Архiў навiн

Сулімскі. Трайны ўдар

 

У лютым у Вялікім нас чакаюць тры спектаклі з удзелам саліста Марыінскага тэатра (Санкт-Пецярбург) Уладзіслава Сулімскага.

bolshoibelarus.by



 

***

15 лютага ў «Пікавай даме» П.Чайкоўскага Сулімскі выйдзе ў партыі графа Томскага. «Граф Томскі, вядома, завадзіла ў гэтай тройцы, гэта ён падкінуў Герману, накшталт няўзнак, гісторыю аб трох выйгрышных картах, таямніцу якіх ведае графіня, – піша Марыя Казлова, аўтар кнігі эсэ пра Уладзіслава Сулімскага. – Але і прыяцелі яго не прамашка. Яны таксама нямала пастараліся, каб давесці псіхіку Германа аб кропкі кіпення і звесці яго з розуму! Пры кожным зручным выпадку яны нагадвалі яму аб трох картах як аб ключы да багацця і магчымасці жаніцца на Лізе. Нашэптвалі, казалі таямнічымі галасамі з-за калон або праходзячы міма. Яны весяліліся і мала клапаціліся аб магчымых наступствах… Балада Томскага «Тры карты», з бляскам выкананая Уладзіславам Сулімскім, выспела ў спевака ў скончаную вакальную мініяцюру, якая слухаецца з хваляваннем, як некалі ў дзяцінстве страшная казка. І радуе голас – захапляльнай прыгажосці і выразнасці!..». Дырыжор – Іван Касцяхін.

 ***

17 лютага пачуем Сулімскага – Гразнова ў яшчэ адной рускай оперы – "Царская нявеста" Н. Рымскага-Корсакава. Ён таксама ўпершыню спявае гэтую партыю на беларускай сцэне. «Рыгор Гразны – разбойнік, гвалтаўнік і верны слуга цара, – піша Марыя Ланда ў афіцыйнай групе артыста “УКантакце”. – Ён просты, але страшны, цудоўны Уладзіслаў Сулімскі выдатна перадае гэта вантробнае імкненне – "завалодаць". Лепш за ўсё ён расчыняецца ў канцы, калі героя раздзіраюць на часткі каханне, адчай і раскаянне...» Сам спявак не раз прызнаваўся, што яго захапляе праца над ролямі зладзеяў – вобразамі цёмнымі, небяспечнымі і пры гэтым вельмі складанымі. «Акцёрскае напаўненне прыходзіць, калі ты думаеш, разумееш, што спяваеш. І словам гэта перадаеш. А словам можна нешта перадаць, толькі калі ў цябе вакальна-тэхнічныя праблемы вырашаны ідэальна. Тады слова будзе працаваць».

У гэты вечар галоўныя партыі таксама выканаюць: Марфа - Алена Золава, Любаша – Аксана Якушэвіч, Сабакін – Андрэй Валенцій, Скуратаў – Алег Мельнікаў, Лыкаў – Аляксандр Гелах, Бамелій - Андрэй Мацюшонак, Сабурава – Вольга Маліноўская, Дуняша - Алена Сало. Дырыжор - Мікалай Калядка.

***

20 лютага Уладзіслаў Сулімскі выйдзе на сцэну Вялікага ў вобразе Валянціна – замацаваць мінулы поспех. Менавіта ў Мінску, у рамках Каляднага опернага форуму, спявак дэбютаваў у гэтай партыі ў шэдэўры Ш. Гуно "Фаўст". Як і заўсёды, Уладзіслаў проста ўразіў сваім акцёрскім напорам. Не паверыць яму было немагчыма.

У нядзелю галоўныя партыі ў пастаноўцы Ганны Маторнай праспяваюць: Доктар Фаўст - Сяргей Франкоўскі, Малады Фаўст – Юрый Гарадзецкі, Мефістофель – Андрэй Валенцій, Маргарыта – Таццяна Гаўрылава, Марта –- Кацярына Міхнавец, Зібель – Віктар Мендзялеў, Вагнер – Сяргей Лазарэвіч. Дырыжор – Уладзімір Авадок.

 

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры