Архiў навiн

Аляксандр Касцючэнка. Прысвячэнне

 

Аляксандр Касцючэнка (09.02.1958–26.08.2019) – беларускі і савецкі тэатральны мастак, галоўны мастак Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, мастак-жывапісец.
Вялікі тэатр оперы і балета Беларусі быў адзінай планетай для А.Касцючэнкі, прыдатнай па маштабе і габарытах. Тут ён максімальна і шчыра раскрываўся ўсё больш нечаканымі гранямі ў кожнай новай пастаноўцы, тут ён быў як рыба ў вадзе і як птушка ў небе, і тут ён быў абсалютна шчаслівы. Аляксандр часта гаварыў: “Тэатр – маё жыццё, мой другі дом”.
Побач з тэатрам у А.Касцючэнкі была майстэрня, дзе ён займаўся жывапісам і шкадаваў, што меў на гэта не столькі часу, колькі хацеў бы. Ён лічыў, што жывапіс – найвышэйшая кропка ўнутранага стану мастака. Ён да апошняй хвіліны маляваў аблокі, якія бачыў у акне.
На выставе жывапісу “Прысвячэнне” прадстаўлены работы Аляксандра Касцючэнкі за перыяд з 1990 па 2019гг. Гэта жывапісныя палотны розных жанраў: ад нацюрмортаў і пейзажаў да сюжэтных работ філасофскай накіраванасці. У жывапісных палотнах А.Касцючэнкі багата насычаная колеравая гама, экспрэсія і асаблівая энергаёмістасць. Сімвалічныя сюжэтныя палотны мастака – гэта яго разважанні пра жыццё.
Выстава працягнецца да 31 ліпеня 2022 года.

Аляксандр Аляксандравіч Касцючэнка
1958г. – нарадзіўся ў аг. Вішнева (Валожынскі раён, Беларусь);
1964г. – паступленне ў студыю выяўленчага мастацтва “Вясёлка” (педагог – У. Саўчанка);
1970г. – паступленне ў мастацкую школу №1;
1978-1982гг. – вучоба ў Мінскім мастацкім вучылішчы імя А.К. Глебава (цяпер Мінскі дзяржаўны мастацкі каледж імя А.К. Глебава);
1982-1988гг. – вучоба ў Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў) на аддзяленні “Мастак тэатра”;
1988г. – паступленне ў Беларускі дзяржаўны акадэмічны музычны тэатр на працу бутафорам, а потым начальнікам вытворчасці;
1994-2001гг. – праца ў Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі бутафорам, мастаком-скульптарам, заўпостам;
2001-2008гг. – праца ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры ім. М. Горкага галоўным мастаком;
2009-2019гг. – праца ў Вялікім тэатры оперы і балета Беларусі галоўным мастаком.

Гарадская мастацкая галерэя твораў Л.Шчамялёва, вул. Рэвалюцыйная, 10, серада – нядзеля, 11.00 – 19.00, (017) 342-24-26.

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры