Навiны

«Яўген Анегін». Прэм'ера оперы

 

 

Расказаць гледачам пушкінскую гісторыю, над якой не ўладны час, плануе каманда пастаноўшчыкаў: галоўны дырыжор, народны артыст Башкартастана А.Макараў, галоўны рэжысёр, уладальнік медаля Францыска Скарыны Г.Маторная, галоўны хормайстар, народная артыстка Беларусі Н.Ламановіч, артыст Расіі І.Колб, галоўны мастак Л.Сідзельнікава (сцэнаграфія, касцюмы), мастак Т.Лісавенка (касцюмы), мастак па святлу, заслужаны работнік культуры Расійскай Федэрацыі І.Вторнікава, мастак па камп'ютарнай графіцы В.Злотнікава.


Як прызнаецца Ганна Маторная, яна да гэтай оперы ішла больш за чвэрць стагоддзя. «Гэты геніяльны твор, - перакананая галоўны рэжысёр Вялікага тэатра Беларусі. - Чым далей па жыцці я іду з гэтым творам, тым больш апускаюся ў неверагодныя глыбіні - эмацыйныя, духоўныя, псіхалагічныя, інтанацыйныя, маральныя. З аднаго боку, гэта «энцыклапедыя рускага жыцця», з другога ж – гісторыя пра чалавека па-за часам… Чайкоўскі стварыў дзіўны твор, на які адгукаецца кожная часцінка душы сучаснага чалавека…»


Галоўныя партыі рыхтуюць як вядучыя салісты тэатра, так і маладыя артысты: Марта Данусевіч, Алена Золава, Анастасія Храпіцкая (Таццяна), Дар'я Гаражанка, Аксана Волкава (Вольга), Уладзімір Громаў, Дзяніс Янцэвіч (Яўген Анегін), Аляксандр Міхнюк, Юрый Гарадзецкі Іосіф Нікіценка (Ленскі), Андрэй Валенцій, Дзмітрый Капілаў, Уладзіслаў Зазулька (Грэмін), Кацярына Міхнавец, Аксана Якушэвіч, Вольга Маліноўская (Няня), Марыя Галкіна, Анастасія Малевіч, Ніна Шарубіна (Ларына) і інш.


Новая сцэнічная версія оперы рыхтуецца ў год 225-годдзя з дня нараджэння А.С. Пушкіна. Дарэчы, нельга не сказаць і яшчэ аб адной даце: з моманту першага паказу оперы ў 1879-м мінула 145 гадоў.


Нагадаем, гэтая пастаноўка стане восьмым увасабленнем оперы Чайкоўскага на сцэне Вялікага тэатра Беларусі. Да сачынення ў тэатры звярталіся, пачынаючы з 1933 года. Яшчэ не маючы ўласнага будынка, тэатр ставіў «Анегіна» ў 1933-м і 1936-м. «У спектаклі 1933г. пастаноўшчыкі імкнуліся да ўзнаўлення атмасферы пушкінскай эпохі, да тонкага і дэталёвага прачытання партытуры П.Чайкоўскага. У пастаноўцы 1936г. бліскучы выканальніцкі склад забяспечыў оперы вялікі поспех у слухачоў. Крытыка адзначала артыстычную здольнасць Л.Аляксандраўскай, якая ўвасобіла на сцэне вобраз Таццяны, трапяткой, далікатнай, і ў той жа час моцнай, глыбокай натуры. Запамінальная выява Ленскага стварыў І.Балоцін. Імпэтны юны летуценнік-паэт, чысты і наіўны, Ленскі ў трактоўцы І.Балоціна загадзя быў асуджаны на згубу ў душнай атмасферы ўмоўнасцяў і забабонаў. (У ваенным 1942-м опера была пастаўлена на сцэне ў г.Саратаве.) У пастаноўцы 1948г. сцэна дуэлі Анегіна і Ленскага была вырашана ў шэрых, графічных танах – у адрозненне ад яркіх дэкарацый у сцэне пецярбургскага балю, што падкрэслівала трагічнасць падзей. Пераканаўчыя вобразы былі створаны С.Друкер, І.Балоціным, Р.Кіндэль. (У 1954-м пастановачную групу ўзначаліла легендарны дырыжор Т.Каламійцава.) Пастаноўшчыкі спектакля 1986г. вызначылі вядучы "тон" оперы як "настальгію па няздзейсненым". Абноўленая версія пастаноўкі была прадстаўлена ў 2012-м. Рэдакцыя была ажыццёўлена з павагай да аўтарскіх рашэнняў, далікатным і асцярожным стаўленнем да партытуры кампазітара». (Па матэрыялах Вялікай энцыклапедыі Вялікага тэатра Беларусі, 2013г.)


Апошні паказ пастаноўкі оперы 2012 года "Яўген Анегін" прайшоў у красавіку 2024 г.


Прэм'ера новага прачытання геніяльнага твора адбудзецца 30 лістапада. Другі паказ пройдзе ў рамках Мінскага міжнароднага Каляднага опернага форуму - 12 снежня.

 

 

Партнёры