Архiў навiн

Міхаіл Пірагоў: зноў у Мінску

 

 

 

«Міхаіл Пірагоў не стаіць на месцы, а ўвесь час расце, рухаецца наперад, развіваючы свае прафесійныя кампетэнцыі – як музычна-тэхнічныя, так і артыстычныя. Яго Герману ў мінскай пастаноўцы верыш па Станіслаўскім не толькі як музыку-спеваку, але і як артысту, які нясе са сцэны ў глядзельную залу свой унутраны свет, сваю інтэлектуальнасць і сваё, калі жадаеце, псіхалагічна суб'ектнае напаўненне архетыпу гэтай вялікай опернай ролі» – напісаў адмысловы карэспандэнт Belcanto.ru Ігар Карабін, калі ў кастрычніку ў пастаноўцы оперы П.Чайкоўскага "Пікавая дама" ў Вялікім тэатры Беларусі партыю Германа ў Мінску выканаў запрошаны артыст з Міхайлаўскага тэатра (Санкт-Пецярбург) Міхаіл Пірагоў.

Заслужаны артыст Рэспублікі Буратыя, запрошаны саліст Новасібірскага тэатра оперы і балета, "Новай Оперы" (Масква) і Вялікага тэатра Расіі, лаўрэат расійскай нацыянальнай прэміі "Залатая маска" зусім нядаўна стаў салістам Міхайлаўскага тэатра. Безумоўна, Міхаіла Пірагова ведае і любіць беларуская публіка. 11 студзеня ён выканае партыю Калафа ў казачнай оперы Дж.Пучыні «Турандот».


«Выдатны тэатр, выдатныя калегі, а які цёплы глядач у Беларусі! – не хавае сваіх эмоцый Міхаіл Пірагоў. – Пасля першага выступу ў Менску былі нават думкі пераехаць з сям'ёй у Беларусь – настолькі і горад, і людзі, і тэатр натхнілі…»

 

"Турандот" - неверагодная па прыгажосці опера, але і такая ж складаная. Тут неабходна быць максімальна сабраным і сканцэнтраваным. Гледача не падмануць: на сцэне трэба жыць, любіць - па-сапраўднаму, а калі ненавідзець - то да жадання забіць!..» - кажа Міхаіл.

Дададзім, што дырыжыраваць спектаклем будзе галоўны маэстра тэатра, народны артыст Рэспублікі Башкартастан Арцём Макараў.


Таксама галоўныя партыі выканаюць: Анастасія Малевіч (Турандот), народныя артысты краіны Анастасія Масквіна (Ліу) і Уладзімір Громаў (Пінг), Станіслаў Трыфанаў (Цімур), Юрый Балоцька (Понг), Янаш Нелепа (Панг), Аляксандр Міхнюк (Імператар).

 

 

0
0
0
s2sdefault

Партнёры