У перыяд З 1860 па 1870-я гады Джузэпэ Вердзі перажыў чараду смерцяў дарагіх яго сэрцу людзей. Памерлі адзін за адным яго бацька, блізкі сябар лібрэтыст Піавэ, геніяльны кампазітар Расіні. («Хоць мяне і не звязвала з ім вельмі цеснае сяброўства, я аплакваю разам з усімі страту гэтага вялікага артыста... У свеце згасла вялікае імя! Гэта імя самае папулярнае ў нашу эпоху, вядомасць самая шырокая, - і гэта была слава Італіі!» - пісаў Вердзі.) Падкасіла кампазітара і смерць пісьменніка Алесандра Мандзоні, якога Вердзі проста абагаўляў. Уласна, скон Мандзоні і паслужыў непасрэднай падставай для стварэння Рэквіема: «Я глыбока засмучаны смерцю нашага Вялікага Чалавека. Я прыеду наведаць яго магілу з тым, каб прапанаваць нешта, каб ушанаваць яго памяць». Гэтым грандыёзным помнікам стала памінальная імша, якую ўпершыню выканалі 22 мая 1874 года ў міланскім саборы святога Марка пад кіраваннем самога аўтара. Праз некалькі дзён Рэквіем быў паўтораны з велізарным поспехам у тэатры «Ла Скала»... «Дух пераможаны, але не зламаны...» - такая ідэя гэтай магутнай жалобнай імшы. Яна і прагучыць са сцэны Вялікага тэатра Беларусі 25 красавіка - у памяць аб Чарнобыльскай трагедыі. З таго чорнага для ўсёй Беларусі дня прайшло 35 гадоў...
- Кажуць, што Рэквіем - гэта 27-я опера Вердзі. І гэта сапраўды адзін з самых геніяльных яго твораў. Найбуйнейшыя тэатры свету абавязкова ў сваім рэпертуары беражліва яго захоўваюць. На нашай сцэне ўпершыню Рэквіем быў выкананы ў 1994 годзе, - успамінае галоўны хормайстар тэатра народная артыстка Беларусі Ніна Ламановіч. Менавіта Ніна Іосіфаўна і маэстра Анісімаў сталі ініцыятарамі таго, каб Рэквіем Вердзі з'явіўся ў Вялікім. - У гэтым годзе жалобная імша будзе гучаць у памяць аб трагедыі, якая адбылася ў Чарнобылі 35 гадоў таму, і ў 1994-м Рэквіем гучаў у памяць аб загінуўшых у той страшны для краіны дзень... Памятаю, мы яго спявалі ў велізарным Рымска-каталіцкім саборы (Кордаўскай мячэці) у прысутнасці кардыналаў. І пасля выканання да мяне падышоў ангелец, просты глядач, які прамовіў: «Слухаў Рэквіем ў самых розных краінах свету. Але толькі цяпер зразумеў, для каго Вердзі пісаў гэты твор. Для беларусаў». Гэтыя дарагія словы да гэтага часу ў маім сэрцы. Без лішняга пафасу скажу, што мы сапраўды спяваем Рэквіем па-іншаму, з унутраным запалам, эмацыйна-пранікнёна, з гарачай малітвай. Калі сяджу ў зале і слухаю - мароз па скуры... Вельмі люблю Рэквіем Вердзі і, вядома, чакаю, калі гэтая музыка зноў прагучыць у родным тэатры. Тым больш - з такім складам салістаў.
***
25 красавіка ў выкананні Рэквіема прымуць удзел салісты Кацярына Семянчук (мецца-сапрана), Надзея Кучар (сапрана), Аляксандр Рославец (бас) і Павел Пятроў (тэнар). Знамянальна, што ў гэты дзень на сцэну Вялікага выйдуць беларусы свету: спевакі, якія спяваюць на знакамітых тэатральных пляцоўках самых розных краін.
Надзея Кучар пасля заканчэння Мінскага музычнага вучылішча імя М.І. Глінкі паступіла ў Санкт-Пецярбургскую дзяржаўную кансерваторыю імя Н.А. Рымскага-Корсакава. У 2009 годзе Надзея дэбютавала ў пецярбургскім Міхайлаўскім тэатры. У 2010-м у Пекіне адбыўся яе першы сольны канцэрт. У 2012 годзе яна, салістка Пермскага акадэмічнага тэатра оперы і балета імя П.І. Чайкоўскага, удзельнічала ў шматлікіх праектах Тэадора Курэнтзіса. У 2014-м дэбютавала ў Дзяржаўным тэатры Сант'яга. У 2015 годзе ў Надзеі адбыліся некалькі замежных ангажэмент: у Вялікім тэатры Жэневы, на сцэне берлінскай Staatsoper im Schiller Theater. У красавіку 2020 года Кучар стала салісткай оперы Вялікага тэатра Беларусі. Надзея - лаўрэат расійскай Нацыянальнай тэатральнай прэміі «Залатая маска», пераможца шматлікіх вакальных конкурсаў.
Калі пра Надзею Кучар загаварыў увесь музычны свет у 2015-м, калі яна стала ўладальніцай Гран-пры конкурсу BBC ў Кардыфе "Спявак свету", Павел Пятроў падарваў інтэрнэт, калі стаў пераможцам «Апераліі» Пласіда Дамінга ў 2018-м. Беларускі тэнар саліст Вялікага тэатра цяпер таксама працуе ў Graz Opera (Аўстрыя). Але вучня прафесара П. Рыдзігера (Павел скончыў Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі) ведаюць вядучыя тэатры Расіі і Англіі, Аўстраліі і Ганконга, Швейцарыі і Італіі.
Прыма Марыінскага тэатра Кацярына Семянчук нарадзілася ў Мінску, скончыла Санкт-Пецярбургскую дзяржаўную кансерваторыю імя Н.А. Рымскага-Корсакава. А будучы ўдзельніцай Акадэміі маладых оперных спевакоў, дэбютавала на сцэне Марыінкі і прыняла ўдзел у гастрольных выступах трупы ў «Ла Скала» і ў Зальцбургу, стала фіналісткай конкурсу Operalia ў Лос-Анджэлесе, затым - фіналісткай конкурсу BBC ў Кардыфе "Спявак свету". Сёння Кацярына Семянчук выступае ў найбуйнейшых оперных тэатрах Еўропы і Амерыкі: «Ла Скала», Дзяржаўнай оперы Унтэр-дэн-Ліндэн у Берліне, у мадрыдскім тэатры «Рэал», у Парыжскай нацыянальнай оперы, Оперы Сан-Францыска і «Метрапалітэн». У сезоне 2019-2020 гадоў Семянчук дэбютавала ў Вялікім тэатры Расіі.
Берасцеец Аляксандр Рославец, цяпер - саліст Гамбургскай оперы, таксама скончыў Санкт-Пецярбургскую дзяржаўную кансерваторыю імя Н.А. Рымскага-Корсакава. За яго плячыма - перамогі на міжнародных конкурсах самага высокага ўзроўню. У 2018 годзе Рославец дэбютаваў у тэатры «Ла Скала» (Італія).
Для кожнага з салістаў гэта будзе першае выкананне Рэквіема Вердзі ў беларускім Вялікім. За дырыжорскім пультам - Дзмітрый Мацвіенка. Маэстра толькі ў гэтым сезоне стаў працаваць у тэатры, але яго ўжо палюбіла публіка, пра гэта красамоўна кажуць добрыя цёплыя словы, якія гучаць у яго адрас на самых розных інтэрнэт-форумах, прысвечаных музычнаму мастацтву.