Архiў навiн

Новы, 91-ы

 

 

Вялікі тэатр Беларусі адкрывае новы, 91-ы сезон, прэм'ерамі мінулага тэатральнага года.

 

«Ён праменіць святло і робіць захапляльнае ўражанне. Радасць і жыццялюбства, якія зыходзяць ад спектакля, заўсёды будуць патрэбны гледачу...» Так пішуць пра гэты спектакль музычныя крытыкі. 8 верасня на нашай сцэне - адзін з самых папулярных класічных балетаў ва ўсім тэатральным свеце - "Дон Кіхот" Л.Мінкуса. У сваёй афішы яго імкнецца мець практычна кожная балетная трупа кіроўных тэатраў. А глядач заўсёды рады сустрэчы з героямі гэтага спектакля. На сцэне беларускага Вялікага ён вытрымаў шэсць рэдакцый. 24 сакавіка 2023-га прайшла прэм'ера сёмы - у новых дэкарацыях і новых касцюмах ажыла вясёлая, лёгкая, запальная гісторыя двух закаханых - Кітры і Базіля. Пастаноўшчыкам выступіў славуты харэограф Валянцін Елізар'еў, мастацкі кіраўнік Вялікага тэатра, народны артыст СССР і Беларусі. У аснове сюжэту балета – адзін з эпізодаў рамана М.Сервантэса «Мудрагелісты ідальга Дон Кіхот Ламанцкі». "Петыпа, а ўслед за ім Горскі цікавіліся ў рамане не яго галоўнымі героямі, а фонам, які дае падставу для іспанскіх танцаў" – напісаў вядомы гісторык балета Ю.Слонімскі. Сапраўды, спектакль весела і дасціпна расказвае пра вяселле багатага, але няўдачлівага Гамаша і прыгажуні Кітры, якая закахана ў Базіля. Закаханыя звяртаюцца да самых розных хітрасцей, каб усё ж быць разам.

 

 

 

 

 

9 верасня ў Вялікім працягне панаваць атмасфера Іспаніі, праўда, на гэты раз не Барселоны (як у «Дон Кіхоце»), а Севіллі. На сцэне - "Севільскі цырульнік". Прыгажосць музыкі, віртуозныя вакальныя партыі, нечаканыя сюжэтныя павароты, вясёлыя прыгоды - усё гэта камічная опера Дж.Расіні. Гэта традыцыйная італьянская камедыя масак, дзе і сёння так лёгка пазнаць герояў і сітуацыі, у якія яны пападаюць. Настолькі актуальным здаецца гэты твор, які напісаны больш за два стагоддзі таму. "Севільскі цырульнік", мабыць, самая вядомая опера кампазітара. Практычна адразу ж пасля першых паказаў спектакля Расіні атрымаў "званне" - "італьянскі Моцарт". Джузэпэ Вердзі быў так уражаны гучаннем «…Цырульніка» Расіні, што не раз казаў пра оперу як лепшы музычны твор у жанры оперы-буфа. А Генрых Гейне называў Расіні «боскім маэстра», захапляючыся музычнай мовай італьянскага кампазітара. Сюжэт оперы «Севільскі цырульнік» просты: маладыя людзі кахаюць адзін аднаго і жадаюць ажаніцца - насуперак волі апекуноў, а мудрагелісты цырульнік - спрытняга і вастраслаў - ва ўсім дапамагае закаханым. «Гэтая опера – соль Італіі», – кажа рэжысёр Альда Тарабэла. За мастацкае афармленне адказвае таксама мастак з Італіі - Энрыка Мусеніч (сцэнаграфія і касцюмы). Дырыжорам-пастаноўшчыкам выступіў Уладзімір Авадок. (Выпускнік Беларускай акадэміі музыкі, ён бліскуча пачаў сваю кар'еру, перамогшы ў Італьянскай опернай акадэміі легендарнага маэстра Рыкарда Муці.)

 

 

 

 

 

«Апранутыя ў шлюбныя сукенкі, увянчаныя кветкамі, скачуць цудоўныя вілісы пры святле месяца, скачуць тым горш і хутчэй, чым больш адчуваюць, што дадзеная ім для скокаў гадзіна заканчваецца і яны зноў павінны сысці ў свае халодныя, як лёд, магілы…» Ператварыцца ў ледзяную істоту без душы і сэрца можна і пры жыцці. А вось сіле сапраўднага кахання не зможа супрацьстаяць нават сама смерць. 10 верасня на сцэне Вялікага тэатра Беларусі ажыве старажытная легенда аб помслівых нявестах замагільнага свету, якія былі ашуканы ўмілаванымі і памерлі да свайго вяселля. Адзін з самых прыгожых рамантычных балетаў - "Жызэль" А.Адана - вярнуўся на беларускую сцэну восенню 2022 года - у пастаноўцы Ігара Колба, галоўнага балетмайстра тэатра, заслужанага артыста Расіі.

 

 

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры