Архiў навiн

Лаўрэаты – на сцэну!

 

8 снежня ў Вялікім тэатры Беларусі пройдзе канцэрт лаўрэатаў XVII Міжнароднага конкурсу імя П. І. Чайкоўскага. Гэта дата была выбрана невыпадкова: менавіта ў гэты дзень, 24 гады таму – 8 снежня 1999-га паміж Беларуссю і Расіяй быў падпісаны дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Своеасаблівым сімвалам культурнага супрацоўніцтва нашых народаў і стане гэты канцэрт.

Міжнародны конкурс імя П. І. Чайкоўскага, які праводзіцца з 1958 года, з'яўляецца найбуйнейшай падзеяй у свеце класічнай музыкі. «Гэта найважнейшы конкурс. Яго значэнне пераацаніць цяжка ці нават немагчыма. Тут узнагароджвалі побач прадстаўнікоў Расіі і ЗША, Расіі і Паўднёвай Карэі, Расіі і Вялікабрытаніі, Расіі і Францыі. Расея прымае ў сябе лепшых маладых музыкаў. Вось у гэтым неверагодная, я б сказаў, непераадольная сіла музыкі. Таму падстроіць пад музыку працэсы любога характару немагчыма. Наша публіка і сябры журы маюць інтэрнацыянальны склад. І ўсе яны вялізныя прыхільнікі творчасці Баха, Моцарта, Чайкоўскага, Пракоф'ева. Нас гэта аб'ядноўвае, мы не шукаем спосабаў, як адлучыць сябе ад іншых. Наадварот, мы заўсёды жывем у адной агульнай непадзельнай прасторы...», – сказаў сусветна вядомы дырыжор, генеральны дырэктар і мастацкі кіраўнік Марыінскага тэатра (Санкт-Пецярбург) Валерый Гергіеў, сустаршыня Аргкамітэта XVII Міжнароднага конкурсу імя П.І.Чайкоўскага. (У гэтым годзе конкурс праходзіў летам у Маскве і Санкт-Пецярбургу.)

Успомнім, што прызавыя месцы конкурсу прынеслі сусветную вядомасць многім музыкам, сярод якіх піяністы Ван Кліберн, Эліса Вірсаладзе, Міхаіл Плятнёў, Дзяніс Мацуеў; скрыпачы Гідан Крэмер, Уладзімір Співакоў, Алег Каган; віяланчэлісты Марыё Брунела, Давід Герынгас, Наталля Гутман, Антоніа Менезес, вакалісты Уладзімір Атлантаў, Алена Абразцова, Зураб Саткілава, Яўген Несцярэнка, Паата Бурчуладзэ, Хібла Герзмава і многія іншыя. Асноўная мэта гэтага конкурсу – знайсці новых таленавітых музыкаў.

Менавіта яны – маладыя і таленавітыя лаўрэаты XVII Міжнароднага конкурсу імя П.І.Чайкоўскага стануць галоўнымі героямі гэтага вечара 8 снежня. Лаўрэат III прэміі Леў Жураўскі (кларнет), лаўрэат III прэміі Ілья Папоян (фартэпіяна), лаўрэат II прэміі Ганна Камарова (флейта), лаўрэат II прэміі Равіль Іслямаў (скрыпка) – удзельнікі праграм Санкт-Пецярбургскага Дома музыкі, які быў створаны па ініцыятыве народнага артыста Расійскай Федэрацыі Сяргея Ралдугіна. Сапраўдным падарункам для гледачоў стане выступленне ў праграме самога Сяргея Ралдугіна – аднаго з найбольш вядомых рускіх віяланчэлістаў. Сяргей Паўлавіч разам з аркестрам выканае "Усходні танец" С.Рахманінава. Дадамо, у красавіку гэтага года Сяргей Ралдугін ужо выступаў у беларускім Вялікім – яго віртуозную гульню можна было пачуць на канцэрце да Дня яднання народаў Беларусі і Расіі і ў гонар 150-годдзя С.Рахманінава.

Нам вельмі прыемна сказаць, што ўладальніцай Бронзавага медаля - Трэцяга месца XVII Міжнароднага конкурсу ім. П.І.Чайкоўскага - стала маладая беларуская спявачка Альбіна Тонкіх (сапрана), вучаніца народнай артысткі Беларусі салісткі оперы Вялікага тэатра Ніны Шарубінай.

Альбіна нарадзілася ў Мінску, скончыла Гімназію-каледж мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка, затым - Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі па спецыяльнасці "сольныя спевы". У 2017-м стала ўладальніцай I прэміі Міжнароднага конкурсу юных вакалістаў KAUNAS SONORUM у Вільнюсе, у 2018-м - прайшла стажыроўку ў Латвійскай акадэміі музыкі імя Я. Вітола. У 2019 выступіла з Каўнаскім сімфанічным аркестрам пад кіраўніцтвам Вільмантаса Калійнаса. У 2021-м выканала партыю Іаланты ("Іаланта" П. Чайкоўскага) на адкрыцці "Велікоднага фестывалю" ў Мінску (дырыжор Ю. Караваеў). У верасні 2021-га прынята ў Маладзёжную оперную праграму Вялікага тэатра Расіі (Масква).

8 снежня Альбіна Тонкіх адкрые канцэрт – выканае рэчытатыў і арыю Маргарыты з оперы «Фаўст» Ш.Гуно, а таксама рэчытытаў і арыю Аксаны з оперы «Чаравічкі» П.Чайкоўскага.

Ілья Папаян нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу. Навучацца ігры на фартэпіяна пачаў у Пецярбургскай дзіцячай школе мастацтваў ім. С.У. Рахманінава. Затым была вучоба ў Сярэдняй спецыяльнай музычнай школе пры Кансерваторыі ім. Н.А. Рымскага-Корсакава. Цяпер юнак - студэнт гэтай кансерваторыі (клас заслужанага артыста Расійскай Федэрацыі, прафесара Аляксандра Сандлера). Да 20-ці гадоў Ілья Папоян стаў уладальнікам многіх прэстыжных узнагарод: пераможца міжнароднага Шапенаўскага конкурсу (2016, Нарва, Эстонія), уладальнік спецыяльнага прыза за лепшае выкананне твораў І.С. Баха на міжнародным юнацкім конкурсе ім. П.І. Чайкоўскага (2017, Астана, Казахстан), лаўрэат II прэміі агульнарасійскага конкурсу «Маладыя здольнасці Расіі» (2019) - і гэта далёка не ўсе яго перамогі. Піяніст выступае на вядучых сцэнах Масквы, Санкт-Пецярбурга (уключаючы Марыінскі тэатр і Санкт-Пецярбургскую філармонію), Астаны, Нарвы, Таліна, а ў лютым 2023-га выступіў з сольным канцэртам у брусельскай зале Флажэ.

У Мінску Ілля Папаян выканае з аркестрам Другі фартэпіянны канцэрт П.Чайкоўскага – "эфектны твор для дэманстрацыі бліскучага майстэрства выканаўцы".



Леў Жураўскі нарадзіўся ў Санкт-Пецярбургу. Скончыў сярэднюю адмысловую музычную школу пры Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай кансерваторыі ім. Н.А.Рымскага-Корсакава. З 2018 года - студэнт Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі ў класе таго ж педагога. З 2019 года - саліст аркестра Міхайлаўскага тэатра. У 15 гадоў Леў стаў пераможцам Санкт-Пецярбургскага адкрытага конкурсу юных выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах, у 16 гадоў - лаўрэатам II прэміі III Міжнароднага конкурсу "Вэбер-кларнет" у Петразаводску і ўладальнікам Гран-пры II Міжнароднага адкрытага конкурсу выканаўцаў на драўляных і медных духавых інструментах "Фанфары Пецярбурга". Леў Жураўскі працягнуў забіраць прызы на шматлікіх міжнародных конкурсах і фестывалях - як у Расіі, так і ў Швейцарыі, Чэхіі, Германіі. Леў выступае ў залах Санкт-Пецярбурга, у тым ліку - Марыінскага тэатра, Філармоніі і Капэлы. Гастраляваў у Нідэрландах і Швейцарыі. У 2018 годзе прыняў удзел у гастрольным турнэ па Азіі ў складзе Усерасійскага юнацкага аркестра пад кіраўніцтвам Юрыя Башмета.
На сцэне Вялікага тэатра Беларусі Леў Жураўскі выканае Інтрадукцыю, тэму і варыяцыі для кларнета з аркестрам сі-бемоль мажор Дж.Расіні.


