– Неяк на вуліцах нашага горада мяне спынілі карэспандэнты радыё і задалі пытанне: "Што б вы пажадалі слухачам на 8 Сакавіка?" Я задумалася, а потым сказала: «Каб нашы мамы жылі доўга…» Мы так шмат і часта гаворым пра каханне, але толькі гаворым… Ці не лепш праспяваць пра яго?.. 6 сакавіка мы запрашаем гледачоў у Камерную залу тэатра, каб сказаць: самае галоўнае ў жыцці - шанаваць адзін аднаго, пакуль мы жывыя, казаць пра каханне, спяваць пра каханне, а галоўнае - праяўляць гэтае каханне, - кажа Алена Сало. – «Мелодыі кахання» – такая простая назва ў нашай праграмы, але, спадзяюся, яна будзе цікавая нашай публіцы, якой я прызнаюся ў каханні на шматлікіх мовах. У канцэрце абавязкова прагучаць: "Гімн кахання" Эдыт Піяф, раманс Роберта Шумана "З усходніх руж", вальс МакКэя і Максвела "Мая старая шатландская мама", знакамітая Violetera са знакамітага фільма "Прадаўшчыца фіялак", Por una cabeza Карласа Гардэля, "Мелодыя" Турэ Рангстэма, песня Ісаака Дунаеўскага «Пра вясну», рамансы Леаніда Захлеўнага «Сто слоў пра каханне» і Уладзіміра Алоўнікава «Я люблю», «Танец» з «Іспанскага трыпціха» Дзмітрыя Смольскага, «Карменсіта» Оскара Строка і «Родныя вочы» Оскара Фельцмана, "Раманс аб рамансе" Андрэя Пятрова. Цудоўны бас Дзмітрый Капілава праспявае «Вочы чорныя», «Я вас любіў…», арыю Мельніка з «Русалкі» А.Даргамыжскага.
…Колькі тысячагоддзяў існуе чалавецтва – столькі ж людзі спяваюць пра каханне. Пачуцці, аб якім мы ў апошні час часам забываемся, становімся цвёрдымі, не разумеем, што час сыходзіць хутка, мы губляем адзін аднаго; забываемся, наколькі значная прысутнасць блізкіх, родных, сяброў… Прыходзьце 6 сакавіка ў Камерную залу – і мы пагаворым пра самае галоўнае, што толькі ёсць на гэтым свеце.
За раялем - лаўрэат міжнароднага конкурсу Ірына Буцель.
Рэжысёр - Наталля Кузьмянкова.