Падрыхтоўка да навагодняга балю пачалася з восені. Сотні чалавек прыходзілі на рэпетыцыі, каб навучыцца бальным танцам: паланэз, вальс, контрданс, якія ўвайшлі ў праграму сёлетняга балю. Рэжысёры распрацоўвалі сцэнары вечара, мастакі прадумвалі афармленне фае тэатра, якое на адну ноч павінна было ператварыцца ў магічную прастору, дзе магчымыя самыя незвычайныя ператварэнні... А як яшчэ можна растлумачыць з'яўленне на адным вечары столькіх знакамітасцяў, дакладней, іх двайнікоў?! Мансерат Кабалье і Лучана Павароці, Ганна Паўлава і Чарлі Чаплін сталі аднымі з герояў адкрыцця балю, які ў гэты раз быў прысвечаны свету кiно, а абвешчаны конкурс двайнікоў звязаны з кінагероямі і вядомымі акцёрамі.
Ва ўрачыстым адкрыцці балю - першай танцавальнай праграме - прынялі ўдзел больш за 150 пар, сярод якіх было нямала пачаткоўцаў. А адразу пасля яе завяршэння ўсе, хто не паспеў навучыцца танцам падчас заняткаў, змаглі нагнаць упушчанае на майстар-класе па бальных танцах.
У фае тэатра разгарнуліся шматлікія фотазоны, займальныя салоны з віктарынамі, конкурсамі, варожбамі, прадказаннямі і караоке. Пераможцам віктарыны прапаноўваў розныя прысмакі candy-bar.
Навінкай сёлетняга балю стала навагодняе радыё. Любы ўдзельнік балю мог запісаць тут сваё віншаванне. А для самых азартных працавала «выязное» казіно. Аматары «хатняй» атмасферы ацанілі святочныя канцэртныя праграмы ў камернай зале тэатра.
Традыцыйны канцэрт-сюрпрыз сабраў на адной сцэне "зорных" і "не зорных" гасцей навагодняй вечарынкі на караблі, дзе воляй рэжысёра Галіны Галкоўскай сустрэліся знакамітыя артысты і музыкі розных эпох. А ў фінале канцэрту, ужо пасля паўночы, адбылося ўручэнне Навагодняй тэатральнай прэміі ад Беларуска-швейцарскага банка "БСБ Банк". Прэміі лепшым артыстам тэатра па выніках 2019 года ўручыў Старшыня Праўлення банка Сяргей Дубкоў.
Пасля паўночы на галоўнай танцавальнай пляцоўцы разгарнуўся "Чаплін-баль", музычным суправаджэннем якога сталі папулярныя мелодыі сярэдзіны мінулага стагоддзя.
А завяршыўся баль пасля двух гадзін ночы музычна-танцавальнай праграмай «AMADIS BRASS запрашае».
Над XI Вялікім навагоднім балем у Вялікім працавалі дырыжоры Іван Касцяхін, Алег Лясун, Андрэй Галанаў, рэжысёры забаўляльных праграм і канцэртаў у фае тэатра Дар'я Пататурка і Наталля Бараноўская, рэжысёр канцэрта-сюрпрызу рэжысёр Галіна Галкоўская, канцэртных праграм у камернай зале імя Л.П. Александроўскай Наталля Кузьмянкова.