Архiў навiн

Беларусы свету ў Вялікім

 

29 снежня на сцэне Вялікага – канцэрт салістаў, якія, без лішняга пафасу, складаюць музычную эліту свету. Яны – зоркі, якім апладзіруюць вядучыя оперныя пляцоўкі многіх краін. Аксана Волкава, Надзея Кучар і Павел Пятроў разам з маэстра Дзмітрыем Мацвіенка падрыхтавалі праграму, якая здзівіць нават оперных меламанаў.

 

Талент гэтых артыстаў збірае захопленых гледачоў у тэатрах па ўсім свеце. 29 снежня ў Мінску, у беларускім Вялікім, мы пачуем трох салістаў, якія ў адмысловым паданні і не маюць патрэбы.

 

Яго голас мы не чулі амаль год – апошні раз ён выходзіў на беларускую сцэну ў лютым – у вобразе Герцага ў вердзіеўскай оперы «Рыгалета» – і купаўся ў авацыях публікі. Пераможца конкурсу «Апералія 2018», які ўзначальвае маэстра Пласіда Дамінга, – беларускі тэнар Павел Пятроў 29 снежня ў родным тэатры абавязкова выканае арыю Рудольфа з «Багемы» Дж. Пучыні, з якой, увогуле, і стаў трыумфатарам гэтага прэстыжнага міжнароднага конкурсу. «Калі глядач любіць прыгожую музыку, якая не так часта гучыць са сцэны Вялікага тэатра Беларусі, – прыходзьце! – запрашае Пятроў. Саліст Вялікага тэатра Беларусі цяпер таксама працуе ў Graz Opera (Аўстрыя). Але яго ведаюць вядучыя тэатры Расіі і Англіі, Аўстраліі і Ганконга, Швейцарыі і Італіі. – Абавязкова выканаю арыі з опер «Рамэа і Джульета» Шарля Гуно, «Лючыя дзі Ламермур» Гаэтана Даніцэці, «Галька» Станіслава Манюшкі. А таксама Песню Андрэйкі з «Вяселля ў Малінаўцы» Барыса Аляксандрава. Існуе меркаванне, што аперэта лёгкі жанр, але я б з гэтым паспрачаўся». Прыгажосць і складанасць гэтай арыі змогуць ацаніць гледачы 29 снежня ў Мінску.

 

Арыю Саламбо (кампазітара Бернарда Херрмана) з кінафільма «Грамадзянін Кейн» Надзея Кучар праспявае эксклюзіўна для гэтага канцэрта. Пераможца важкіх міжнародных конкурсаў (у тым ліку – ВВС «Спявак свету-2015» у Кардыфе), лаўрэат двух «Залатых масак», уладальніца сапрана, голаса, які даўно заваяваў сцэны тэатраў у Сант'яга, Жэневе, Берліне, Мадрыдзе, Парыжы і іншых гарадах свету, у пачатку красавіка стала часткай беларускай оперы – залічана ў нашу трупу. Надзея выканае арыю Аміны з оперы «самнамбула», разам з Аксанай Волкавай – дуэт Нормы і Адальджызы з «Нормы» Вінчэнца Беліні, Recordare з Рэквіема Джузэпэ Вердзі – дзівоснай прыгажосці музыку.

 

Рэжысёрам канцэрта выступіла Аксана Волкава. У біяграфіі заслужанай артысткі Рэспублікі Беларусь – выступленні на лепшых оперных пляцоўках: Нацыянальная опера Латвіі і Кітая, Лонданская Каралеўская опера, тэатр «Калон» ў Буэнас-Айрэсе, Парыжская опера «Бастылія», Зальцбургскі фестываль, Гамбургская дзяржаўная опера, Вялікі тэатр Жэневы, Вялікі тэатр Расіі, «Метрапалітэн-опера» ў Нью-Ёрку, міланскі тэатр «Ла Скала». «29 снежня гледачоў чакае цікавая, насычаная праграма, якая будзе адрознівацца ад тых праектаў, якія прапануе тэатр да навагодніх святаў. Мне здаецца, у нас атрымаўся нетрывіяльны, унікальны ў сваім родзе канцэрт. Гэтую музыку даўно не чуў Мінск», – кажа Волкава. Артыстка праспявае раманс Маргарыты з оперы «Асуджэнне Фаўста» Гектара Берліёза, малітву Сантуццы з хорам з «Сельскага гонару» П'етра Масканьі, арыю Марыны Мнішак з оперы «Барыс Гадуноў» Мадэста Мусаргскага. А таксама Ave Maria Леаніда Гурвіча, гэты твор таленавіты беларускі кампазітар, які цяпер жыве ў Нямеччыне, напісаў адмыслова для Аксаны Волкавай.

 

Для такой вялікай праграмы спатрэбіцца і нашмат большы, чым для любога спектакля, склад аркестра. Ну і вядома, упрыгожваннем канцэрта стане хор, ён дадасць вечару урачыстасці і моцы. (Галоўны хормайстар тэатра – народная артыстка Беларусі Ніна Ламановіч.) Гледачы пачуюць знакамітыя хоры, напрыклад, Va, pensiero з оперы «Набука» Вердзі, а таксама неверагоднай прыгажосці «Вячэрнюю музыку» з сімфоніі «Перазвоны» Гаўрыліна.

 

«Хоць канцэрт у афішы стаіць у пярэдадне Новага года, павінен сказаць, што яго наўрад ці можна назваць забаўляльным. Праграма абяцае быць вельмі нават сур'ёзнай, – кажа дырыжор Дзмітрый Мацвіенка. – Пачнем мы з уверцюры «Карыалан» Бетховена, а ў другім аддзяленні прагучаць дзве часткі з кантаты «Аляксандр Неўскі» Пракоф'ева. Рады, што праграма, нібы канструктар, выстраілася менавіта такім чынам – атрымалася цэласнай і цікавай. Мы стараліся, каб кантэкст усяго канцэрту стаў адлюстраваннем таго, што мы зараз перажываем ва ўсім свеце. Усіх сакрэтаў раскрываць не буду, але ёсць у праграме сапраўдныя артэфакты, проста рэдкія і фантастычныя па сваёй прыгажосці. Упэўнены, гэтая музыка не зможа нікога пакінуць абыякавым».

 

 

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры