Архiў навiн

Баль-2022. Постфактум

 

 

Традыцыйна ў фае тэатра былі арганізаваны ўражлівыя атмасферныя лакацыі, сярод якіх і шмат гадоў запатрабаваныя астралагічныя прагнозы, варажбы на кававай гушчы, прадказанні на картах Таро, любімыя канцэртныя праграмы ў "Музычнай гасцінай" камернай залы і эксклюзіўныя пазнавальныя інтэрактыўныя гульні, прэзентацыі, майстар-класы.

 

Выдатную атмасферу стварылі цудоўныя музыканты – свае праграмы прадставілі трыа “Глорыя”, квартэт флейт і духавы квінтэт Вялікага тэатра Беларусі. У камернай зале імя Аляксандраўскай адбыліся праграмы "Ажыўшыя партрэты" і "Стары новы год з "Серанадай", тут жа можна было стаць удзельнікамі гульні, у якой пазмагаліся дамы і іх кавалеры. Упершыню на балі была прадстаўлена кампазіцыя "Калядная батлейка" з удзелам артыстаў дзіцячага музычнага тэатра-студыі і салістаў оперы.

 

У 21.00 на галоўнай сцэне тэатра пачаўся канцэрт "Каханне, інтрыгі і страсці каралёў", у якім прынялі ўдзел салісты оперы, салісты і артысты балета, артысты хору і аркестра тэатра (дырыжор - Алег Лясун).

 

А затым у фае бельэтажа шэсцем пастаноўшчыкаў і ўдзельнікаў балю ўрачыста адкрыўся Баль-маскарад. Сёлета гледачы сталі ўдзельнікамі Каралеўскага (дырыжор - Іван Касцяхін) і Венскага баляў (дырыжор - Уладзімір Авадок), а таксама традыцыйнай рэтра-вечарынкі з "A.M.A.D.I.S Brass".

 

Баль - гэта забаўкі, і іх было нямала ў гэтым годзе. На працягу святочнага дзейства можна было стаць удзельнікам квэста "Таямніцы Старога замка"; выканаць любімы твор у праграме “Караоке з зоркай”; даведацца пра свой лёс у «Гроце таямнічых прадказанняў»; зрабіць незабыўныя здымкі на памяць у шматлікіх фотазонах, якія былі раскіданыя па фае Старога замка; пабываць на майстар-класе па ўсходніх танцах або прайсціся па калідоры жахаў; навучыцца валодаць мячом на майстар-класе па сцэнічным баі; наведаць дэгустацыйную залу ў рыцарскім замку; пабываць на прыёме ў прынцэсы Турандот; прыняць удзел у майстар-класе па роспісе веераў; даведацца пра таямніцу трох карт у Пікавай дамы; абавязкова зайсці ў тэатральную гасціную Уршулі Радзівіл; ну і вядома, зазірнуць на рытарычныя спаборніцтвы ў грэцкі парк да Дэмасфена, дзе праводзіўся майстар-клас па дэгустацыі віна ў кампаніі з Дыянісам, чароўнымі німфамі і непаўторнымі гукамі чароўных музычных інструментаў.

 

Фінальнай кропкай свята (у 3 гадзіны ночы) стала вогненная феерыя на пляцоўцы каля тэатра.

 

***

Рэжысёрам-пастаноўшчыкам свята стала Ганна Маторная. Дапамагалі ёй Алена Сідор, Вольга Бураўлёва, Наталля Бараноўская, Марыя Ісаева. Танцавальныя заняткі ўдзельнікаў балю пад кіраўніцтвам балетмайстра-пастаноўшчыка балю Юліі Дзятко праходзілі з кастрычніка па студзень. Галоўную сцэну і фае тэатра аформілі мастакі Любоў Сідзельнікава і Кацярына Булгакава.

 

Да сустрэчы на Вялікім навагоднім балі ў 2023 годзе!

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры