Архiў навiн

Макбет - Уладзіслаў Сулімскі

 

 

«Яго Макбет заўсёды розны! Ніякага эфекту дня сурка! Гэта увасоблены таленавітым артыстам жывы чалавек, які ў залежнасці ад абставін змяняе свае паводзіны. Іншая партнёрка у ролі лэдзі Макбет - псіхалагічна іншы муж, новая сцэнічная пляцоўка - з'яўляюцца дадатковыя нюансы ў паводзінах персанажа, ўключаюцца элементы імправізацыі. На гэты конт у спевака багаты арсенал сродкаў. Пры гэтым не парушаецца генеральная лінія ладу. Яго Макбет заўсёды уладалюбівы, імпульсіўны, суровы і ўражлівы, але і нішто чалавечае яму не чужое! Страх, боль, смутак...» Такімі ўражаннямі пра Ўладзіслава Сулімскага ў вобразе Макбета дзеляцца гледачы.

 

19 кастрычніка зорка сусветнай оперы беларус Уладзіслаў Сулімскі - у Вялікім! Саліст Марыінскага тэатра выйдзе на мінскую сцэну ў загалоўнай партыі ў шэдэўры Дж. Вердзі «Макбет».

 

Барытон Уладзіслаў Сулімскі нарадзіўся ў Беларусі, горадзе Маладзечна. Пасля заканчэння Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай кансерваторыі імя Н.А. Рымскага-Корсакава ён стаў удзельнікам Акадэміі маладых оперных спевакоў Марыінскага тэатра, а ў 2004-м увайшоў у склад опернай трупы Марыінкі. Сулімскі праходзіў навучанне ў Мілане (у прафесара Р. Метрэ), удзельнічаў у майстар-класах Алены Абразцовай, Дзмітрыя Хварастоўскага, Уладзіміра Атлантава, Рэнаты Скотта, Дэніса О'Ніла. Уладзіслаў - лаўрэат шматлікіх конкурсаў - у Рыме, Маскве, Санкт-Пецярбургу, Варшаве і інш. У 2016-м Сулімскі стаў уладальнікам вышэйшай тэатральнай прэміі Санкт-Пецярбурга «Залаты сафіт» у намінацыі «Лепшая мужчынская роля ў оперным спектаклі» (за ролю Сымона Бокканегры ў пастаноўцы Марыінскага тэатра). А ў 2017-м - лаўрэатам яшчэ двух оперных узнагарод - прэміі «Анегін» за ролю Манфора ў спектаклі «Сіцылійская вячэрня» (намінацыя «Майстар сцэны») і прэміі Casta Diva (намінацыя «Спявак года»).

 

Як запрошаны саліст Уладзіслаў Сулімскі выступаў у Вялікім тэатры Расіі, тэатрах Базеля, Мальмё, Штутгарта, Рыгі, Даласа, на Эдынбургскім фестывалі, фестывалі ў Савонлинне, фестывалі краін Балтыйскага мора, на Оперным фестывалі ў Санкт-Маргаретене (Аўстрыя), на Зальцбургскім фестывалі.

 

А 1 жніўня гэтага года на адным з самых прэстыжных оперных фестываляў - Глайндборнскам ў Вялікабрытаніі Уладзіслаў Сулімскі выканаў партыю Мілера ў оперы Дж. Вердзі «Луіза Мілер».

 

Дадамо, што 19 кастрычніка ў оперы «Макбет» галоўныя партыі таксама выканаюць вядучыя салісты беларускай оперы: народная артыстка Беларусі Ніна Шарубіна (Лэдзі Макбет), заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Андрэй Валенцій (Банка), лаўрэат міжнародных конкурсаў Віктар Мендзелеў (Макдуф).

 

Застаецца нагадаць, што 16 кастрычніка Уладзіслаў Сулімскі таксама прыме ўдзел у сольным канцэрце Аксаны Волкавай ў Вялікім тэатры Беларусі.

0
0
0
s2sdefault

Партнёры