"З Новым годам, юныя сябры!" - традыцыйна звяртаўся Вялікі тэатр да юных гледачоў, прадстаўляючы оперныя і балетныя пастаноўкі, якія можна было ўбачыць штодня на працягу школьных канікул.
Спектаклі ішлі адзін-два разы на дзень звычайна з 2 па 10 студзеня. У розныя гады гэта былі «Снягурачка» і «Чыпаліна», «Шчаўкунок» і «Чараўнік Ізумруднага горада», «Церам-Церамок» і «Доктар Айбаліт», «Папялушка», «Спячая прыгажуня», «Воўк і сямёра казлянят», «Пітэр Пэн». 1 студзеня 1971 гады праводзіўся нават Канцэрт-баль для навучэнцаў старэйшых класаў.
Галоўны хормайстар беларускага Вялікага тэатра народная артыстка Беларусі Ніна Іосіфаўна Ламановіч успамінае: «Калі я студэнткай прыйшла ў тэатр у 1976 годзе, у трупе было 32 саліста. Цікава, што ніхто не адмаўляўся ад невялікіх роляў. Народная артыстка СССР Тамара Ніжнікава сёння спявала Разіну ў «Севільскім цырульніку», а заўтра Ліску ў «Церамку». Юрый Бастрыкаў, народны артыст БССР, спяваў Важака малпаў у оперы «Чараўнік Ізумруднага горада», а назаўтра – Валянціна ў «Фаўсце». Заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Віктар Скорабагатаў выконваў партыю Вожыка ў оперы «Церам-Церамок». Людзі хацелі спяваць усё - не важна вялікая партыя ці маленькая. У тэатры няма маленькіх партыяў і маленькіх артыстаў. У тэатры трэба ўсё ведаць, усё спяваць і лічыць за шчасце выступаць на сцэне… У дзіцячых спектаклях спявалі найлепшыя спевакі, бо дзецям трэба даваць лепшае. Я лічу, такая планка неабходная».
У сёлетнім тэатральным сезоне ў дні зімовых канікул для юных гледачоў таксама падрыхтавана спецыяльная дзіцячая праграма: балеты "Шчаўкунок", "Тры парасяці", "Канёк-Гарбунок", оперы "Чароўная музыка" і "Церам-Церамок", экскурсіі і інтэрактыўныя прадстаўленні ў Камернай зале. 29 снежня адбудзецца ўрачыстае ўзнагароджанне пераможцаў конкурсу дзіцячай навагодняй цацкі. Перад пачаткам спектакляў юнакоў і дзяўчат будуць сустракаць Дзед Мароз і Снягурачка.