Архiў навiн

Канцэрт у Камернай. Новы фармат

 

 

 

23 лістапада ў Камернай зале будуць гучаць выдатныя творы беларускіх кампазітараў: Дзмітрыя Лукаса, Уладзіміра Солтана, Юрыя Семянякі, Яўгена Цікоцкага, Рыгора Пукста, Аляксандра Друкта, Анатоля Багатырова, Аляксея Туранкова, Уладзіміра Алоўнікава, Дзмітрыя Смольскага, Ігара Лучанка – на словы вялікіх класікаў – Якуба Коласа, Янкі Купалы, Максіма Багдановіча і многіх іншых.

«Для мяне асабіста гэтая праграма вельмі дарагая. Паверце, сярод гэтых твораў няма ніводнага, да якога можна было б паставіцца абыякава, – кажа канцэртмайстар оперы Вялікага тэатра Беларусі лаўрэат міжнародных конкурсаў і фестываляў Ірына Целяпнёва. – У канцэрт уключаны сапраўды жамчужыны беларускага класічнага раманса. Гэта найглыбокая музыка, якая павінна знаходзіць сваё месца на тэатральных афішах і ў канцэртных залах. Самае галоўнае для мяне ў гэтым вечары – абудзіць у людзях эмоцыю – жывую, сапраўдную, непасрэдную. Бо дзеля гэтага публіка і ходзіць на канцэрты. Калі я слухаю, напрыклад, Дзмітрыя Смольскага, слёзы наварочваюцца – настолькі ўзрушаючая музыка! Вельмі хочацца, каб гледачы пачулі і рамансы Льва Абеліёвіча – неверагоднага кампазітара і геніяльнага піяніста. Калі граю яго творы, атрымліваю сапраўднае задавальненне – настолькі яны гарманічныя. Будзе цудоўна, калі для кагосьці на канцэрце здарыцца адкрыццё – ён пачуе нешта дагэтуль невядомае…»

Мяркуецца, што канцэрт пройдзе ў адно аддзяленне. «І гэта невыпадкова, – працягвае Ірына Рабертаўна. – Я вельмі спадзяюся, што пасля праграмы мы з вамі, дарагія гледачы, застанемся і пагаворым. Давайце паспрабуем вынайсці новы фармат сустрэчы. Каб атрымалася не так традыцыйна: паапладзіравалі адзін аднаму – і разышліся ў розныя бакі, артысты - у адны дзверы, гледачы - у іншыя. Я гатова адказаць на любое пытанне, але вядома, што тычыцца музыкі. Паспрабуем не кідацца колкасцямі ў сацыяльных сетках. А размаўляць, гледзячы ў вочы адзін аднаму. Гарантую, што буду адказваць вам вельмі адкрыта, але і вы зможаце гэтак жа адкрыта выказаць, што вам спадабалася ці не спадабалася, што б вы інтэрпрэтавалі па-іншаму, ды і ўвогуле вельмі актуальна пагаварыць пра беларускую музыку ў прынцыпе. Для нас, артыстаў, такая сустрэча будзе вельмі важная. Спадзяюся, што і вам будзе цікава застацца і паразмаўляць…»

Дададзім, што ў канцэрце прымуць удзел: народная артыстка Беларусі Ніна Шарубіна, заслужаныя артысты рэспублікі Алена Сало, Алена Бундзелева, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Таццяна Пятрова, Таццяна Гаўрылава, Ганна Гур'ева, Алена Таболіч, Вольга Маліноўская, Святлана Марусевіч, Крыскенція Стасенка, Андрэй Мацюшонак, Аляксандр Краснадубскі. Вядучая - Вольга Кажгаліева.

Дарагія сябры! Паважаныя гледачы! Будзем удзячныя, калі вы выкажыце ў сацыяльных сетках тэатра, ці цікавы вам такі фармат вечара, з кім бы з удзельнікаў канцэрта вам было б цікава паразмаўляць, якія б пытанні пра беларускую музыку вы хацелі б задаць артыстам.

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры