Архiў навiн

Да 85-годдзя Зіновія Бабія

 

 

Бліскучы тэнар, уладальнік аднаго з самых яркіх галасоў ХХ стагоддзя, Зіновій Іосіфавіч Бабій нарадзіўся 27 студзеня 1935 года ў Украіне. З 1963 па 1975 год ён быў вядучым салістам Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, стварыўшы на яго сцэне галерэю яркіх незабыўных вобразаў у операх Вердзі, Пучыні, Леанкавала, Масканьі, Чайкоўскага, Танеева і многіх іншых кампазітараў.

 

Вялікі тэнар ХХ стагоддзя, Зіновій Бабій быў адзіным выканаўцам, які выступаў на ўсіх оперных сцэнах Савецкага Саюза. Артыст з трыумфам гастраляваў у Аўстрыі, Англіі, Балгарыі, Венгрыі, Германіі, Канадзе, Іспаніі, Польшчы, Швецыі, Фінляндыі, Францыі, ЗША, Румыніі, Югаславіі, Японіі і іншых краінах.

 

Каласальны артыстычны талент і майстэрскае валоданне голасам дазволілі артысту стварыць непаўторныя вобразы на сцэне. У класічных операх гэта – Фаўст ("Фаўст" Ш. Гуно), Хазэ ("Кармэн" Ж. Бізэ), Каварадосі і Рудольф ("Тоска" і "Багема" Дж. Пучыні), Каніа ("Паяцы" Р. Леанкавала) , Турыду ("Сельскі гонар" П. Масканьі); у творах рускіх кампазітараў – Герман ("Пікавая дама" П. Чайкоўскага), Арэст ("Арэстэя" С. Танеева); у операх нацыянальнага рэпертуару – Сяргей ("Алеся" Я. Цікоцкага).

 

У операх Дж. Вердзі сапраўднымі шэдэўрамі вакальнага мастацтва ў выкананні Зіновія Бабія сталі партыі Манрыка ("Трубадур"), Радамеса ("Аіда"), Герцага ("Рыгалета") і, адна з лепшых, партыя Атэла ("Атэла"), якую спявак выканаў у 28 гадоў.

 

З-за цяжкай хваробы сэрца Зіновій Бабій быў вымушаны пакінуць сцэну. Спявак перайшоў на працу ў Беларускую дзяржаўную філармонію і працягваў гастраляваць як камерны спявак. Шырокі канцэртны рэпертуар артыста уключаў 18 сольных праграм з твораў розных эпох і стыляў. Запісы спевака і сёння часта гучаць па радыё. Яркі сонечны тэмбр яго голасу хвалюе і захапляе новыя пакаленні слухачоў – прыхільнікаў опернага мастацтва.

 

28 студзеня ў спектаклі, прысвечаным выдатнаму спеваку, вядучыя партыі выканаюць: народная артыстка Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Анастасія Масквіна (Мімі), лаўрэат міжнароднага конкурсу Аляксандр Міхнюк (Рудольф), лаўрэат міжнароднага конкурсу Клаўдзія Пацёмкіна (Мюзэта), заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Громаў (Марсэль), дыпламант міжнароднага конкурсу Дзяніс Янцэвіч (Шанар), лаўрэат міжнароднага конкурса Андрэй Сялюцін (Кален).

 

Дырыжор – Алег Лясун. 

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры