11 сакавіка на сцэне Вялікага тэатра – шэдэўр выбітнага нямецкага кампазітара Рыхарда Вагнера, які па праве ўваходзіць у «залаты фонд» вядучых оперных тэатраў, – спектакль «Лятучы галандзец».
Капітан галандскага судна ў парыве нейкай роспачы бязбожна пакляўся, што нягледзячы на шторм і вецер пройдзе міма небяспечнага мыса Добрай Надзеі, нават калі за гэта давядзецца прадаць уласную душу. І зараз… несмяротны капітан карабля асуджаны вечна бадзяцца па хвалях, марачы аб смерці, і толькі раз у сем гадоў схадзіць на бераг. Але калі Галандцу ўдасца знайсці верную жонку, ён будзе дараваны... Ці знойдзе ён выратаванне?... Даведаемся 11 сакавіка.
У гэты вечар нас чакае цудоўны склад артыстаў. Галоўныя партыі выканаюць саліст Вялікага тэатра Расіі Аляксандр Красноў (Галандзец), народная артыстка Беларусі Анастасія Масквіна (Сента), лаўрэаты міжнародных конкурсаў Віктар Мендзялеў (Эрык), Аляксандр Гелах (Рулявы), Дзмітрый Капілаў (Даланд), Кацярына Міхнавец (Мэры).
11 сакавіка кіраваць «Лятучым галандцам» запрошаны маэстра з Германіі - Вільгельм Кайтэль, якога даўно ведае і любіць беларускі глядач. «На працягу многіх гадоў я працую з Вялікім тэатрам Беларусі і яго артыстамі, што шчыра магу сказаць: калі прыязджаю ў Мінск, у мяне ствараецца адчуванне, што я дома. А сустрэча з музыкамі, якіх я сапраўды ведаю па імёнах, - гэта нібы сустрэча з сям'ёй, - прызнаўся Вільгельм Кайтэль. – Высокі прафесіяналізм, узровень выканання, музычная падрыхтоўка, дысцыплінаванасць… Магу выказаць выключна словы захаплення беларускімі артыстамі!»
Піяніст, дырыжор, імпрэсарыа Вільгельм Кайтэль з канца 1980-х выступае ў тэатрах Германіі, Швейцарыі, Італіі, Чэхіі, Венгрыі, займаецца арганізацыяй і правядзеннем оперных фестываляў у краінах Еўропы. У творчай біяграфіі Кайтэля – супрацоўніцтва з легендарным кампазітарам і дырыжорам Леанардам Бернстайнам у рамках традыцыйных летніх канцэртаў Бостанскага сімфанічнага аркестра ў Тэнглвудзе (ЗША), праца з такімі мэтрамі сімфанічнага дырыжыравання, як Крыстаф Эшэнбах і Густаў Кун.
Цеснае творчае супрацоўніцтва звязвае маэстра Кайтэля з Мінскам. У 1994 годзе ён заснаваў тут калектыў "Мінск-аркестра", з якім на працягу некалькіх гадоў гастраляваў па гарадах Аўстрыі і Германіі. У 2011 годзе пачалася сумесная творчая дзейнасць Вільгельма Кайтэля з сімфанічным аркестрам Белтэлерадыёкампаніі.
Супрацоўніцтва Вялікага тэатра Беларусі з дырыжорам працягваецца ўжо больш за 20 гадоў. Значны рэзананс мелі гастролі па адкрытых пляцоўках Германіі, Аўстрыі і Туніса, якія праходзілі на працягу некалькіх гадоў, пачынаючы з 2000-га, у рамках якіх былі прадстаўлены публіцы оперы "Набука", "Аіда", "Травіята" Дж. Вердзі, "Кармэн" Ж. Бізэ, «Чароўная флейта» В.А. Моцарта, «Турандот» і «Мадам Батэрфляй» Дж. Пучыні і «Карміна Бурана» К. Орфа. Нагадаем і аб сумесных турнэ сімфанічнага аркестра Вялікага тэатра Беларусі з Вільгельмам Кайтэлем па гарадах Германіі, Швейцарыі, Даніі.
Восенню 2022-га і ў студзені гэтага года Кайтэль прывёз у Мінск праграму «Музыка Галівуду. Джон Уільямс», якая з аншлагам прайшла ў Вялікім тэатры.