Канцэрт Аксаны Волкавай - гэта прэзентацыя на вялікай сцэне сольнага альбома спявачкі Poison d'amour («Яд кахання»), які быў выпушчаны ў 2021 годзе лэйблам Delos Music. Творы, выдадзеныя на дыску, прагучаць на сцэне Вялікага тэатра Беларусі.
Гэта не першы досвед працы беларускай спявачкі са знакамітым дырыжорам і гуказапісвальнай кампаніяй Delos Music. У 2017-м адбылася прэм'ера запісу оперы Дж. Вердзі «Рыгалета», створанай кампаніяй, у выкананні Каўнаскага сімфанічнага аркестра пад кіраўніцтвам Канстанціна Арбеляна, дзе загалоўную партыю бліскуча праспяваў Дзмітрый Хварастоўскі, за што і быў намінаваны на прэстыжную музычную прэмію Grammy ў катэгорыі «Лепшы запіс опернага твора».
Міжнародныя музычныя крытыкі пакінулі захопленыя водгукі і рэцэнзіі пра сольны альбом беларускай спявачкі: «Аксана Волкава - мецца-сапрана з Мінска, якая зрабіла якасную міжнародную кар'еру ад Вялікага тэатра да Метрапалітэн-оперы. І гэта не дзіва, з такім голасам: яго нездарма называюць раскошным. Голас Волкавай матава-кідкі, густы, як мёд, і - спакваля - рэзкі (...) Лірыка і моц у адзінстве - сакрэт гэтага спева. Гераіні Волкавай тэмпераментныя кожная па-свойму: то з ласкай, то з сумам. Але, што важна, тэмперамент відазмяняецца ўслед за характарам музыкі і логікай ладу. Спявачка нічога не фарсіруе і не нагнятае, пазбягаючы «спецэфектаў». Эмоцыя ўзнікае арганічна, там і тады, дзе і калі яе дыктуе музыка, а кіруе працэсам несумненны густ Волкавай. Драматургія вакалу выбудоўваецца з эмацыйнай напоўненасці, майстэрскіх мадуляцый тэмбру, гульні пералівістага легата. І з настрою, замяшанага на шчырасці».
У праграме канцэрта - адны з самых прыгожых арый для мецца-сапрана з сусветна вядомых опер: Ш. Гуно «Сафо», К. Сен-Санса «Самсон і Даліла», Д. Смольскага «Сівая легенда», М. Рымскага-Корсакава «Садко», Ж. Бізэ «Кармэн», П. Масканьі «Сельскі гонар» і інш. Прагучаць таксама знакамітыя дуэты з опер. У якасці запрошаных гасцей у праграме канцэрта прымуць удзел барытон Уладзіслаў Сулімскі і сапрана Святлана Касьян.
Беларус з г. Маладзечна, лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў вакалістаў, Уладзіслаў Сулімскі пасля заканчэння Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай кансерваторыі ўжо больш за пятнаццаць гадоў служыць у Санкт-Пецярбургскім Марыінскім тэатры. У яго рэпертуары больш за 40 партый класічнага і сучаснага рэпертуару. Асаблівае месца ў рэпертуары спевака займаюць вердзіеўскія партыі. За апошнія сезоны артыст дадаў у свой рэпертуар галоўныя партыі ў операх «Сымон Бокканегра» і «Рыгалета», а таксама партыю Манфора ў «сіцылійскай вячэрні» і Яга ў «Атэла». За ролю Сымона Бокканегры ў спектаклі Марыінскага тэатра Уладзіслаў Сулімскі быў ганараваны тэатральнай прэміі «Залаты сафіт» і намінаваны на «Залатую маску», ролю камісара Манфора прынесла яму оперную прэмію «Анегін».
Як запрошаны саліст Уладзіслаў выступаў у Вялікім тэатры Расіі, тэатрах Базеля, Мальмё, Штутгарта, Рыгі, Даласа, на Эдынбургскім, Зальцбургскім фестывалях, фестывалі ў Савонліне, фестывалі краін Балтыйскага мора і інш.
У сезоне 2016/17 артыст выступіў у венскім Мюзікферайн, выканаўшы пад кіраваннем Дзмітрыя Кітаенка «Песні і пляскі смерці» Мусаргскага, праспяваў Томскага на прэм'еры «Пікавай дамы» у Оперы Штутгарта, дона Карласа на прэм'еры «Сілы лёсу» ў Тэатры Базеля, дэбютаваў у партыі Рыгалета на Оперным фестывалі ў Санкт-Маргаретене (Аўстрыя).
Улетку 2018 года дэбютаваў на Зальцбургскім фестывалі ў пастаноўцы оперы «Пікавая дама» (Томскі).
Святлана Касьян - выпускніца Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі. Спявачка ўдзельнічала ў майстар-класах Джорджа Дардэна («Метрапалітэн-опера», Нью-Ёрк), Глорыі Гуідо Барэлі (Неапалітанская кансерваторыя), Джандоменіко Бізі, Рычарда Бадо (Х'юстанская опера) і Дзмітрыя Удовіна.
Стажыравалася ў Моладзевых праграмах Вялікага тэатра і Вашынгтонскай оперы. У 2011 годзе ў Італіі прыняла ўдзел у выкананні Дзевятай сімфоніі Бетховена, прамую тэлетрансляцыю сусветнай пастаноўкі глядзелі мільёны гледачоў. У 2012 годзе яе канцэрт у рамках фіналу Афінскага фестывалю сабраў у тэатры Адэон Герода Атычнага аншлаг, а знакаміты Мікіс Тэадаракіс назваў Святлану новай «Марыяй Калас». Святлана Касьян працавала з такімі дырыжорамі, як Кент Нагана, Джанандрэа Назеда, Стэфан Антон Рэк, Крыстафэр Мулдс, Павел Коган, Уладзімір Федасееў, Дзмітрый Юроўскі і інш. У 2017 адбылася прэм'ера Святланы у ролі Адабеллы ў оперы «Атыла» у Тэатры імя Лучана Павароці у Модэне і ў ролі Манон ў оперы «Манон Леско» у турынскім тэатры.
<br