Архiў навiн

#ЗОЛОТОЙФОНДБТ

 

Шаноўныя сябры! Мы вельмі чакаем таго моманту, калі ў нашым парадным фае зноў запаляцца жырандолі і тэатр напоўніцца шумам і апладысментамі. А пакуль па абодва бакі куліс стаіць цішыня, мы з радасцю прадстаўляем вам нашы легендарныя спектаклі ў фармаце онлайн – у новым сумесным праекце Белтэлерадыёкампаніі і Вялікага тэатра Беларусі.

 

З 15 мая вы зможаце ўбачыць оперу «У пушчах Палесся» Анатоля Багатырова. Онлайн-трансляцыя ажыццяўляецца ў суполцы #ЗОЛОТОЙФОНДБТ афіцыйнай старонкі Галоўнай дырэкцыі фондавых матэрыялаў БТРК «Белтелерадыёфонд» у сацсетках "ВКонтакте" і Facebook.

 

Легендарная опера «У пушчах Палесся» – адзін з першых нацыянальных спектакляў у рэпертуары тэатра. У аснове лібрэта оперы, створанага Яўгенам Рамановічам, аповесць Якуба Коласа «Дрыгва» («Дзед Талаш»). Прэм'ера оперы адбылася ў жніўні 1939 года (дырыжор Н. Грубін, рэжысёр І. Шляпянаў, мастак С. Нікалаеў). Спектакль быў паказаны ў Маскве ў чэрвені 1940 г. у час Першай дэкады беларускага мастацтва. У 1941 годзе кампазітару за оперу «У пушчах Палесся» была прысуджана Дзяржаўная прэмія СССР.

 

Крытыка адзначала: «Музыка Багатырова ёсць музыка аповесці Якуба Коласа. Яе паэзія, яе суровы гераізм і пяшчотная лірыка, яе жывая цеплыня з вялікай сілай захаваліся ў творы маладога кампазітара».

 

Сюжэт оперы і характары дзеючых асоб значна адрозніваюцца ад сюжэта аповесці. Асноўнымі матывамі пры стварэнні оперы былі літаратурная прывабнасць аповесці і рамантыка яе герояў. У тэкст многіх сольных і харавых эпізодаў оперы ўключаны вершы Якуба Коласа.

 

Дзеянне спектакля адбываецца падчас Савецка-польскай вайны. У сюжэце пераплятаюцца дзве драматургічныя лініі. З аднаго боку, барацьба беларускіх сялян з польскімі войскамі, з другога – асабістая драма герояў Андрэя і Аўгінні.

 

Аўтары імкнуліся стварыць гераічныя вобразы, якія вылучаліся б мужнасцю, адданасцю сябрам і нянавісцю да акупантаў. Дзед Талаш (у оперы ён стаў Тарасам) адразу паўстае перад слухачамі як арганізатар і кіраўнік партызанскага атрада. У вобразе Андрэя аб'яднаны рысы двух герояў аповесці, а камісар Кузьміч у адрозненне ад літаратурнага правобраза не гіне ад рукі ворага да перамогі партызан, а ўдзельнічае ў разгроме ворагаў.

 

У 1980 годзе опера была запісана ў фонд Беларускага радыё, у 1982 годзе на аснове гэтага запісу створана аднайменная тэлеверсія оперы. Пастаноўка Генадзя Нікалаева.

 

Сімфанічны аркестр, хор, салісты Беларускага тэлебачання і радыё, салісты Вялікага тэатра Беларусі.

Дырыжор – Барыс Райскі.

Хормайстры – Віктар Роўда, Ларыса Сімаковіч.

Галоўныя партыі выконваюць: Віктар Чарнабаеў (Тарас), Ірына Шыкунова (Аўгіння), Міхаіл Галкоўскі (Андрэй), Віктар Скорабагатаў (Васіль Бусыга), Юрый Смірноў (Саўка Мільгун), Анатоль Падгайскі (Кузьміч), Міхаіл Зданевіч (Камбрыг) і інш.

 

Кароткі змест оперы. 1920 год. Частка Палесся захоплена палякамі. На чале аднаго з партызанскіх атрадаў становіцца Андрэй, сын старога Тараса. Ён любіць Аўгінню, дачку бедняка Саўкі, супраць волі выдадзеную за Васіля Бусыгу. Бусыга атрымлівае ад палякаў пасаду войта і выдае ім Андрэя. Палякі хочуць даведацца пра месцазнаходжанне партызанскага атрада і задумваюць план, выканаць які ім мусіць дапамагчы Саўка. Ён дасць магчымасць Андрэю уцячы, разам з ім дабярэцца да партызан, а вярнуўшыся, пакажа да іх дарогу палякам. Але як ні апусціўся Саўка, у душы яго захавалася любоў да роднай зямлі, любоў да дачкі. Гэта дапамагае яму знайсці сілу ў вырашальную гадзіну. Прывёўшы палякаў да ляснога лагера, Саўка папярэджвае партызан аб небяспецы і падае, забіты варожай куляй. Гіне ў баі і Андрэй. Але перамога здабыта, атрад польскіх легіянераў разгромлены.

 

Сцэны з оперы "Ў пушчах Палесся", 1939 год

 

 

В. Лапин – Андрей, И. Болотин – Савка

В. Лапін – Андрэй, І. Балоцін – Саўка

 

Л. Ктиторов – Тарас

Л. Кцітараў – Тарас

 

М. Денисов – Кузьмич

М. Дзянісаў – Кузьміч

 

П. Засецкий – Савка

П. Засецкі – Саўка

 

С. Друкер – Авгинья, П. Засецкий – Савка

С. Друкер – Аўгіння, П. Засецкі – Саўка

 

С. Друкер – Авгинья

С. Друкер – Аўгіння

0
0
0
s2sdefault

Партнёры