Калі гэты спектакль з'явіўся на сцэне Вялікага тэатра Беларусі ў далёкім 1980 годзе, у невялікую рэспубліку сталі прыязджаць прыхільнікі балета з усёй прасторы вялізнага Савецкага Саюза – убачыць гэты шэдэўр, створаны сапраўднымі Майстрамі: кампазітарам Арамам Хачатуранам, харэографам Валянцінам Елізар'евым, дырыжорам Яраславам Вашчаком і мастаком Яўгенам Лысікам. За дзесяцігоддзі свайго існавання гэты балет пакарыў практычна ўвесь свет. Беларускім артыстам апладзіравалі гледачы Еўропы і Азіі – у Вялікабрытаніі, Бельгіі, Францыі, Швейцарыі, Галандыі, Іспаніі, Італіі, Партугаліі, Грэцыі, Польшчы, Расіі, Літве, Эстоніі, Малдове, Егіпце, Сірыі, Тайландзе, Сінгапуры, Індыі, Турцыі, Паўднёвай Карэі, Індыі, на Кіпры, у Кітаі і ў іншых краінах.
5 красавіка жыхары і госці Ташкента змогуць убачыць легендарны балет А. Хачатурана «Спартак», які ў 2017-м набыў другое жыццё, менавіта сёлета пачалося існаванне спектакля ў новым фармаце - аднаўлення. (Над новай рэдакцыяй працаваў сам харэограф-пастаноўшчык - мастацкі кіраўнік Вялікага тэатра Беларусі, народны артыст СССР і Беларусі, прафесар Валянцін Елізар'еў).
На сёння існуюць дзясяткі версій балета "Спартак", але толькі нямногія з іх могуць лічыцца легендарнымі. Беларуская пастаноўка Елізар'ева, без ілжывай сціпласці, адна з такіх. Гэта сапраўды знакавы для сусветнага балета твор неверагоднай духоўнай сілы, вяршыня сапраўднага мастацтва – цудоўнае палатно, якое спалучае традыцыі класічнага балета, яркі, аўтарскі – елізар'еўскі – харэаграфічны почырк, глыбокае філасофскае асэнсаванне жыцця і яго каштоўнасцяў, галоўным з якіх абвяшчаецца Любоў. Часта "Спартак" называюць "мужчынскім балетам", але маэстра Елізар'еў з гэтым не згодны. «Каханне заўсёды знаходзіцца ў цэнтры спектакля. У гэтым балеце яна – яго душа… А там, дзе перамагае каханне, – там, перш за ўсё, жанчына…»
Балет А. Хачатурана “Спартак” у пастаноўцы В. Елізар'ева жыве на беларускай сцэне вось ужо больш за 40 гадоў. Упершыню яго ўбачаць ва Узбекістане.
"Спартак" - адна з самых масавых пастановак тэатра, у спектаклі бяруць удзел каля 50 артыстаў. Менавіта яны раскажуць гісторыю самага вядомага паўстання супраць Рыма - пад кіраўніцтвам высакароднага фракійца Спартака, імя якога жыве ў стагоддзях.
Галоўныя партыі 5 красавіка на сцэне Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатра ім. А.Навоі выканаюць вядучыя салісты Вялікага тэатра Беларусі: народны артыст Антон Краўчанка, заслужаныя артысты рэспублікі Юрый Кавалёў, Людміла Хітрова, Марына Вежнавец, а таксама Таццяна Уласень, Вікторыя Трэнкіна, Уладзімір Руда, Аляксандр Місіюк, Дзяніс Шпак і інш.