Архiў навiн

 «Музычная скарбніца Нясвіжа»

 

 

 

ПАРТНЁРЫ ПРАЭКТУ

 

 

 

Тэатралізаваная і касцюміраваная праграма перанясе гледачоў у музычную пышнасць ранейшых эпох. Вакальную і інструментальную беларускую музыку, створаную некалькі стагоддзяў таму, выканаюць салісты оперы і струнны квартэт Вялікага тэатра Беларусі "Vivat-Quartet".


Фрагменты “Полацкага сшытка” – легендарнага помніка музычнай культуры нашых земляў – прагучаць у новых рэдакцыях, выкананых спецыяльна для “Vivat-Quartet”. Мелодыі часоў рэнесансу і ранняга барока, уключаныя ананімнымі аўтарамі ў гэты ўнікальны зборнік яшчэ ў 1640-х – 1670-х гадах, творча інтэрпрэтавалі сучасныя беларускія кампазітары Кацярына Гігевіч, Алена Атрашкевіч, Ірына Кулагіна і Аляксандр Кустоў.


У выкананні квартэта прагучаць і іншыя эксклюзіўныя творы, у тым ліку дывертысмент, серэнада і саната Мацея Радзівіла. Захавалася не так шмат музычных твораў гэтага вядомага дзяржаўнага дзеяча ВКЛ, драматурга кампазітара, і асноўныя з іх - выдатныя ўзоры галантнага стылю - будуць прадстаўлены ў праграме нясвіжскага фестывалю.

 

Гледачы пачуюць і музыку Яна Давіда Голанда, прыдворнага капельмайстра Караля Станіслава Радзівіла, які служыў у Нясвіжы ў канцы XVIII стагоддзя і стаў аўтарам першых беларускіх опер. Прагучаць таксама творы Андрэя Рагачэўскага, Міхала Клеафаса Агінскага, Осіпа Казлоўскага.


Большасць з твораў, якія будуць прадстаўлены ў канцэрце, з'явіліся ў рэпертуары "Vivat-Quartet" дзякуючы садзейнічанню эксперта па музычнай спадчыне Беларусі – доктара мастацтвазнаўства, прафесара Вольгі Уладзіміраўны Дадзіёмавай, якая ласкава прадаставіла для падрыхтоўкі праграмы нотныя матэрыялы са сваёй асабістай калекцыі.


У Тэатральнай зале Радзівілаўскага замка ў Нясвіжы выступяць уладальнікі медаля Францыска Скарыны Таццяна Гаўрылава і Юрый Гарадзецкі, а таксама лаўрэат міжнароднага конкурсу струнны квартэт Вялікага тэатра Беларусі «Vivat-Quartet» – Аніта Малюгіна (скрыпка), Ірына Маслава (скрыпка), Уладзімір Купрыянаў (альт), Аляксандр Іваноў (віяланчэль). Партыя фартэпіяна – уладальнік медаля Францыска Скарыны Юлія Шчарбакова. Рэжысёр - Наталля Кузьмянкова.


Пачнецца канцэрт у 12:00.

0
0
0
s2sdefault

Партнёры