Архiў навiн

«ЖЫЗЭЛЬ, АБО ВІЛІСЫ». ОНЛАЙН

 

Увечары 14 чэрвеня Вялікі тэатр Беларусі запрашае на онлайн-трансляцыю аднаго з самых вядомых спектакляў сусветнага класічнага рэпертуару. У нядзелю ў 19:00 – вытанчаны балет Адольфа Адана "Жызель, або Вілісы" у пастаноўцы народнага артыста СССР Мікіты Далгушына – гісторыя пра таямнічых феяў-вілісаў – нявестах, якія не змаглі перажыць здраду любімых – і памерлі да вяселля.


Прэм'ера «Жызэлі» адбылася ў канцы чэрвеня 1841 года ў Парыжы – спектакль меў вялікі поспех. На сцэне беларускага Вялікага пастаноўшчыкі звярталіся да гэтага балету пяць разоў. Упершыню – у 1953 годзе. Першай Жызэлью ў спектаклі балетмайстра Канстанціна Мулера і дырыжора Таццяны Каламійцавай стала легендарная танцорка Ніна Млодзінская. Затым – у 1966-м (дырыжор Іосіф Абраміс, балетмайстар Ніна Фёдарава), у 1976-м (дырыжор Яраслаў Вашчак, балетмайстар Дзіна Арыпаву), у 1987-м (дырыжор Леў Лях, балетмайстар Ірына Калпакова). За гэты час у галоўных партыях бліскалі: Ніна Давыдзенка, Клара Малышава, Ірына Савельева, Леанід Чэхаўскі, Людміла Бржазоўская, Таццяна Яршова, Аляксандр Мартынаў, Юрый Траян, Сяргей Пясцехін, Натэла Дадзішкіліані, Інэса Душкевіч, Таццяна Шаметавец, Уладзімір Іваноў і інш. У 2012-м балет «Жызель, або Вілісы» на сцэне Вялікага тэатра Беларусі паставіў балетмайстар Мікіта Далгушын. «Асоба Мікіты Аляксандравіча – унікальная. Ён – цудоўны рэстаўратар класічнай балетнай спадчыны і вялікі знаўца класічнага танца наогул. Спектаклі Далгушына напоўнены яго індывідуальнасцю. Да іх нельга прымяніць слова «рэдакцыя», таму што ў іх аснове – цікавае гістарычнае абгрунтаванне, і тая ці іншая дэталь, нюанс, дробязь з'яўляліся ў пастаноўцы не проста так... » – кажа балетмайстар-пастаноўшчык Вялікага тэатра Беларусі, уладальніца медаля Францыска Скарыны Аляксандра Ціхамірава. Менавіта Аляксандра была асістэнтам Далгушына пры пастаноўцы балета. Гэты спектакль і ўбачаць гледачы 14 чэрвеня. Яго запіс быў зроблены ў сакавіку 2020-га. А галоўныя партыі танцавалі: Яна Штангей (Жызэль), Ягор Азаркевіч (Альберт), Аляксандра Чыжык (Мірта), Антон Краўчанка (Ганс). Дарэчы, для вядучых салістаў балета Яны Штангей і Ягора Азаркевіча гэта было першае выкананне гэтых роляў. За дырыжорскім пультам – дырыжор-пастаноўшчык Мікалай Калядка.


Такім чынам, апускаемся ў містычную казку Адана ў гэтую нядзелю, 14 чэрвеня. Пачатак трансляцыі на платформе YouTube-канала Вялікага тэатра Беларусі – у 19:00. Далучайцеся – месца хопіць усім!

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры