Гэтая опера стала адным з першых твораў, з якога пачыналася гісторыя Вялікага тэатра Беларусі. Першая пастаноўка «Царскай нявесты» М. Рымскага-Корсакава на мінскай сцэне датуецца 1933 годам, у партыі Любашы - легендарная Ларыса Александроўская. Літаральна праз пяць гадоў да спектакля звярнулася ўжо новая творчая група. Трэцюю пастаноўку ажыццявілі ў 1950-м. І за 59 гадоў, што спектакль ішоў на сцэне тэатра, у ім удзельнічала некалькі пакаленняў бліскучых артыстаў. У розныя гады галоўныя партыі выконвалі: Тамара Ніжнікава, Ірына Шыкунова, Наталля Кастэнка, Людміла Златава, Тамара Глаголева, Алена Бундзелева (Марфа), Ларыса Александроўская, Лідзія Галушкіна, Святлана Данілюк, Наталля Руднева, Нагіма Галеева (Любаша), Юрый Бастрыкаў, Мiкалай Майсеенка, Аркадзь Саўчанка, Уладзімір Пятроў (Гразны), Ісідор Балоцін, Эдуард Пелагейчанка, Віктар Стральчэня (Лыкаў), Міхаіл Дружына, Віктар Чарнабаеў, Аляксандр Кеда (Сабакін) і інш. Дырыжыравалі гэтай операй знакамітыя музыканты: Генадзь Праватораў, Леў Лях, Таццяна Каламійцава, Вячаслаў Чарнуха-Воліч і інш.
У 2015 годзе гэты шэдэўр рускай музыкі вярнуўся на сцэну Вялікага тэатра. За гэтую пастаноўку рэжысёр Міхаіл Панджавідзэ і мастак Аляксандр Касцючэнка ўдастоiлiся Спецыяльнай прэміі дзеячам культуры і мастацтва. А крыху пазней опера атрымала яшчэ адну высокую ўзнагароду - Нацыянальную тэатральную прэмію, стаўшы лепшым оперным спектаклем 2016 года. Безумоўна, у гэтым заслуга ўсёй пастановачнай групы: дырыжора Мікалая Калядкі, рэжысёра Міхаіла Панджавідзэ, мастакоў Аляксандра Касцючэнкі (сцэнаграфія) і Ніны Гурло (касцюмы), хормайстра Ніны Ламановіч, салістаў оперы.
Гэты спектакль і ўбачаць гледачы Вялікага тэатра 11 лістапада. Загалоўную партыю - Марфы ўпершыню выканае маладая салістка оперы лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў Анастасія Храпіцкая. Будучы ў стажорскай групе тэатра, артыстка выходзіла ў вобразе Нарыны ў «Доне Паскуале». Затым гледачы апладзіравалі ёй за ролі Барбарыны і Сюзаны ў «Вяселлі Фігара» і Першай дамы ў «Чароўнай флейце».
- Для мяне наша «Царская нявеста» - адна з самых прыгожых пастановак у тэатры. Я вельмі люблю рускую оперу, - прызнаецца Анастасія. – Падчас вучобы ў Беларускай акадэміі музыкі мне пашчасціла выканаць дзве галоўныя партыі ў операх Чайкоўскага – Таццяны ў «Яўгеніі Анегіне» і Іаланты ў аднайменным творы. З задавальненнем спявала камерную музыку Рахманінава, Чайкоўскага, Рымскага-Корсакава ... І тут - Марфа! Мне падаецца, гэта цудоўны старт для маладой артысткі. Сама партыя невялікая, але вобраз зусім няпросты. З аднаго боку, нельга перайграць, з другога - нельга не ўжывацца ў ролю. Мая Марфа павінна здавацца анёлам, але не быць «блакітнай гераіняй», застаючыся практычна святой дзесьці на мяжы міроў… Калі вучылася ў старэйшых класах, у «Царскай нявесце» было два любимых героя – Гразной і Любаша. Здавалася, гэта не проста ролі - мара. Але зараз, вядома, люблю Марфу. Так, у Гразнога і Любашы нашмат больш музычнага матэрыялу, мабыць, больш цiкава выпісаны характары, ды і трансфармацыя іх вобразаў адбываецца ярчэй. Але гэтага ўсяго не было б бачна, кали б не Марфа. Менавіта ў параўнанні з яе роляй і яе партыяй астатнія героі выглядаюць так кантрасна… Шчасце, што я буду працаваць у спектаклі з узрушаючымі артыстамі: Станіславам Трыфанавым, Андрэем Валенціем, Аляксандрам Гелахам, Кацярынай Міхнавец, дырыжорам Мікалаем Калядкам.
Опера М. Рымскага-Корсакава «Царская нявеста» будзе дадзена 11 лістапада ў гонар юбілею заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь Алега Мельнікава. Артыст выйдзе ў ролі Малюты Скуратава.
Дарэчы, у гэты вечар нас чакае яшчэ адзін дэбют у спектаклі: у яскравай характарнай партыі Домны Сабуравай мы ўбачым Вольгу Маліноўскую.
Касса: +375 17 334-10-41