Архiў навiн

Да юбілею Аляксандра Касцючэнкі

 

9 лютага ў 18:15 у фае бельэтажу тэатра адкрылася выстава жывапісу Аляксандра Касцючэнкі, галоўнага мастака беларускага Вялікага. У гэты дзень яму магло б споўніцца 65 год.

Выстава пройдзе пры падтрымцы Беларускага саюза мастакоў. Цёплымі ўспамінамі падзеляцца з гледачамі калегі і сябры Аляксандра Касцючэнкі.

У экспазіцыі будуць прадстаўлены жывапісныя работы Майстра: нацюрморты, пейзажы, творы філасофскай накіраванасці, афішы знакавых спектакляў, над якімі працаваў Аляксандр Аляксандравіч, а таксама макет сцэны "Царскай нявесты". Якраз у гэты вечар на сцэне - гістарычная драма М.Рымскага-Корсакава.

«Я вельмі добра ведала Аляксандра Аляксандравіча, але калі чалавек сыходзіць, пачынаеш глядзець і на яго самога, і на яго творчасць, успамінаць усе тыя сустрэчы, якія былі, з асаблівым пачуццём, – падзялілася ўспамінамі першы намеснік старшыні Беларускага саюза мастакоў мастацтвазнаўца Наталля Шаранговіч. - Я люблю спектаклі, над якімі ён працаваў у Оперным, і думаю, што той маштаб, які быў у яго як сцэнографа, яшчэ няхутка камусьці ўдасца паўтарыць. Таму што гэта было мысленне - прасторавае і каляровае - вялікага мастака, які ствараў творы мастацтва, якія ўражваюць сваім маштабам, фантазіяй, знакавасцю. Гэта вялікі дар - чалавека, мастака, прафесіянала. Шчасце, што пабывала ў яго ў майстэрні ў Вялікім тэатры; я памятаю яго апавяданні. Так, ён быў нешматслоўным чалавекам, але кожнае яго слова было на вагу золата. Галоўнае - ён ведаў, што робіць... Убачыць Аляксандра Касцючэнку - жывапісца, несумненна, стане адкрыццём. Прычым дзіўным адкрыццём. Нават у нацюрмортах, здавалася б, у такой простай, немудрагелістай форме, відаць, што ён думае глабальна і прасторава. А ў сваіх філасофскіх працах ён нібы ляціць над тэмай, думае, апярэджвае, дае сур'ёзны пасыл і пры гэтым застаецца жывапісцам - думае колерам. У яго такі адкрыты смелы колер! Гэтыя таленавітыя працы зачароўваюць. Складана казаць адносна Аляксандра Касцючэнкі "быў", таму што ён - ёсць. Гэтыя жывапісныя палотны, яго спектаклі ў Оперным – жывуць. Гэтая выстава – магчымасць “пачуць” мастака, “голас” яго прац, “гучанне” яго філасофіі...»

10 лютага балет «Ганна Карэніна» таксама прысвечаны Аляксандру Касцючэнку – гэта апошні спектакль, над якім працаваў Майстар у Вялікім.

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры