Архiў навiн

ГЕРЦАГ З СЛАВАКІІ

22 верасня сапраўдны оперны хіт «Сэрца прыгажуні схільна да здрады...» (La Donna è Mobile...) прагучыць у выкананні Міхала Ляхоцкага. Славацкаму тэнару ў партыі Герцага з шэдэўра Вердзі «Рыгалета» апладзіравалі ў Венскай дзяржаўнай оперы. Цяперашняй восенню пашанцавала мінчанам: Ляхоцкі едзе ў беларускі Вялікі.

«Славацкі тэнар Міхал Ляхоцкі валодае дзіўнай сілы, драматызму і прыгажосці голасам, якому, здаецца, падуладна нават самая складаная па аб'ёме роля...»; «Моц яго голасу ў спалучэнні з вобразам (Атэла) неверагодна ўражваюць... Нейкая хімія, якая ўзнікае паміж Атэла і Дездемонай (опера Джузэпэ Вердзі), уражвае. Іх любоў здаецца настолькі сапраўднай, што ўжо ў першым дзеянні гледачы не могуць стрымаць слёз...»; «Славацкаму тэнару Міхалу Ляхоцкаму апладзіравалі за безаглядную гарачыню, з якой ён кінуўся ў бушуючае мора, пазначанае на карце “Сіцылійскай вячэрні” Вердзі як “партыя Арыга”…”

У тым, наколькі яркія вобразы стварае на сцэне Міхал Ляхоцкі і ці сапраўды ён валодае дзіўным па тэмбры і сіле голасам, сталічныя прыхільнікі опернага мастацтва змогуць пераканацца самі 22 верасня: славацкі тэнар выканае партыю Герцага Мантуанскага ў оперы Джузэпэ Вердзі «Рыгалета» на сцэне Вялікага тэатра Беларусі.

За 20 гадоў, што Міхал спявае на самых розных сцэнах свету, ён стварыў велізарную галерэю роляў: Радамэса ў «Аідзе», Ізмаіла ў «Набука» і Атэла ў аднайменнай оперы Джузэпэ Вердзі, Іржы ў «Якабінцах» Антаніна Дворжака, Хазэ ў «Кармэн»Жоржа Бізэ, Пінкертона у “Мадам Батэрфляй”, Каварадосі ў “Тосцы”, Рудольфа ў “Багеме»Джакама Пучыні, Самазванца ў “Барысе Гадунове” Мадэста Мусаргскага, Германа ў “Пікавай даме” Пятра Чайкоўскага і шмат іншых. Славацкі тэнар заўсёды жаданы госць самых знакамітых тэатраў. Ён выступаў у Венскай дзяржаўнай оперы, Нямецкай оперы ў Берліне, Будапешцкім дзяржаўным оперным тэатры, Браціслаўскай філармоніі, Нацыянальным тэатры ў Бухарэсце. Міхал - запрошаная зорка многіх найцікавых музычных фестываляў у Швецыі і Ірландыі, на Кіпры і ў Аўстрыі, у Кітаі і Японіі. Каля 10 гадоў спявак супрацоўнічаў з Пражскай дзяржаўнай операй і настолькі палюбіўся чэшскай публіцы, што за ролю Каніо ў «Паяцах» Руджеро Леонкавала ў 2008 годзе яго намінавалі на прэстыжную прэмію «Талія», якая ўручаецца лепшым прадстаўнікам чэшскай драмы, оперы, балета і аперэты.

Застаецца дадаць, што 22 верасня вядучыя партыі ў оперы Вердзі «Рыгалета» таксама выканаюць: народны артыст Беларусі Васіль Кавальчук (Граф Мантэронэ), заслужаныя артысты Рэспублікі Беларусь Уладзімір Громаў (Рыгалета), Алег Мельнікаў (Спарафучыле) і Аксана Якушэвіч (Мадалена), лаўрэаты міжнародных конкурсаў Таццяна Гаўрылава (Джыльда) і Наталля Акініна (ДжоДжавана). За дырыжорскім пультам – маэстра Віктар Пласкіна.

0
0
0
s2sdefault

Партнёры