была пастаўлена на мове арыгіналу. Пастаноўку ажыццявілі дырыжор Ю. Качнеў, рэжысёр М. Ізворска-Елізар'ева, хормайстар Н. Ламановіч і мастак В. Вокунеў. За апошняе дзесяцігоддзе Вялікі тэатр звярнуўся да партытуры двойчы (2010 і 2018), абодва разы над падстаноўкамі працаваў рэжысёр Міхаіл Панджавідзэ, хормайстар Ніна Ламановіч і мастакі Аляксандр Касцючэнка (сцэнаграфія) і Элеанора Грыгарук (касцюмы). Дырыжор-пастаноўшчык версіі 2010 года – Віктар Пласкіна, 2018 – Джанлука Марчано.
16 студзеня паказ оперы Джакама Пучыні "Тоска" ў Вялікім тэатры Беларусі будзе прысвечаны 120-годдзю твора. Выканаўцы галоўных роляў: Тоска – народная артыстка Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Ніна Шарубіна, Каварадосі – Вінчэнца Кастанца (Італія), Скарпіа – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Станіслаў Трыфанаў, Анжэлоці – лаўрэат міжнароднага конкурсу Дзмітрый Капілаў. Дырыжор – Джанлука Марчано (Італія).
афіша 1937 г.
І. Сайкоў – Каварадосі, пастаноўка 1937 г.
С. Друкер – Тоска, Л. Штрыкуль – Каварадосі, пастаноўка 1937 г.
С. Друкер – Тоска, Ю. Кашчанка – Скарпіа, пастаноўка 1937 г.
Л. Штрыкуль – Каварадосі, сцэна з пастаноўкі 1937 г.
К. Старыкава – Тоска, пастаноўка 1969 г.
Н. Маісеенка – Скарпіа, Н. Губская – Тоска, пастаноўка 1991 г.
Н. Касценка – Тоска, пастаноўка 1991 г.
сцэна з пастаноўкі 1991 года
сцэна з пастаноўкі 1991 года
В. Мінгалёў – Каварадосі, Н. Маісеенка – Скарпіа, пастаноўкіа 1991 года
Н. Маісеенка – Скарпіа, Н. Шарубіна – Тоска, пастаноўка 1991 года
С. Франкоўскі – Каварадосі, пастаноўкіа 1991 года
В. Громаў – Скарпіа, пастаноўка 2010 г.
Э. Мартынюк – Каварадосі, В. Громаў – Скарпіа, пастаноўкіа 2010 г.