Ганна Камарова нарадзілася ў Абакане. У 2010-м паступіла ў сярэднюю спецыяльную музычную школу Санкт-Пецярбургскай дзяржаўнай кансерваторыі, потым прадоўжыла навучанне ў Кансерваторыі ў класе заслужанага артыста Расіі, саліста Марыінскага тэатра Валянціна Чаранкова. Пачынаючы з 2011 года Ганна станавілася пераможцай шэрагу міжнародных конкурсаў - у Партугаліі, Вене, Швецыі, Украіне, Расіі, Германіі. 2022-гі прынёс цэлы камплект узнагарод: лаўрэат I прэміі і спецыяльнага прыза нямецкага флейтавага таварыства міжнароднага конкурсу ім. А. Нікале (Кітай), лаўрэат V прэміі і ўладальніца спецыяльнага прыза за выкананне сучаснага твора на X міжнародным конкурсе флейтыстаў у Кобе (Японія), лаўрэат II прэміі на міжнародным конкурсе маладых флейтыстаў у Тампэрэ (Фінляндыя). Як салістка выступае ў канцэртных залах Расіі і за мяжой. Супрацоўнічае з многімі калектывамі Санкт-Пецярбурга, з'яўляецца салісткай аркестра MusicAeterna пад кіраўніцтвам Тэадора Курэнтзіса.

У выкананні Ганны Камаровай пачуем Бліскучую фантазію на тэмы з оперы Ж.Бізэ «Кармэн» для флейты з аркестрам Ф.Борна.



Равіль Іслямаў нарадзіўся ва Уладзіміры. Выпускнік Цэнтральнай музычнай школы пры Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі ім. П.І.Чайкоўскага, у цяперашні час - студэнт гэтай Кансерваторыі. Равіль - пераможца Моладзевых Дэльфійскіх гульняў розных гадоў - у Цюмені, Маскве, Уладзівастоку, уладальнік Гран-Пры на XII Міжнародным конкурсе скрыпачоў ім. Бетховена (Аўстрыя), пераможца III Усерасійскага музычнага конкурсу (Масква). У цяперашні час іграе на скрыпцы Джузэпэ Гварнеры «дэль Джэзу» 1735 года, прадстаўленай Санкт-Пецярбургскім Домам музыкі.

У Мінску мы пачуем Канцэртную фантазію на тэмы з оперы Дж.Гершвіна «Поргі і Бэс» для скрыпкі з аркестрам І.Фралова.

 

Публіка пачуе Сімфанічны аркестр Вялікага тэатра Беларусі. За дырыжорскім пультам - малады маэстра Юры Дземідовіч.


Юры Дземідовіч нарадзіўся ў Менску. Скончыў факультэт харавога дырыжыравання Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (клас Ларысы Шымановіч). З 2015 года вучыўся ў Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі ім. П. І. Чайкоўскага – на кафедры харавога дырыжыравання (клас Станіслава Калініна), кафедры сольных спеваў (клас Аляксея Мартынава), займаўся кампазіцыяй у Валерыя Кікты. Пасля заканчэння чацвёртага курса перавёўся на кафедру оперна-сімфанічнага дырыжыравання (клас Вячаслава Валеева), якую з адзнакай скончыў у 2021-м. З таго ж года - асістэнт-стажор Маскоўскай кансерваторыі і дырыжор Опернага тэатра Маскоўскай кансерваторыі. Падчас навучання быў асістэнтам на спектаклях «Багема» Дж.Пучыні, «Травіята» Дж.Вердзі, «Яўген Анегін» П.Чайкоўскага. У 2021-м выступіў дырыжорам-пастаноўшчыкам оперы "Алека" С. Рахманінава.


Юрый Дземідовіч - уладальнік спецыяльнага прыза Міжнароднага конкурсу піяністаў, кампазітараў і дырыжораў ім. С.У. Рахманінава (Масква, 2022). Таксама ён дырыжыраваў Канцэртным сімфанічным аркестрам Маскоўскай кансерваторыі, аркестрам студэнтаў Маскоўскай кансерваторыі на выступах Дзяніса Мацуева.

Арганізатары канцэрта - Вялікі тэатр Беларусі і Санкт-Пецярбургскі Дом музыкі пры садзейнічанні Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы. Да 24-годдзя ўтварэння Саюзнай дзяржавы.

0
0
0
s2sdefault

Партнёры