Прэм'ера балета А.Адана адбылася 28 чэрвеня 1841 года ў Акадэміі музыкі і танца ў Парыжы – з гэтага моманту "Жызэль" чакаў небывалы поспех. Ужо ў 1842-м спектакль быў пастаўлены ў Пецярбургу французскім балетмайстрам Антуанам Ціцюсам Дошы (Ціцюс). Далей "Жызэлі" апладзіравалі ў Лондане, Мілане, Бостане. Але, мабыць, менавіта Марыус Петыпа ў 1884-м для Марыінскага тэатра стварыў такую рэдакцыю балета, што да гэтага часу ён па праве лічыцца трэцім аўтарам харэаграфіі "Жызэлі" – пасля Жана Каралі і Жуля Перо.
У верасні 2022 года галоўны балетмайстар Вялікага тэатра Беларусі заслужаны артыст Расіі Ігар Колб прэзентаваў новую рэдакцыю знакамітага балета на беларускай сцэне.
«Калі мне было прапанавана заняцца гэтай пастаноўкай, пры гэтым быў запланаваны перанос версіі Марыінскага тэатра, я зразумеў, што тут не патрэбная чарговая копія, – кажа Ігар Паўлавіч. -Я звярнуўся ў архіў Музея тэатральнага і музычнага мастацтва ў Пецярбургу і пачаў старанна вывучаць гісторыю стварэння, пастановак, рэдакцый і змяненняў балета. Пры працы з музычным матэрыялам я знайшоў фрагмент па-дэ-дэ Жызэлі і Альберта з першага акту, музыка якога нідзе не гучала, і палічыў правамерным уключыць яго ў пастаноўку Вялікага тэатра Беларусі і, пры захаванні гістарычнай справядлівасці ў выкарыстанні асноўнага музычна-харэаграфічнага тэксту, унесці сваю аўтарскую харэаграфію ва фрагмент першага акта. Дарэчы, тут я таксама захаваў традыцыю ўвядзення ўстаўных па-дэ-дэ для новай версіі. Для аркестроўкі гэтага матэрыялу мы звярнуліся да мэтра – вядомага беларускага кампазітара Вячаслава Кузняцова. Такім чынам узнікла новае па-дэ-дэ для сцэны сялянскага вяселля. Яна мае прынцыповае значэнне ў драматургіі ўсяго спектакля, гэта важны вузлавы момант першага акта: на фоне агульнай весялосці зараджаецца трагедыя. Менавіта ў момант назіранага гераіняй шчасця ў яе свядомасці адбываецца пералом - спружына, сціснутая да ўпора, пачынае разгортвацца ў зваротным кірунку... У "Жызэлі" мне важны містыцызм, стварэнне "той самай" тагасветнасці, магіі адчуванняў -з'яўленні віліс з-пад зямлі , пралёты над сцэнай, эфект бязважкасці. Пераходы са стану фізічнай рэальнасці ў стан ірэальны і зваротная праява ў рэальнасці ўжо ў новай якасці…»
29 студзеня галоўныя партыі - Жызелі і Альберта - у балеце А.Адана выканаюць маладыя салісты тэатра "Астана Опера" (Казахстан) Анастасія Заклінская і Дыяс Курмангазы.
Анастасія Заклінская закончыла Акадэмію рускага балета ім. А.Я.Ваганавай (Санкт-Пецярбург) у 2013-м, з таго ж года пачала працу ў трупе Марыінскага тэатра. З 2016 года яна стала салісткай балета тэатра "Астана Опера" (Казахстан). За гэты час яна паспяхова выканала партыі Зарэмы («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф'ева), Эсмеральды («Эсмеральда» Ц. Пуні), Вулічнай танцоркі («Дон Кіхот» Л. Мінкуса), Забеіды («Шэхеразада» Н.Рымскага-Корсакава»), Куртызанкі («Манон» на музыку Ж. Массне), Жызэлі («Жызэль» А. Адана) і інш.
Дыяс Курмангазы зусім нядаўна служыць у тэатры "Астана Опера" – з 2019-га, як толькі скончыў харэаграфічную вучэльню ў Алматы. Але яму ўжо апладзіравалі гледачы за выкананне невялікіх, але характэрных партый у балетах "Шчаўкунок" П.Чайкоўскага, "Баядэрка" Л.Мінкуса, "Капелія" Л.Дэліба, "Бахчысарайскі фантан" Б.Асаф'ева. Таксама ў актыве Дыяса партыі Ротбарта ў «Лебядзіным возеры» П.Чайкоўскага і Альберта ў «Жызелі» А.Адана.
І Анастасія Заклінская, і Дыяс Курмангазы паспяхова выступалі на сцэнах іншых тэатраў - у рамках гастроляў тэатра "Астана Опера". Беларускі глядач убачыць маладых артыстаў з Казахстана ўпершыню.